БАНКРУ́ЦТВА
(італьян. bancarotta літар. зламаная лаўка),
няздольнасць кампаніі, прадпрыемства ці прадпрымальніка плаціць крэдыторам па сваіх даўгавых абавязацельствах. Рашэнне аб банкруцтве прымае суд па просьбе саміх юрыд. ці фіз. асоб (добраахвотная ліквідацыя) або па патрабаванні крэдытораў (прымусовая ліквідацыя). Пасля суд. рашэння банкрут спыняе эканам. дзейнасць, а яго маёмасць прадаецца для выплаты даўгоў. Пагашаць даўгі можа і калектыў прадпрыемства-банкрута, у гэтым выпадку маёмасць прадпрыемства пераходзіць у калект. ўласнасць яго работнікаў.
т. 2, с. 282
БАНКС
(Banks),
востраў на З Канадскага Арктычнага архіпелага, тэр. Канады. Пл. 64 тыс. км². Паверхня — раўніны і плато выш. да 762 м. Клімат субарктычны. Тундравая расліннасць. Населены пункт — Сакс-Харбар.
т. 2, с. 282
БАНКС
(Banks),
група вулканічных астравоў на ПдЗ Ціхага ак., паміж а-вамі Санта-Крус і Новымі Гебрыдамі. Уваходзіць у склад дзяржавы Вануату. Пл. каля 800 км². Клімат гарачы і вільготны. Трапічная расліннасць.
т. 2, с. 282
БАНКУ́ЗАЎ Анатоль Іванавіч
(15.1.1921, в. Мхінічы Краснапольскага р-на Магілёўскай вобласці — 23.5.1980),
Герой Сав. Саюза (1945), ген.-м. (1953). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1947). У Чырв. Арміі з 1938. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Карэльскім, Зах., Бранскім, Калінінскім, 2-м і 1-м Прыбалтыйскіх, 3-м Бел. франтах: камандзір узвода, роты, нач. штаба, камандзір палка. Полк пад яго камандаваннем вызначыўся ў крас. 1945 у баі за крэпасць і ваенна-марскую базу Пілау (г. Балтыйск, Калінінградская вобл.). Да 1962 у Сав. Арміі.
т. 2, с. 282
БА́НКЯ,
бальнеакліматычны курорт у Балгарыі. За 17 км ад Сафіі, на схілах гор Люлін. Развіваецца з пач. 20 ст. Клімат умерана кантынентальны, з мяккай зімой, працяглым сонечным летам. Крыніцы мінер. водаў рознага саставу, у тым ліку радонавых і тэрмальных. Акрамя сардэчна-сасудзістых лечаць хваробы гінекалагічныя і апорна-рухальнага апарату. Санаторыі, дамы адпачынку, гасцініцы, кемпінгі. База Сусветнай арг-цыі аховы здароўя для ўдасканалення мед. кадраў краін Паўд.-Усх. Еўропы па праблемах рэабілітацыі пры сардэчна-сасудзістых захворваннях.
т. 2, с. 282
БАНК ДА́НЫХ,
сукупнасць базаў даных, а таксама праграмных моўных і інш. сродкаў, прызначаных для цэнтралізаванага назапашвання і выкарыстання інфармацыі з дапамогай ЭВМ. Напрыклад, база даных для абслугоўвання аўтаматызаванай сістэмы кіравання прадпрыемствам уключае інфармацыю пра персанал, абсталяванне, матэрыялы, паўфабрыкаты і інш., а таксама распараджальную дакументацыю, нарматывы, стандарты і інш. звесткі і дакументы.
т. 2, с. 281
БАНК МІЖНАРО́ДНЫХ РАЗЛІ́КАЎ
(Bank for International Settlements; БМР),
міжнароднае акцыянернае таварыства. Створана ў 1930. Члены — цэнтр. банкі 30 еўрап. краін, а таксама Аўстраліі, ЗША, Канады, ЮАР, Японіі. Вышэйшы орган — агульны сход кіраўнікоў банкаў. Месца знаходжання — Базель (Швейцарыя). Мэта: спрыяць супрацоўніцтву паміж цэнтр. банкамі і забяспечваць дадатковыя спрыяльныя ўмовы для міжнар. разлікаў. Праводзіць крэдытныя, валютныя і арбітражныя аперацыі з цэнтр. банкамі і міжнар. эканам. Арг-цыямі, з 1986 і міжнар. клірынгавыя разлікі ў ЭКЮ. З’яўляецца дапаможным еўрап. органам Міжнар. валютнага фонду і Міжнар. банка рэканструкцыі і развіцця.
т. 2, с. 281
БАНО́ЛЬДЗІ Джузепе Ахіла Эльміра
(1821, Барселона — 1871),
удзельнік паўстання 1863—64 на Беларусі і ў Літве, грамадскі дзеяч, спявак, танцмайстар. Італьянец па паходжанні. З 1842 жыў у Вільні. Быў настаўнікам спеваў у Дваранскім ін-це, выступаў як спявак. Наведваў з канцэртамі Мінск, Віцебск, інш. гарады Беларусі. У 1862 разам з К.Каліноўскім увайшоў у Літоўскі правінцыяльны камітэт, рыхтаваў падп. выданні. У лют. 1863 высланы ўладамі (паводле іншых звестак уцёк) за мяжу, дзе закупляў зброю для паўстанцаў. Удзельнік Парыжскай камуны 1871, капітан, камандзір эскадрона ў злучэннях В.Урублеўскага. Памёр ад ран.
т. 2, с. 282
БАНСА́Й
(яп. літар. дрэва, якое расце на падносе),
японскае мастацтва вырошчвання карлікавых дрэў (і самі дрэвы) у вазонах абмежаваннем іх росту (пры захаванні ўсіх асаблівасцяў і прапорцый).
т. 2, с. 282
БА́НСКА-БІ́СТРЫЦА
(Banska Bystrica),
горад у Славакіі, на р. Грон. Адм. ц. Сярэднеславацкай вобласці. 84 тыс. ж. (1995). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Машынабудаванне, каляровая металургія, дрэваапр., тэкст., цэм., харч. прам-сць. 2 ВНУ. Тэатр, музеі. Арх. помнікі 13—19 ст. Вядомая з 13 ст. У 2-ю сусв. вайну цэнтр Славацкага нацыянальнага паўстання 1944.
т. 2, с. 282