Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БАЛЬНЕАЛАГІ́ЧНЫЯ КУРО́РТЫ,

курорты, галоўным прыродным рэсурсам якіх з’яўляюцца мінеральныя воды, што выкарыстоўваюцца для аздараўлення і лячэння.

Апісанне прататыпаў бальнеалагічных курортаў вядома з твораў стараж.-індыйскіх, кітайскіх, грэч. і інш. вучоных (у т. л. Гамера, Арыстоцеля, Плутарха). Са стараж. часоў захаваліся рэшткі водалячэбніц у межах сучаснага швейц. курорта Санкт-Морыц, на тэр. курортаў Венгрыі (Будапешт, Балатанфюрэд), Румыніі (Бэйле-Еркулане, Сынджорз-Бэі), Югаславіі (Добрна, Вараждзінске-Топліцы), Балгарыі (Хісара), Германіі (Вісбадэн), Італіі (Абана-Тэрме, Анцыо) і інш. У сярэднявеччы вял. вядомасць мелі бальнеалагічныя курорты Ахен, Карлсбад (цяпер Карлавы Вары), Бадэн-Бадэн. У Рас. імперыі бальнеалагічныя курорты пачалі стварацца па ініцыятыве Пятра І, першым быў курорт Марцыяльныя Канчазерскія Воды паблізу Петразаводска (1719). Шмат бальнеалагічных курортаў дзейнічала з 19 ст. (Каўказскія Мінеральныя Воды, Кіславодск, Старая Руса, Сергіеўскія Мінеральныя Воды, Друскінінкай, Кемеры, Белакурыха, Баржомі і інш.). На сучасным этапе развітую сетку бальнеалагічных курортаў мае большасць еўрап. краін, краін Закаўказзя, Сярэдняй Азіі, Расія, ЗША і інш. Адпачынак і лячэнне (бальнеатэрапія) на бальнеалагічных курортах у многіх выпадках спалучаюцца з гразе- і кліматалячэннем. Залежна ад гэтага адрозніваюць бальнеакліматычныя, бальнеагразевыя і інш. тыпы бальнеалагічных курортаў. На Беларусі існуюць курорты рэсп. і мясц. значэння: Бабруйск, Белае Возера, Белы Бераг, Горваль, Ждановічы, Лётцы, Нарач, Рагачоў, Ушачы, Чонкі (пра кожны гл. адпаведны арт.).

Я.В.Малашэвіч.

Да арт. Бальнеалагічныя курорты. Мінеральныя крыніцы Карлсбада (сучасны г. Карлавы Вары, Чэхія). 17 ст.
Да арт. Бальнеалагічныя курорты. Водалячэбніца ў Пяцігорску. 1820-я г.

т. 2, с. 266

БАЛЬНЕАЛО́ГІЯ (ад лац. balneum лазня, купанне + ...логія),

раздзел курарталогіі, які вывучае мінер. воды і іх лячэбна-прафілакт. выкарыстанне. Падзяляецца на бальнеатэрапію, бальнеаграфію, бальнеатэхніку; цесна звязана з інш. мед. і біял. дысцыплінамі.

Першыя працы па бальнеалогіі вядомы з 5 ст. да нашай эры (Герадот, Гіпакрат). Пачатак навук. бальнеалогіі ў 17—18 ст. даў ням. вучоны Ф.Гофман. У Расіі вывучэнне мінер. крыніц пачалося з 1717. Першым дапаможнікам па бальнеалогіі была кніга рус. хіміка Г.І.Геса, які вывучаў хім. састаў і дзеянне гаючых водаў Расіі (1825).

На Беларусі даследаванні па бальнеалогіі вядуцца з 1920-х г. у Бел. НДІ неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі (з 1924), мед. ін-тах. Выяўлены радовішчы лек. мінер. водаў Беларусі. Вывучаны іх хім. састаў і мікрафлора, колькасць арган. рэчываў, даказана лек. эфектыўнасць сульфатна-кальцыевых і кальцыева-магніевых, сульфатна-хларыдных і натрыева-кальцыевых мінер. водаў (Д.А.Маркаў, Н.І.Аляксейчык, П.В.Астапеня, В.М.Ізуткін, М.Ф.Казлоў, Э.С.Кашыцкі, Л.М.Толстых-Чарнецкая, Ц.А.Каган, М.Г.Эранасьян і інш.). Распрацаваны ўмовы і спосабы выкарыстання іх на курортах Беларусі, у бальнеалячэбніцах бальніц, паліклінік, тэхналогія разліву хларыдна-натрыевых водаў Мінская № 3 і Мінская № 4, вызначаны паказанні да лячэння бел. мінер. водамі ў спалучэнні з кліматам, сапрапелямі, торфам. Працягваюцца комплексныя даследаванні бальнеалагічных рэсурсаў рэспублікі.

