БА́НКА
(галанд. bank),
водмель, утвораная мясц. падняццем марскога ці акіянскага дна. Бываюць наноснага, вулканічнага, тэктанічнага, каралавага паходжання, часам гэта астаткавы рэльеф сушы пры трансгрэсіі мора. Пясчаныя наносныя банкі пад уплывам цячэнняў могуць мяняць свае абрысы і месцазнаходжанне. Многія банкі з’яўляюцца раёнамі рыбнага промыслу (Ньюфаўндлендская банка ў Атлантычным ак., Догер-банка ў Паўночным м.). Небяспечныя для суднаходства.
т. 2, с. 281
БА́НКАЎСКІЯ АПЕРА́ЦЫІ,
аперацыі, што ажыццяўляюць банкі пры выкананні сваіх функцый. Бываюць пасіўныя (па фарміраванні рэсурсаў банка), актыўныя (па размяшчэнні гэтых рэсурсаў) і пасрэдніцкія (камісійныя).
Найб. пашыраныя з банкаўскіх аперацый: дэпазітныя (па залучэнні грашовых сродкаў ва ўклады ў банк ці пераводзе наяўных сродкаў банка ва ўклады ў інш. банках), крэдытныя (па прадастаўленні крэдыторам пазыкі пазычальніку), разліковыя (паслугі па разліках, пераводах па даручэнні кліента, афармленні плацежных дакументаў, выпісак з рахункаў і інш.), валютныя (па афармленні здзелак з валютнымі каштоўнасцямі), эмісійна-касавыя (звязаныя з выпускам грошай, каштоўных папераў, арганізацыяй іх абарачэння, выдачай і прыёмам наяўных грошай), фондавыя (аперацыі з каштоўнымі паперамі), факторынгавыя (па набыцці грашовых запатрабаванняў, перадачы права банку на спагнанне даўгоў з плацельшчыка), траставыя, ці даверныя (па распараджэнні маёмасцю або грашовымі сродкамі кліента паводле яго даручэння), інвестыцыйныя (па доўгачасовым крэдытаванні прадпрыемстваў і насельніцтва, укладванні сродкаў у каштоўныя паперы, удзел у інвестыцыйнай дзейнасці юрыдычных асоб у ролі інвестараў, укладчыкаў, крэдытораў), лізінгавыя (калі банк выступае арэндадаўцам ці пасрэднікам паміж арэндадаўцам і арандатарам, крэдытуе лізінгадаўцу і выступае гарантам здзелкі), залогавыя (па крэдытаванні пад залог рухомай і нерухомай маёмасці, каштоўных папераў), міжбанкаўскія (аперацыі на дагаворнай аснове паміж банкамі).
Г.І.Краўцова.
т. 2, с. 282
БА́НКАЎСКІ БІЛЕ́Т,
банкнота, крэдытны грашовы знак, што выпускаецца эмісійным банкам наўзамен метал. грошай. З’явіліся з развіццём крэдытных адносін, асабліва пашырыліся ў 17 ст. Банкаўскі білет — даўгавое абавязацельства яго ўладальніка, на якое можна набыць любы тавар (паслугі). Напачатку такім даўгавым абавязацельствам быў вэксаль, на змену якому прыйшлі банкаўскія білеты. У 18—19 ст. яны свабодна абменьваліся на золата. З 1920-х г. у большасці краін (за выключэннем Швейцарыі) залатое забеспячэнне банкнотаў не прадугледжана. І хоць эмісійныя банкі працягваюць выпуск банкаўскіх білетаў, яны сталі аднолькавым плацежным і разліковым сродкам нараўне з грашовымі знакамі. Усе разліковыя білеты, што выпускае Нац. банк Рэспублікі Беларусь, з’яўляюцца яго банкаўскімі білетамі.
В.Ф.Дашкевіч.
т. 2, с. 281
«БА́НКАЎСКІ ВЕ́СНІК»,
інфармацыйнае выданне Нац. банка Рэспублікі Беларусь. Выходзіць з крас. 1992 у Мінску на бел. і рус. мовах. Публікуе законы, пастановы, указы і інш. дакументы Прэзідэнта, Вярх. Савета і Кабінета Міністраў Беларусі, нарматыўныя акты Нац. банка па пытаннях фінансава-банкаўскай дзейнасці, агляды, кансультацыі спецыялістаў і інш.
