ХАРЧРАЗВЁРСТКА, харчовая развёрстка,

сістэма нарыхтовак с.-г. прадуктаў у Сав. Расіі ў перыяд грамадзянскай вайны і ваеннай інтэрвенцыі 1918—22, ч. палітыкі «ваеннага камунізму» і адна з праяў харчовай дыктатуры. Выклікана неабходнасцю забяспечваць харчаваннем прамысл. цэнтры і Чырв. Армію ва ўмовах харч. крызісу і нежадання сялян добраахвотна прадаваць хлеб па цвёрдых (фіксаваных) цэнах за грошы, абясцэненыя інфляцыяй. Ажыццяўлялася з 2-й пал. 1918 у Вяцкай, Калужскай, Тульскай, Віцебскай губ., дэкрэтам СНК ад 11.1.1919 пашырана на інш. губерні. Яе правядзенне ўскладалася на харчкамы, харчармію, харчатрады і мясц. Саветы. Паводле Х. сялян абавязвалі здаваць дзяржаве ўсе лішкі хлеба і інш. прадуктаў па цвёрдых цэнах. Фактычна ўлады забіралі ў сялян і ч. неабходнага ім харчу. У большасці выпадкаў харчы забіралі бясплатна (пазычалі) або за абясцэненыя папяровыя грошы. Такія рэквізіцыі побач з недахопам прамысл. тавараў шырокага ўжытку выклікалі масавую незадаволенасць сялян і іх выступленні супраць сав. улады. Нягледзячы на спробы ўлад ускласці ўвесь цяжар Х. на заможных сялян, б.ч. збожжа давалі найб. шматлікія серадняцкія гаспадаркі. Такія сілавыя метады нарыхтоўкі вялі да ўтойвання збожжа і скарачэння пасяўных плошчаў. З 1916 пасяўныя плошчы на Беларусі скараціліся на 36,5%, а ў асобных паветах Гомельскай губ. — на 51%. Пасля заканчэння грамадз. вайны захаванне Х. выклікала ўзмацненне супраціўлення сялян, абвастрыла паліт. становішча. У сак. 1921 Х. заменена харчпадаткам.

Літ.:

Гимпельсон Е.Г. «Военный коммунизм»: политика, практика, идеология. М., 1973;

Кабанов В.В. Крестьянское хозяйство в условиях «военного коммунизма». М., 1988;

Павлюченков С.А. Крестьянский Брест, или Предыстория большевистского нэпа. М., 1996.

А.​В.​Юнцэвіч.

т. 16, с. 555

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)