ХА́РША, Харшавадхана,

правіцель у Паўн. Індыі ў 606 — каля 646/647. З роду Пушпабхуці. Яго спадчынныя ўладанні былі ў верхняй ч. даліны Джамны, Усх. Пенджаба і Раджпутаны; сталіца — г. Стханешвара. Х. адваяваў у бенгальскага правіцеля Шашанкі і Гуптаў Малвы тэр. захопленай імі дзяржавы Маўкхарыяў і далучыў іх да свайго княства. Новай сталіцай зрабіў г. Канаудж. Падпарадкаваў частку Малвы, Бенгалію і Арысу (да 643), стварыў імперыю, роўную па велічыні Гуптаў дзяржаве. Краіна Х. складалася з вял. колькасці васальных княстваў і распалася пасля яго смерці.

т. 16, с. 555

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)