т. 2, с. 281
БА́НКАЎСКІ КАПІТА́Л,
сканцэнтраваныя ў банкаўскай сістэме рэсурсы, прызначаныя для выканання крэдытна-разліковых і інш. аперацый і атрымання прыбытку. Складаецца з уласнага капіталу банка (статутны, падпісны, аплачаны і рэзервовы) і чужога (найперш з укладаў). Паводле рэчавага складу ён падзяляецца на наяўныя грошы, каштоўныя паперы ў выглядзе гандл. вэксаляў і публічныя каштоўныя паперы (дзярж. аблігацыі, казначэйскія вэксалі, акцыі, іпатэкі). Наяўныя грашовыя сродкі банкі ўкладваюць у банкаўскія будынкі і іх абсталяванне, у зямельныя ўчасткі і г.д., выкарыстоўваюць на выдачу доўгатэрміновых крэдытаў, куплю каштоўных папераў, нерухомасці. Але большая частка банкаўскага капіталу — фіктыўны капітал у форме публічных каштоўных папераў, якія не маюць вартасці і толькі сведчаць аб праве іх уладальніка на атрыманне часткі нац. даходу. Іх можна прадаць на фін. рынку па больш высокай цане (курсе) і атрымаць наяўных грошай больш, чым кошт гэтых папераў. Таму маса банкаўскага капіталу павялічваецца найперш па законах фін. рынку (а не таварнага), што вядзе да адрыву руху банкаўскага капіталу ад руху прамысл. капіталу і да банкруцтва слабых банкаў.
Велічыня банкаўскага капіталу ў сучасны перыяд вымяраецца з дапамогай грашовых агрэгатаў — спецыфічных груповак ліквідных актываў. У мінулым стабільнасць банкаў вызначалася сумай наяўных грошай і чэкавых укладаў, а з пач. 1980-х г. — яшчэ і сумай укладаў на бясчэкавых рахунках і дробных тэрміновых укладаў. Вышэйшая форма канцэнтрацыі і цэнтралізацыі банкаўскага капіталу — транснац. банкаўскі капітал.
Т.І.Адамовіч.
т. 2, с. 281
БАНКЕ́Т
(франц. banquet),
урачысты абед ці вячэра з нагоды чаго-н. або ў гонар каго-н.
т. 2, с. 282
БАНКЕ́Т (ад франц. banquette лаўка) у тэхніцы, 1) невысокі земляны вал уздоўж верхняга краю дарожнай выемкі, які ахоўвае яе ад пашкоджання вадой.
2) Насып з друзу і камянёў, што ахоўвае берагі рэк і вадаёмаў ад размывання ці павышае ўстойлівасць стромкіх схілаў.
3) Узвышэнне або пляцоўка на судне для ўстаноўкі компасаў, дальнамераў і інш.
т. 2, с. 282
БАНКІ́РСКІ ДОМ,
прыватнае банкаўскае прадпрыемства асобнага банкіра ці групы банкіраў (партнёраў), аб’яднаных у т-ва з неабмежаванай адказнасцю. Узніклі ў 14 ст. ў Італіі як прадпрыемствы ліхвярскага капіталу. Пры капіталізме на аснове спалучэння гандл. і банкаўскіх аперацый сталі першай арганізацыйнай формай банкаўскага крэдыту. Пазней банкірскія дамы фактычна ператварыліся ў банкі, хоць і захавалі ранейшую назву. У працэсе канцэнтрацыі банкаў колькасць іх зменшылася: у свеце захавалася каля 200 банкірскіх дамоў, з іх самыя вядомыя ў ЗША, Вялікабрытаніі і Германіі. Некаторыя банкірскія дамы сталі цэнтрамі фінансава-манапал. груп, звязаны з многімі акц. прадпрыемствамі, кампаніямі і банкамі праз сістэму ўдзелу і валодання кантрольным пакетам акцый. На Беларусі з’явіліся ў канцы 19 ст., але пашырэння не атрымалі.
В.Ф.Дашкевіч.
т. 2, с. 282
БАНКІ́ЎСКІ ПЕ́ВЕНЬ
(Gallus gallus),
птушка сямейства фазанавых. Пашыраны ў Індыі і Паўд.-Усх. Азіі. У прыручаным стане завезены на Яву, Філіпінскія а-вы, Новую Гвінею і а-вы Палінезіі, дзе месцамі здзічэў. Жыве ў лясных і кустовых джунглях у гарах і на раўнінах.
Даўж. цела да 66 см, маса самцоў 0,9—1,25 кг, самак 0,5—0,75 кг. Афарбоўка самца чырвона-залацістая на спінным баку і чарнавата-бурая на брушным, самкі бураватыя. У самца высокі мясісты грэбень на галаве, голыя шчокі і 1 або 2 вушныя лопасці, або «завушніцы». Гняздо на зямлі ў паглыбленнях. Корміцца насеннем, зернем, часткамі раслін і насякомымі. Ад банкіўскага пеўня паходзяць шматлікія пароды свойскіх курэй.
т. 2, с. 282