т. 2, с. 266

БАЛЬНЕАТЭРАПІ́Я (ад лац. balneum лазня, купанне + тэрапія),

метады лячэння, прафілактыкі і аднаўлення парушаных функцый арганізма, заснаваныя на выкарыстанні прыродных і штучна прыгатаваных мінеральных водаў. Асн. пашыраныя працэдуры бальнеатэрапіі: агульныя і мясц. ванны, купанне ў лячэбных басейнах, пітное спажыванне водаў, прамыванне-арашэнне кішэчніка, інгаляцыі. Патрэбны эфект пры бальнеатэрапіі дасягаецца праз хім., тэмпературнае, радыяцыйнае і інш. ўздзеянні на абмен рэчываў у арганізме, вегетатыўную сістэму, кроў, рэфлекторныя, тэрмарэгуляцыйныя механізмы, функцыян. стан клетак, тканак і органаў. Забяспечваецца пэўным падборам дазіровак, паслядоўнасці ўжывання і відаў мінер. водаў. Бальнеатэрапія — асн. метад прафілактыкі і лячэння шэрагу хвароб на бальнеалагічных курортах.

т. 2, с. 267

БАЛЬНІ́ЦА,

медыцынская ўстанова для стацыянарнага лячэння хворых. Бываюць шматпрофільныя (аказваюць дапамогу па 5—10 і болей профільных кірунках) і спецыялізаваныя (анкалагічныя, туберкулёзныя, кардыялагічныя, псіхіятрычныя, інфекцыйныя), дзіцячыя, шпіталі для інвалідаў і інш. Цэнтры спецыялізаванай бальнічнай дапамогі могуць утварацца на базе буйных шматпрофільных бальніц, аб’яднаных з паліклінікай (на Беларусі паліклініка — абавязковая структурная частка рэсп., абл. і цэнтр. раённых бальніц) і неаб’яднаныя (самастойныя ці з функцыян. прымацаваннем паліклінікі да яе). Да ўстаноў бальнічнага тыпу належаць дыспансеры, радзільныя дамы, клінікі, бальніцы аднаўленчага лячэння, хуткая дапамога і інш. мед. ўстановы, у якіх ёсць умовы (ложкавы фонд і кваліфікаваны мед. персанал) для дапамогі і стацыянарнага лячэння хворых.

У зах. краінах існуюць і дзейнічаюць пераважна прыватна-прадпрымальніцкія (камерцыйныя) бальніцы пры наяўнасці больш танных або бясплатных муніцыпальных, а таксама бальніцы, якія належаць рэлігійным, філантрапічным і інш. арг-цыям. На Беларусі бальніцы захоўваюць статут агульнадаступных дзярж. лячэбна-прафілакт. устаноў з бясплатнай формай мед. абслугоўвання. Паказаннямі для накіравання або звароту хворых у бальніцу з’яўляюцца цяжкія і вострыя формы захворванняў, пры якіх патрэбна экстранная ці працяглая кваліфікаваная мед. дапамога з комплексным падыходам да абследавання, дыягностыкі і лячэння, з выкарыстаннем складанай мед. тэхнікі, пастаянным назіраннем урача і доглядам, хірург. умяшаннем (пры неабходнасці). Гал. прынцып дзейнасці бальніцы — этапнасць лячэння хворых, заснаваная на дыферэнцыраваным па інтэнсіўнасці лячэння і догляду комплексным лячэбна-дыягнастычным працэсе. Адпаведна ў бальніцах ствараюцца кансультатыўна-дыягнастычныя цэнтры, службы анестэзіялогіі і рэанімацыі, аддзяленні профільныя, рэанімацыі з палатамі інтэнсіўнай тэрапіі, далечвання і рэабілітацыі. Стацыянарнае лячэнне дзяцей праводзіцца ў дзіцячых бальніцах або на базе дзіцячых аддзяленняў (ложкаў) інш. бальнічных устаноў. Клінічныя бальніцы служаць базамі для навучання і падрыхтоўкі мед. кадраў, правядзення навук. даследаванняў.

