ХАРЫДЖЫ́ТЫ (ад араб. хаварыдж, літаральна — тыя, што выйшлі),
прыхільнікі радыкальнай секты ў ісламе, што ўтварылася ў 7 ст. ў ходзе барацьбы за ўладу ў араб. Халіфаце паміж прыхільнікамі Алі ібн Абі Таліба і Муавіі I. У бітве пры, Сіфыне (657) Алі пагадзіўся на трацейскі суд. Тады 12 тыс. яго воінаў у знак пратэсту пакінулі лагер («выйшлі») і паклалі пачатак секце Х., якая потым ваявала і з Алі (забіты ў 661) і з Муавіяй. Х. выступалі супраць сунізму і шыізму, за роўнасць усіх мусульман, выбарнасць імама-халіфа ў кожнай абшчыне, за строгае выкананне рэліг. прадпісанняў, вызначаліся асаблівым фанатызмам і нецярпімасцю да інш. поглядаў. У канцы 7 ст. склалася некалькі груповак Х., якія наз. па імёнах іх першых правадыроў — азракіты, ібадыты, суфрыты і інш. У наш час абшчыны Х. (пераважна ібадытаў) існуюць у Амане, дзе іх вучэнне з’яўляецца афіц. ідэалогіяй, Танзаніі, краінах Паўн. Афрыкі.
т. 16, с. 555
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)