ХА́БАРНІЦТВА,

атрыманне службовай асобай матэрыяльных каштоўнасцей ці матэрыяльных даброт за ажыццяўленне (або неажыццяўленне) у інтарэсах хабарадавальніка дзеянняў, якія ўваходзяць у кампетэнцыю службовай асобы. КК Рэспублікі Беларусь устанаўлівае адказнасць за атрыманне і дачу хабару і за пасрэдніцтва ў Х. Меры пакарання за Х.: арышт, абмежаванне свабоды на пэўныя тэрміны або пазбаўленне волі да 6 гадоў з канфіскацыяй маёмасці і з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады ці займацца пэўнай дзейнасцю (для хабарніка); штраф, папраўчыя работы, арышт або абмежаванне свабоды на пэўны тэрмін ці пазбаўленне волі да 3 гадоў (для хабарадавальніка). Абцяжваючымі акалічнасцямі для адказнасці хабарніка з’яўляюцца паўторнасць яго дзеянняў, вымаганне хабару, буйны памер хабару, ранейшая судзімасць за Х., адказнае становішча хабарніка і інш. (пазбаўленне волі можа быць павялічана да 15 гадоў з канфіскацыяй маёмасці). Паўторнасць дачы хабару, ранейшая судзімасць за Х. узмацняюць адказнасць і хабарадавальніка (пазбаўленне волі ад 3 да 7 гадоў з магчымай канфіскацыяй маёмасці). Пасрэдніцтва ў Х. караецца штрафам, арыштам. абмежаваннем свабоды, а пры абцяжваючых акалічнасцях — пазбаўленнем волі ад 3 да 7 гадоў.

Э.​Л.​Кузьмянкова.

т. 16, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)