Першыя бальніцы (шпіталі) на тэр. Беларусі ўзніклі ў 15—16 ст. У пач. 19 ст. ў губернскіх і павятовых гарадах Беларусі арганізоўваліся бальніцы прыказаў грамадскай апекі (Мінск, 1799; Магілёў, 1802; Гродна і Віцебск, 1804), невял. турэмныя, фабрычныя, прыватныя, філантрапічныя бальніцы. Характарыстыку развіцця сучаснай бальнічнай сеткі ў Беларусі гл. ў табл. 1, 2, а таксама ў арт. Ахова здароўя, Медыцына.

Э.А.Вальчук.

Сетка бальніц і фонд ложкаў
Паказчыкі 1970 1980 1990 1994
Колькасць бальнічных ложкаў 94 165 120 795 135 067 128 482
Колькасць бальніц у гарадскіх пасёлках 380 391 409 411
Колькасць бальніц у сельскай мясцовасці 609 465 448 423
Колькасць раённых бальніц 139 134 137 135
Колькасць участковых бальніц 580 462 447 423
Сярэдняя магутнасць бальнічных устаноў
Бальніцы 1970 1980 1990 1994
Абласныя 573 970 1116 1094
Гарадскія 202 245 284 257
Раённыя 165 231 273 255
Участковыя 29,4 35 34,2 30,4

т. 2, с. 267

БАЛЬНІ́ЧНАЯ КА́СА,

орган страхавання рабочых на прадпрыемствах Рас. імперыі на пач. 20 ст. Паводле закону «Аб абавязковым страхаванні рабочых ад няшчасных выпадкаў і на выпадак хваробы» (1912) бальнічная каса магла быць заснавана пры наяўнасці на прадпрыемстве 200 чл. (калі было менш — стваралася агульная каса для рабочых некалькіх прадпрыемстваў). У 1914 у Віленскай, Віцебскай, Гродзенскай, Мінскай і Магілёўскай губ. было 99 бальнічных кас (39 тыс. чл.). Штомесяц чл. касы плацілі ўзнос у памеры 2—3% ад сумы заробку, уладальнік прадпрыемства ўносіў ​2/3 сумы ад узносаў рабочых. З гэтых сродкаў хворыя атрымлівалі дапамогу ў памеры 25—50% сярэдняга заробку (але не больш як на працягу 26 тыдняў). Жанчынам выдавалі дапамогу па цяжарнасці ад палавіны да ​2/3 заробку на працягу 4 тыдняў да родаў.

М.М.Забаўскі.

т. 2, с. 267

БА́ЛЬНЫ ТА́НЕЦ,

танец, які выконваецца парай ці большай колькасцю ўдзельнікаў на танц. вечарах, балях; часта называецца бытавым танцам. Узнік у 15 ст. ў Італіі, потым пашырыўся ў Францыі (у 16—17 ст. была яго заканадаўцам). Напачатку не меў устаноўленай формы. Пераважалі т.зв. «нізкія танцы» (бас-данс), часта ў выглядзе шэсцяў у суправаджэнні спеваў і муз. інструментаў (лютні, флейты і інш.). Праз мастацтва жанглёраў і трувераў на балі пранікалі народныя танцы, прыстасаваныя да дварцовага этыкету. У 17 ст. бальны танец распаўсюдзіўся па ўсёй Еўропе. Папулярныя сталі бальныя танцы бурэ, гавот, алеманда, чакона, жыга, сарабанда, асабліва менуэт. На Беларусі з 17 ст. пры дварах магнатаў, у калегіумах былі вядомыя зах.-еўрап. прыдворныя танцы (павана, марэска, куранта). У 18 ст. з’явіліся больш свабодныя танцы: пасп’е, мюзет, рыгадон, контрданс, экасез, лендлер. Пасля франц. рэвалюцыі 1789—94 бальны танец страціў арыстакратычна-ўзнёслы характар. Пашырыліся танцы лансье, мазурка, паланэз, галоп, канкан, полька, з сярэдзіны 19 ст. найб. пашыраны вальс, непарыўна звязаны з творчасцю І.Ланера, бацькі і сына Штраусаў. У канцы 19 — пач. 20 ст. пад уплывам музыкі краін Амерыкі ўзніклі тустэп, уанстэп, блюз, факстрот, квікстэп, чарльстон, румба, самба і інш. Для сучасных бальных танцаў уласціва імправізацыйнасць, зменлівасць танц. моды. Большасць бальных танцаў 2-й пал. 20 ст. маюць свабодную кампазіцыю (твіст, шэйк, рок-н-рол і інш.). У наш час захаваліся лепшыя танцы старой бальнай школы (падэграс, падэспань, падэ-труа), а таксама вальс, мазурка, танга, факстрот, павольны вальс, сіртакі, летка-енка і інш. Праводзяцца конкурсы на лепшае выкананне бальных танцаў па спец. праграме. На Беларусі існуе развітая сетка гурткоў, школ і студый бальных танцаў.

