ХАРЫЁН (ад грэч. chorion скурка, абалонка, паслед),

варсінчатая абалонка, 1) вонкавая зародкавая абалонка, якая ўтвараецца на ранніх стадыях індывід. развіцця (з гаструляцыі) у птушак, паўзуноў, млекакормячых жывёл і чалавека. Служыць для атрымання кіслароду, у млекакормячых для выдалення прадуктаў метабалізму і вуглякіслага газу. У зародкаў млекакормячых жывёл і чалавека адрозніваюць варсінчаты і гладкі Х., што ўзаемадзейнічаюць з асн. капсулярнай абалонкай слізістай маткі; звонку Х. укрыты варсінкамі, якія ўрастаюць у слізістую абалонку маткі і ўтвараюць плодную ч. плацэнты. З надыходам плацэнтацыі Х. набывае рысы структурна-функцыян. арг-цыі, уласцівай пэўнай форме плацэнты. У птушак і рэптылій шчыльна прылягае да шкарлупіны (дае магчымасць абмену паміж яйцом і вонкавым асяроддзем).

2) Другасная яйцавая абалонка зародкаў у беспазваночных і некат. ніжэйшых пазваночных жывёл.

А.​С.​Леанцюк.

т. 16, с. 555

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)