ХАРЧПАДА́ТАК, харчовы падатак,

цвёрда фіксаваны (20% чыстага прадукту сял. працы, потым 10% ураджаю) натуральны сял. падатак на хлеб, бульбу, алейнае насенне, мяса, яйкі, масла, воўну і інш. прадукты земляробства і жывёлагадоўлі, уведзены дэкрэтам ВЦВК РСФСР ад 11.3.1921 замест харчразвёрсткі. Неўзабаве быў уведзены і ў БССР. Бяднейшыя сяляне (менш за 1 дзес. ворнай зямлі) вызваляліся ад яго поўнасцю, калект. гаспадаркі мелі падатковыя льготы. Увядзенне Х. ў загадзя вызначаным памеры (меншым за харчразвёрстку) стварала ў сялян матэрыяльныя стымулы для паляпшэння земляробства і павелічэння вытв-сці с.-г. прадуктаў. Значна пашырыліся пасяўныя плошчы збожжавых і бульбы. Дэкрэт ВЦВК і СНК СССР ад 10.5.1923 увёў адзіны с.-г. падатак, які павінен быў забяспечыць абкладанне кожнай сял. гаспадаркі з улікам памераў яе даходаў, колькасці зямлі, свойскай жывёлы і інш. Сяляне павінны былі плаціць падатак 15 ліст. і 15 студз. кожнага года. З 1924 збіраўся толькі грашовы падатак (да 5% даходаў сял. двара).

А.​В.​Юнцэвіч.

т. 16, с. 555

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)