ХА́ЙКІН Сямён Эмануілавіч (21.8.1901, Мінск — 30.7.1968),
расійскі фізік і радыёастраном; заснавальнік эксперым. радыёастраноміі ў СССР. Брат Б.Э.Хайкіна. Д-рфіз.-матэм.н., праф. (1935). Скончыў Маскоўскі ун-т (1928), дзе і працаваў у 1930—47 (у 1934—37 дэкан ф-та). З 1945 у Фіз. ін-це АНСССР (заг. лабараторыі). З 1953 кіраўнік аддзела радыёастраноміі ў Гал.астр. абсерваторыі АНСССР (г. Пулкава). Навук. працы па нелінейнай тэорыі ваганняў. тэорыі вязкасці і трэння, радыётэхніцы, радыёфізіцы, радыёастраноміі. Упершыню назіраў поўнае сонечнае зацьменне ў радыёдыяпазоне, разам з інш. адкрыў радыёвыпрамяненне сонечнай кароны (1947; зарэгістравана як адкрыццё ў 1970). Вынайшаў і пабудаваў новы тып радыётэлескопа (з антэнай пераменнага профілю, 1956). Кіраваў стварэннем першай у СССР радыёастр. станцыі (1948—49, Крым), праектаваннем радыётэлескопа РАТАН-600. Залаты медаль імя А.С.Папова АНСССР (1965).
Тв.:
Электромагнитные колебания и волны. 2 изд. М.; Л., 1964;
Силы инерции и невесомость. М., 1967;
Физические основы механики. 2 изд. М., 1971;
Теория колебаний. 2 изд. М., 1981 (разам з А.А.Андронавым. А.А.Вітам).
Літ.:
С.Э.Хайкин // Успехи физ. наук. 1969. Т. 97, вып. 2;
Кайдановский Н.Л. Профессор С.Э.Хайкин. 1901—1968. СПб., 1995.