ХА́РЫК Ізі (Ісак Давыдавіч; 17.3.1898, в. Зембін Барысаўскага р-на Мінскай вобл. — 29.10.1937),
яўрэйскі паэт. Чл.-кар. АН Беларусі (1936). Вучыўся ў Вышэйшым літ.-маст. ін-це імя В.Брусава (1922—26), скончыў Маскоўскі ун-т (1927). У 1928—37 працаваў у час. «Штэрн» («Зорка», Мінск). Рэпрэсіраваны, расстраляны. Рэабілітаваны ў 1956. Літ. дзейнасць пачаў у 1920. Пісаў на яўр. (ідыш), бел. і рус. мовах. Тэматыка і пафас яго вершаў і паэм звязаны з рэчаіснасцю 1920—30-х г. Аўтар кн. вершаў «Трапятанне» (1922), паэм «Мінскія балоты» (1924), «Катрынка», «Хлеб» (абедзве 1925), «Адданасць» (1927), «Круглыя тыдні» (1932) і інш. Гіст. паэма «На чужым балі» (1936) пра нар. музыку. У творах выкарыстоўваў бел. фальклор. Перакладаў на яўр. мову з бел. творы Я.Коласа, М.Чарота. На бел. мову яго асобныя творы пераклалі А.Александровіч, П.Броўка, З.Бядуля, А.Дудар, А.Куляшоў, І.Плаўнік, М.Танк, М.Хведаровіч і інш. Некат. яго вершы пакладзены на музыку.
Тв.:
Бел. пер. — Выбр. творы. Мн., 1958;
Выбранае. Мн., 1969;
Рус. пер. — Стихи и поэмы. М., 1958;
От полюса к полюсу. М., 1971.
т. 16, с. 555
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)