Літ.:

Ивановский Н.П. Бальный танец XVI—XIX вв. Л.;

М., 1948.

т. 2, с. 267

БАЛЬСІ́С ((Balsys) Эдуардас) (20.12.1919, г. Мікалаеў, Украіна — 3.11.1984),

літоўскі кампазітар. Нар. арт. Літвы (1965), нар. арт. СССР (1980). Скончыў Літ. кансерваторыю (1950), з 1953 выкладаў у ёй (праф. з 1969). У 1962—71 старшыня праўлення Саюза кампазітараў Літвы. Асн. творы: опера «Падарожжа ў Тыльзіт» (паст. 1980), балет «Эгле, каралева вужоў» (паст. 1960; экранізаваны ў 1965), араторыя «Не чапайце сіні глобус» (1969); кантаты; 2 канцэрты для скрыпкі з арк.; канцэрт для скрыпкі сола; «Драматычныя фрэскі» для скрыпкі, фп. і арк.; Сімфонія-канцэрт для аргана, духавых і ўдарных інструментаў; песні, музыка да кінафільмаў і драм. спектакляў; эстрадная музыка. Дзярж. прэміі Літвы 1958, 1960, 1967, 1969, 1974.

Літ.:

Нарбутиене О. Эдуардас Бальсис: Очерк творчества. Л., 1975.

т. 2, с. 267

БА́ЛЬФУР ((Balfour) Артур Джэймс) (25.7.1848, Уітынджэм, Шатландыя — 19.3.1930),

англійскі дзярж. дзеяч, лорд з 1922, адзін з лідэраў Кансерватыўнай партыі. З 1874 чл. парламента. У 1877—91 міністр па справах Ірландыі, у 1891—92 і ў 1895—1902 міністр фінансаў. У 1902—05 прэм’ер-міністр. Урад Бальфура заключыў Англа-французскае пагадненне 1904, якое стала асновай Антанты. У 1915—16 марскі міністр, у 1916—19 міністр замежных спраў. Аўтар т.зв. дэкларацыі Бальфура (1917) аб стварэнні ў Палесціне яўр. нац. асяродка. У 1910—22 і 1925—29 уваходзіў у склад урада. Узначальваў англ. дэлегацыю на Вашынгтонскай канферэнцыі 1921—22.

т. 2, с. 267

БА́ЛЬЦА ((Balczó) Андраш) (н. 16.8.1939, с. Кандараш, Венгрыя),

венгерскі спартсмен (сучаснае пяцібор’е). Алімпійскі чэмпіён у асабістым (1972) і камандных (1960, 1968) спаборніцтвах, чэмпіён свету ў асабістым першынстве (1963, 1965, 1966—67, 1969) і ў складзе каманды (1963, 1965—67, 1970). Неаднаразовы прызёр Алімп. гульняў і чэмпіянатаў свету.

т. 2, с. 268

БАЛЬЦА́НА (Bolzano),

горад на Пн Італіі, ва Усх. Альпах, у сутоку рэк Адыджэ і Ізарка. Адм. ц. правінцыі Бальцана. 101 тыс. ж. (1990). Важны трансп. вузел (чыгункі і аўтамаб. дарогі) на шляхах паміж Італіяй і Германіяй праз перавал Брэнер. Развіты энергаёмістыя галіны прам-сці, выплаўка спец. сталяў, алюмінію, магнію, ферасплаваў. Аўтамаб., хім., дрэваапр., тэкст., абутковая прам-сць. Цэнтр турызму і зімовага спорту. Штогадовыя міжнар. кірмашы. Музеі. Арх. Помнікі 13—16 ст.

т. 2, с. 268