Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БАЛКА́НСКІ ПАЎВО́СТРАЎ,

паўвостраў на ПдУ Еўропы. Пл. 505 тыс. км². Працягласць з Пн на Пд каля 950 км, з З на У да 1260 км. Паўночная ўмоўная мяжа праходзіць ад Трыесцкага зал. да р. Сава і далей па Дунаі да яго вусця. Абмываецца з З Адрыятычным і Іанічным морамі, з У — Чорным, Мармуровым, Эгейскім морамі. Берагі моцна парэзаны бухтамі і залівамі, на Пд і ПдУ шмат астравоў. Большую ч. тэрыторыі займаюць нізкія і сярэднія горы — Дынарскае нагор’е, Пінд, Сербскае нагор’е, Стара-Планіна, Радопы і інш., найб. выш. 2925 м (г. Мусала, у гарах Рыла). Раўніны размешчаны на Пн (паўд. часткі Сярэднедунайскай і Ніжнедунайскай раўнін), у міжгорных паніжэннях (Верхнефракійская, Фесалійская нізіны і інш.), месцамі ўздоўж узбярэжжаў. Частыя землетрасенні. Карысныя выкапні: каменны вугаль, медныя, алавяныя, жал. руды, нафта, ртуць, баксіты і інш. Клімат субтрапічны міжземнаморскі на ўзбярэжжах, умерана кантынентальны на Пн, ва ўнутр. раёнах і У, высакагорны ў гарах. Найб. колькасць ападкаў на зах. схілах Дынарскага нагор’я (да 5000 мм у раёне Котарскай бухты). Рэкі: Дунай з Савай і Маравай, Марыца, Струма і інш. Самыя вял. азёры — Скадарскае, Ахрыдскае, Прэспа. Шмат карставых азёраў. Расліннасць на З і Пд міжземнаморскага тыпу (вечназялёныя лясы і ксерафітныя цвердалістыя хмызнякі тыпу маквіс, жыбля-фрыгана і інш.). На Пн і У у гарах вышэй за 400—500 м шыракалістыя і хваёвыя лясы і лістападныя хмызнякі. Раўніны ўзараныя. Жывёльны свет: дзік, высакародны алень, казуля, мядзведзь, ліс, выдра; ёсць паўзуны — яшчаркі, змеі, чарапахі; шмат птушак. На Балканскім паўвостраве дзяржавы: Балгарыя, Славенія, Харватыя, Боснія і Герцагавіна, Македонія, Югаславія, Албанія, б. ч. Грэцыі, часткі Румыніі і Турцыі.

т. 2, с. 255

БАЛКА́НСКІ САЮ́З 1912,

ваенна-паліт. саюз Балгарыі, Сербіі, Грэцыі і Чарнагорыі супраць Турцыі і Аўстра-Венгрыі. Ствараўся пры падтрымцы Расіі. Напачатку саюз заключаны паміж Сербіяй і Балгарыяй, потым да яго далучыліся Грэцыя і Чарнагорыя. Меў на мэце падзел еўрап. уладанняў Турцыі. У кастр. 1912 дзяржавы Балканскага саюзу пачалі вайну з Турцыяй і перамаглі. Спрэчкі вакол падзелу заваяваных тэрыторый выклікалі вайну паміж Балгарыяй, Сербіяй і Грэцыяй (гл. Балканскія войны 1912—13) і распад саюза летам 1913.

т. 2, с. 255

БАЛКА́РЦЫ

(саманазва таулу, малкарлы),

народ у Кабардзіна-Балкарыі. 51,4 тыс. чал.; усяго ў б. СССР 66 тыс. чал. (1979). Гавораць на балкарскай мове. Вернікі — мусульмане-суніты.

т. 2, с. 256

БАЛКО́Н

(італьян. balcone ад позналац. balcus бэлька),

канструкцыйны элемент пабудовы і маст. афармлення фасадаў будынкаў; агароджаная (кратамі, балюстрадай, парапетам) пляцоўка на кансольных бэльках, якая выступае са сцяны, або пліта (пераважна жалезабетонная) на фасадзе ці ў інтэр’еры (напр., у тэатры). Сустракаецца тып балкона без вынасу (т.зв. «французскі балкон»), які робіцца ў праёме балконных дзвярэй. Балкон як элемент пабудовы ўзнік на Усходзе. У Еўропе з’явіўся ў сярэднія вякі ў абарончым (машыкулі) і культавым (амбон) дойлідстве.

т. 2, с. 256

БАЛНІ́СКІ СІЁН,

храм, помнік грузінскага культавага дойлідства ранняга сярэднявечча. Пабудаваны ў 478—493 каля г. Балнісі. Велічная ўнутраная прастора храма падзелена 2 радамі слупоў, злучаных падковападобнымі аркамі, на 3 нефы, якія накрыты агульным 2-схільным дахам. Капітэлі ўпрыгожаны разнымі геам. ўзорамі з выявамі раслін і жывёл. З Пд — 2-апсіднае памяшканне і адкрыты порцік, з Пн — адкрытая галерэя. Побач з Балніскім Сіёнам званіца 17 ст.

