БАЛОТАЎТВАРА́ЛЬНЫ ПРАЦЭ́С,
забалочванне, прыродна-ландшафтны або антрапагенны працэс утварэння балотаў. Адрозніваюць два тыпы балотаўтваральнага працэсу: забалочванне сушы і затарфаванне вадаёмаў.
На сушы развіваецца пры залішнім увільгатненні глебаў, калі ападкі пераважаюць над выпарэннем, або пры падняцці ўзроўню грунтавых водаў (павышэнне базіса эрозіі, збудаванне плацін і інш.). Ператварэнне вадаёмаў у балота адбываецца ў выніку зарастання азёраў, старыц, сажалак прыбярэжнымі раслінамі (хвошч, чарот, трыснёг, асака) і ўтварэння сплавіны з плаваючых раслін (раска, водныя папараці і інш.). На сплавіне растуць шабельнік балотны, бабок, некаторыя асокі, імхі і інш. торфаўтваральнікі. Узнікае нізіннае балота, якое з часам можа трансфармавацца ў пераходнае і вярховае. Балотаўтваральны працэс у мінулым ахопліваў вял. прасторы на тэр. Беларусі, асабліва на Палессі.
т. 2, с. 259
«БАЛО́ТНАЯ ЛІХАМА́НКА»
(«Sumpffieber»),
кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. захопнікаў супраць партызанаў і мясц. насельніцтва ў Вял. Айч. вайну на тэр. Віцебскай, Брэсцкай і Мінскай абл. Праводзілася 25.8—20.9.1942 па загадзе рэйхсфюрэра СС Гімлера сіламі нач. СС і паліцыі «Остланд», нач. паліцыі парадку, паліцыі бяспекі і СД, 1-й матарызаванай брыгадай СС, 23-м паліцэйскім палком, 8 асобнымі ахоўнымі батальёнамі і інш. Складалася з 7 паслядоўных аперацый: «Балотная ліхаманка — Поўнач Троенфельд І» у Лепельскім і Бягомльскім р-нах, «Балотная ліхаманка — Поўнач Бінц» у Плешчаніцкім і Вілейскім р-нах, «Балотная ліхаманка — Поўнач Баркхольт» на ПнЗ ад Лагойска, «Балотная ліхаманка — Поўнач Троенфельд II» у Лагойскім і Смалявіцкім р-нах, «Балотная ліхаманка — Поўнач Троенфельд III» у Уздзенскім раёне, «Балотная ліхаманка — Захад» у Стаўбцоўскім раёне, «Балотная ліхаманка — Паўднёвы Захад» у Баранавіцкім, Ганцавіцкім і Івацэвіцкім р-нах. У ходзе аперацыі гітлераўцы загубілі больш за 10 тыс. чал., больш за 1200 вывезлі на катаржныя работы ў Германію.
т. 2, с. 259
БАЛО́ТНАЯ РУДА́,
руда, якая ўтварылася ў выніку адкладання на дне балотаў вокіслаў і гідравокіслаў жалеза ў выглядзе канкрэцый, цвёрдых скарынак і слаёў. Пашырана пераважна ў зоне ўмеранага клімату. У Беларусі найб. на Бел. Палессі, мае ў сабе 30—40% жалеза. Пачынаючы з жал. веку і да сярэдзіны 19 ст. з яе здабывалі жалеза.
т. 2, с. 259
БАЛО́ТНАЯ САВА́
(Asio flammeus),
птушка сямейства савіных атр. совападобных. Пашырана ў Еўразіі, Паўн. і Паўд. Амерыцы, Паўн.-Зах. і Паўд. Афрыцы. На Беларусі трапляецца на поймавых і сухадольных лугах, нізінных балотах, парослых хмызняком або лісцевым драбналессем, асушаных тарфяніках, вял. увільготненых высечках.
Даўж. цела 33—43 см, маса 260—440 г, размах крылаў 0,89—1,1 м. Афарбоўка буравата-вохрыстая, ніз цела святлейшы, з цёмнымі падоўжнымі стракацінамі. Гнёзды на зямлі, звычайна пад кустом або купінай. Нясе 3—6 яец, у гады масавага размнажэння грызуноў — 9—10. Корміцца мышападобнымі грызунамі, зрэдку жабамі, птушкамі. Каштоўная для сельскай гаспадаркі. Занесена ў Чырв. кнігу Беларусі, адзін з падвідаў — у Чырв. кнігу МСАП.
т. 2, с. 259
БАЛО́ТНА-ПАДЗО́ЛІСТЫЯ ГЛЕ́БЫ,
гл. Падзоліста-балотныя глебы.
т. 2, с. 259
БАЛО́ТНІК,
вадзяная зорачка (Callitriche), род кветкавых раслін сям. балотнікавых. 25 відаў. Пашыраны па ўсім зямным шары, акрамя некаторых пустыняў і высакагор’яў. На Беларусі 5 відаў: балтнік веснавы (Callitriche verna), сажалкавы (Callitriche stagnalis), двухполы (Callitriche hermaphroditica), караткаплодны (Callitriche cophocarpa), кручкаваты (Callitriche hamulata). Растуць у вадаёмах са стаячай і павольнай вадой, лужынах, утвараюць зараснікі на паверхні вады; ёсць наземныя формы.
