БАКША́НСКІ Юльян
(1824, б. маёнтак Тупальшчына, Смаргонскі р-н Гродзенскай вобласці — 4.4.1863),
удзельнік нац.-вызв. руху, публіцыст. У час вучобы ў Віленскай гімназіі ўстанавіў сувязь з тайнымі студэнцкімі гурткамі. У 1842 за хаванне забароненай л-ры сасланы ў Разанскую губ. У 1846 вярнуўся на радзіму. Аўтар «Адозвы да смаргонскіх сялян» (1847), у якой заклікаў сялян выступіць супраць памешчыкаў. Арыштаваны і засуджаны на 12 гадоў катаргі, якую адбываў да 1858 у Нерчынску. Удзельнік паўстання 1863—64, на радзіме арганізаваў і ўзначаліў атрад паўстанцаў. Загінуў у сутычцы з урадавымі войскамі. У в. Плябань Маладзечанскага р-на на магіле помнік.
т. 2, с. 235
БАКШТА́Г
(галанд. bakstag),
1) курс паруснага судна пры спадарожна-бакавым ветры, калі вугал паміж падоўжнай воссю судна і лініяй напрамку ветру большы за 90° і меншы за 180°.
2) Снасць, трос для мацавання суднавых мачтаў, дымавых трубаў і інш.
т. 2, с. 235
БА́КШТЫ,
вёска ў Беларусі, у Іўеўскім раёне Гродзенскай вобл., на р. Бярэзіна (бас. Нёмана). Цэнтр сельсавета і аб’яднанай сельскай гаспадаркі. За 25 км на У ад г.п. Іўе, 188 км ад Гродна, 25 км ад чыг. ст. Юрацішкі. 885 ж., 389 двароў (1995). Бакштаўскі лесапункт па нарыхтоўцы драўніны. Сярэдняя школа, дзіцячы сад, клуб, б-ка, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызанаў. Помнік партызанам.
т. 2, с. 235
БА́КШТЫ,
вёска ў Беларусі, у Шчучынскім раёне Гродзенскай вобласці. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 27 км на Пн ад г. Шчучын, 67 км ад Гродна, 30 км ад чыг. ст. Скрыбаўцы 436 ж., 170 двароў (1995). Дзіцячы сад, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Паблізу вёскі, на хутары Пешчына, нарадзілася (1876) бел. паэтэса Цётка (А.Пашкевіч).
т. 2, с. 235
БАКШЭ́ЕЎ Васіль Мікалаевіч
(24.12.1862, Масква — 28.9.1958),
рускі мастак. Нар. мастак СССР (1956), акад. АМ СССР (1947). Вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1878—88) у У.Макоўскага, А.Саўрасава, В.Паленава; выкладаў там жа (1894—1918). Перасоўнік. У традыцыях рус. рэаліст. жывапісу стварыў шэраг жанравых карцін («Дзяўчына корміць галубоў», 1887; «Проза жыцця», 1892—93, і інш.) і лірычных пейзажаў («Блакітная вясна», 1930; «Вясна прыйшла», 1943). Дзярж. прэмія СССР 1943. У Нац. маст. музеі Беларусі карціны: «На параду», 1892; «Вечар ранняй вясны», 1918; «Сцежка», 1938, і інш.
Літ.:
Гутт И.А. В.Н.Бакшеев. Л., 1974.
т. 2, с. 236
БАКЭ́Ў
(Bacǎu),
горад на У Румыніі, каля ўпадзення р. Бістрыца ў р. Серэт. Адм. ц. жудэца (павета) Бакэу. Вядомы з 15 ст. 204,5 тыс. ж. (1993). Трансп. вузел. Аэрапорт. Цэнтр нафтаздабыўнога і лесапрамысл. раёна. Машынабудаванне (у т. л. прылада- і авіябудаванне, вытв-сць абсталявання для нафтавай прам-сці), цэлюлозна-папяровая, дрэваапр., тэкст., швейная, гарбарна-абутковая, харч. прам-сць. 2 ГЭС. Царква 15 ст. Музеі. ВНУ.
т. 2, с. 236
БЕЛАРУ́СКАЯ АСАЦЫЯ́ЦЫЯ КАМУНІКАТЫ́ЎНАЙ ЛІНГВІ́СТЫКІ
(БАКЛ),
недзяржаўная лінгвістычная арг-цыя, заснаваная 2.2.1991 у Мінску з мэтай прапаганды функцыянальнага падыходу да даследавання мовы (прагма-, псіха-, сацыя- і этналінгвістыкі). З 1992 спрабуе таксама захаваць і пашырыць сувязі і супрацоўніцтва мовазнаўцаў у СНД, Балтыі, Польшчы і Балгарыі. Буйнейшыя групоўкі БАКЛ на Беларусі ў Мінску, Гродне, Мазыры і Гомелі, а таксама ў С.-Пецярбургу, Маскве, Цверы (Расія), у Кіеве, Запарожжы, Нежыне, Адэсе, Чарнаўцах (Украіна), у Кішынёве і Бельцах (Малдова). БАКЛ мае кантакты з лінгвістычнымі арг-цыямі ў Брытаніі, ЗША, Чэхіі. З 1993 прадстаўляе Беларусь у Пастаянным міжнародным камітэце лінгвістаў, праводзіць канферэнцыі, выдае зборнікі артыкулаў і тэзісаў.
Дз.Г.Багушэвіч.
т. 2, с. 406
БЕЛАРУ́СКА-АМЕРЫКА́НСКІ КУЛЬТУ́РНЫ ЦЭНТР (БАКЦ) у Саўт-Рыверы, бел. грамадска-культурны асяродак у ЗША, штаце Нью-Джэрсі. Засн. ў 1972 пры царкве імя св. Ефрасінні Полацкай. Кіруючы орган — управа, старшынямі якой у розны час былі Б.Шчорс, М.Бахар, Ж.Навумчык. Культ. праграму каардынуе Бел. культ.-мастацкае т-ва, якое з 1974 ладзіць паказы твораў бел. мастакоў і ўмельцаў. Працуе жаночы хор «Каліна», Бел. тэатр. студыя, нядзельная школа, Бел. спарт. аб’яднанне; у 1975—85 для моладзі арганізоўваліся адукац. курсы. Пры цэнтры ёсць б-ка, друкарня. У Саўт-Рыверы выдаюцца час. «Царкоўны светач», «Беларуская думка», «Сяўбіт», «Беларускі праваслаўны каляндар».
А.С.Ляднёва.
т. 2, с. 392