т. 2, с. 256

БАЛО́ДЫС

(Balodis) Карл (20.6.1864, Білсцінёс, Латвія — 13.1.1931),

латышскі вучоны-эканаміст і статыстык. Вучыўся ў Дэрпцкім (Тартускім) ун-це (1884—87), у Германіі (1895—99). З 1905 праф. Берлінскага ун-та. Апублікаваў працы «Смяротнасць, узроставы склад і даўгавечнасць праваслаўнага народанасельніцтва абодвух полаў у Расіі за 1851—1890 гг.» (1897, разам з Л.Бесер), «Дзяржава будучага» (1898). У апошняй з дапамогай статыстыкі імкнуўся даказаць магчымасць пабудовы сацыяліст. грамадства ў Германіі мірным (нерэвалюцыйным) шляхам. У 1-ю сусв. вайну саветнік ваен. мін-ва Германіі, па заданні якога распрацаваў сістэму харч. картак. У 1919 вярнуўся ў Латвію, праф. Рыжскага ун-та.

т. 2, с. 256

БАЛО́ЙСА,

возера ў Беларусі, у Браслаўскім раёне Віцебскай вобл., у бас. р. Друйка, за 2,5 км на ПнУ ад г. Браслаў. Уваходзіць у Браслаўскую групу азёраў. Пл. 1,39 км², даўж. 2,06 км, найб. шыр. 1,02 км, найб. глыб. 15,6 м, даўж. берагавой лініі 5,8 км. Пл. вадазбору 3 км².

Схілы катлавіны невысокія, спадзістыя, паўд.-ўсх. пад хмызняком, зах. і паўд.-зах. разараныя. Берагі нізкія, пясчаныя, на У гліністыя, месцамі забалочаныя і парослыя хмызняком. Мелкаводдзе пясчанае, на З і У месцамі пясчана-галечнае. Найб. глыбокія часткі дна возера высланы крэменязёмістымі сапрапелямі. 3 невял. астравы. Зарастае да глыб. 5 м. Надводная расліннасць утварае паласу шыр. да 100 м. Злучана пратокай з воз. Струста.

т. 2, с. 256

БАЛО́МЕТР

(ад грэч. bolē прамень + ...метр),

прылада для вымярэння энергіі эл.-магн. выпрамянення. Асн. частка — тэрмаадчувальны элемент, эл. супраціўленне якога мяняецца пад уздзеяннем выпрамянення.

Бываюць балометры металічныя (тонкія чэрненыя метал. плёнкі), паўправадніковыя (гл. Тэрмарэзістар) і дыэлектрычныя (слаі сегнетаэлектрыкаў або аксідаў тытану ці крэмнію). Створаны звышправодныя балометры. Памеры і формы адчувальнага элемента вызначаюцца прыродай крыніцы выпрамянення; для спектральных вымярэнняў вырабляецца з 2 аднолькавых палосак (выпрамяненне накіроўваецца толькі на адну). Выкарыстоўваюцца балометры ў інфрачырв. спектраметрыі, радыё- і піраметрыі.

т. 2, с. 256

БАЛО́НАЎКА,

рака ў Беларусі, у Быхаўскім раёне Магілёўскай вобл., у бас. Дняпра. Даўж. 24 км. Пл. вадазбору 113 км². Пачынаецца за 2,2 км на Пн ад в. Кучын, упадае ў Чыгірынскае вадасх. Ад вытоку на 10,8 км каналізаваная.

т. 2, с. 256

БАЛО́НКІ,

група парод дробных даўгашэрсных дэкар. сабак. Выведзены ў г. Балоння (Італія). У свеце больш вядомыя пад назвай бішоны: вялікі, гаванскі, бішон-фрыз, бішон-ліо і інш. Гадуюцца сабакаводамі-аматарамі ўсюды.

Найб. пашыраны балонкі: мальтыйская (балонскі бішон), выш. ў карку 20—25 см пры масе 3—4 кг (іншы раз да 5 кг), поўсць белая, прамая, шаўкавістая, тонкая; французская (бішон-фрыз), выш. ў карку 20—26 см, поўсць белая, доўгая, мяккая, хвалепадобная або кучаравая з густым падшэрсткам. Ва ўсіх балонак морда карацейшая за чэрап, вушы віслыя, на храстку, канстытуцыя сухая, мускулістая. Сабакі разумныя, рухавыя, даўгавечныя. Гадуюць таксама каляровых балонак, выведзеных у 1950-я г. ў Ленінградзе скрыжаваннем з пекінесамі і тыбецкімі тэр’ерамі, ад якіх яны атрымалі ў спадчыну масць розных адценняў, больш расцягнутае тулава і вышыню да 28 см.

Э.Р.Самусенка.

т. 2, с. 256