Адна-, шматгадовыя травяністыя расліны, голыя або ўкрытыя зорчатымі валаскамі. Сцябло тонкае, плавае ў вадзе (у наземных формаў сцелецца). Лісце супраціўнае, суцэльнакрайняе, без прылісткаў. Кветкі дробныя, адна-, радзей двухполыя, без калякветніка, па 1—2 у пазухах лісця або сабраны па некалькі адна над адной. Плод — чатырохарэшак (мерыкарпій). Насенне з мясістым эндаспермам, разносіцца насякомымі. Усе віды — корм і сховішча для рыб.
т. 2, с. 259
БАЛО́ТНІКАВА ПАЎСТА́ННЕ 1606—07.
Адбылося ў Расіі і на тэр. Украіны пад кіраўніцтвам І.І.Балотнікава; найвышэйшы этап сялянскай вайны пачатку 17 ст. Пачалося летам 1606 у раёне Пуціўля пасля звяржэння Лжэдзмітрыя І (гл. Ілжэдзмітрый І), ахапіла Чарнігаў і інш. гарады. Яго асн. сіла — халопы і сяляне, удзельнічалі пасадскія людзі, стральцы, казакі, дваране. Балотнікаў заклікаў да звяржэння цара В.І.Шуйскага і аднаўлення ўлады «цара Дзмітрыя». У жн. 1606 пад Кромамі і Яльцом паўстанцы разбілі царскія войскі, занялі Арол, Болхаў, Калугу, Серпухаў і рушылі на Маскву. Да іх далучыліся дваранскія атрады — разанскія на чале з П.Ляпуновым і тульскія на чале з І.Пашковым. Кульмінацыя Балотнікава паўстання — аблога Масквы (28.10—2.12.1606). Паўстанне ахапіла цэнтр. паветы Расіі і Паволжа (больш за 70 гарадоў). Сацыяльна неаднароднае шматлікае (60—100 тыс. чал.) войска Балотнікава было недастаткова ўзброенае і мала абучанае. Барацьба за кіраванне паўстаннем паміж Балотнікавым і Пашковым (апошняму, як і ўсім паўстанцам-дваранам, не падабаліся заклікі Балотнікава да прыгонных сялян распраўляцца са сваімі гаспадарамі) прывяла да расколу. 15 ліст. на бок Шуйскага перайшлі дваранскія атрады Ляпунова, 2 снеж., у час вырашальнай бітвы каля в. Ніжнія Котлы, — атрады Пашкова. Страціўшы каля 30 тыс. чал., Балотнікаў адступіў у Серпухаў, потым у Калугу, якую абараняў са снеж. 1606 да пач. мая 1607. У маі 1607 атрады Ілейкі Мурамца разбілі царскае войска на р. Пчэльна. Шуйскі зняў аблогу Калугі. Паўстанцы аб’ядналіся ў Туле, якая з мая да кастр. 1607 стала месцам цяжкіх баёў. Палітыка цара па ўмацаванні прыгоннага права (Улажэнне 1607) дазволіла яму кансалідаваць феадалаў і сабраць 100-тысячную армію. У чэрв. 1607 войскі Балотнікава былі двойчы разбіты і асаджаны ў Туле, якая была затоплена ў выніку запруды р. Упа. Нягледзячы на хваробы і голад, паўстанцы гераічна абараняліся. Але пасля абяцання Шуйскага захаваць жыццё ўсім паўстанцам 10.10.1607 яны адчынілі гарадскія вароты. Пасадскія вярхі выдалі царскім уладам Балотнікава і Мурамца. Балотнікава паўстанне — першае ў Расіі значнае выступленне супраць прыгонніцтва.
Кр.: Восстание И.Болотникова: Документы и материалы. М., 1959.
Літ.:
Смирнов И.И. Восстание Болотникова, 1606—1607. [2 изд.] М., 1951.
т. 2, с. 259
БАЛО́ТНІКАЎ Іван Ісаевіч
(? — 1608),
кіраўнік Балотнікава паўстання 1606—07 у Расіі. З халопаў, у маладосці ўцёк да казакоў. Быў у тат. палоне, рабом на тур. галерах. Вызваліўшыся з няволі, апынуўся ў Венецыі. Вярнуўшыся ў Расію, назваўся ваяводам царэвіча Дзмітрыя Іванавіча і ўзначаліў паход на Маскву, маючы на мэце скінуць з прастола В.І.Шуйскага і аднавіць ўладу «цара Дзмітрыя». Дзякуючы таленту палкаводца і храбрасці нанёс шэраг паражэнняў царскім войскам. Пасля здачы Тулы царскім войскам (10.10.1607) захоплены і сасланы ў Каргапаль, дзе яму выкалалі вочы і ўтапілі.
т. 2, с. 260
БАЛО́ТНІКАЎ Пётр Рыгоравіч
(н. 8.3.1930, в. Зіноўкіна Чырвонаслабодскага р-на, Мардовія),
расійскі спартсмен (лёгкая атлетыка). Засл. майстар спорту СССР (1959). Скончыў ін-т фіз. культуры ў Маскве (1967). Алімп. чэмпіён (1960, Рым), чэмпіён Еўропы 1962, СССР у 1957—62, 1964, рэкардсмен свету ў 1960—63 у бегу на 5 і 10 тыс. м. Прэзідэнт Цэнтр. савета т-ва «Спартак», трэнер-выкладчык (да 1993).
т. 2, с. 260