«ХАПА́НКА»,

бел. нар. гульня. На зямлі (падлозе) чэрцяць круг — «гняздо», абапал яго на адлегласці — 2 паралельныя лініі. Гульцы (10—20 чал.) выбіраюць вядучага і 2 «капітанаў», дзеляцца на пары, якія ў «гняздо» кладуць адзін невял. прадмет (шышку, мячык, хустку. шапку і інш.) і, надаўшы адзін аднаму якія-небудзь імёны, паведамляюць іх «капітанам». «Капітаны» па чарзе выбіраюць сабе гульцоў. Каманды выстройваюцца на процілеглых лініях. Вядучы называе адзін з прадметаў з «гнязда». Гульцы каманды, што паклалі гэты прадмет, бягуць да «гнязда». Хто першы схапіў прадмет, уцякае за сваю лінію. Гулец другой каманды спрабуе яго дагнаць. Калі гэта яму ўдаецца, прадмет вяртаецца ў «гняздо». Выйграе каманда, гульцы якой забяруць большую колькасць прадметаў.

Я.​Р.​Вількін.

т. 16, с. 541

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)