Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БАЛІВІ́ЙСКАЕ НАГО́Р’Е,

усходняя частка Цэнтральнаандыйскага нагор’я ў межах Балівіі.

т. 2, с. 251

БАЛІ́ВІЯ

(Bolivia),

Рэспубліка Балівія (Repblica de Bolivia), дзяржава ў цэнтр. ч. Паўд. Амерыкі. Мяжуе на З з Перу і Чылі, на Пд з Аргенцінай і Парагваем, на У і Пн з Бразіліяй. Пл. 1098,6 тыс. км². Нас. 8,2 млн. чал. (1994). Афіц. сталіца — г. Сукрэ, фактычная — г. Ла-Пас. Падзяляецца на 9 дэпартаментаў. Дзярж. мовы іспанская, кечуа і аймара. Нац. свята — Дзень абвяшчэння незалежнасці (6 жн.).

Дзяржаўны лад. Балівія — рэспубліка. Дзейнічае Канстытуцыя 1967. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах на 4 гады, узначальвае урад, адказвае за замежную палітыку і абарону краіны, мае права заканадаўчай ініцыятывы, выдае дэкрэты. Заканадаўчая ўлада належыць 2-палатнаму Нац. кангрэсу, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах на 4 гады. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе прэзідэнт і прызначаны ім урад.

Прырода. Балівія займае ўсх. частку Цэнтр. Андаў на З і вял. алювіяльныя раўніны на У. Паміж хрыбтамі Андаў — пласкагор’е Пуна (каля 4 тыс. м над узр. м.), якое абмяжоўваюць Зах. Кардыльера (г. Сахама, 6780 м) на З, Кардыльера-Рэаль і Цэнтр. Кардыльера на У. Карысныя выкапні: волава, свінец, цынк, медзь, серабро, вальфрам, берылій, сурма, вісмут, золата, сера, жал. руда; на ўсх. раўнінах радовішчы прыроднага газу і нафты. Клімат Пуны і Зах. Кардыльеры высакагорны, паўпустынны на З (ападкаў менш як 150 мм за год) і менш засушлівы на У (500—600 мм за год). Т-ра студз. 9—11 °C, чэрв. 3—7 °C. На ўсх. схілах Андаў вышынная пояснасць клімату (ападкаў 1500—2000 мм за год). На ўсх. раўнінах клімат субэкватарыяльны (т-ра ад 17 да 28 °C, ападкаў каля 1000 мм за год). Рэкі на У належаць да бас. Амазонкі (Бені—Мамарэ). Пуна — замкнёны з усіх бакоў, пазбаўлены сцёку ў акіян міжгорны басейн з высакагорнымі азёрамі Тытыкака і Паапо, саланчакамі Кайпаса і Уюні. Расліннасць Пуны пераважна паўпустынная. У гарах вертыкальная пояснасць ландшафтаў. На раўнінах трапічныя лясы (на Пн) і саванны, зараснікі калючых хмызнякоў, рэдкалессі (на Пд). Жывёльны свет асабліва багаты і разнастайны ў трапічных лясах на Пн; на пласкагор’і Пуна водзяцца ламы, гуанака, альпака, грызуны, вадаплаўныя птушкі.

Насельніцтва. Каля 63% — індзейцы, пераважна народы кечуа і аймара (у горнай ч. краіны). Трэцюю частку насельніцтва складаюць іспанамоўныя метысы і крэолы, якія жывуць пераважна ў гарадах. Ёсць невял. групы еўрапейцаў, ураджэнцаў суседніх краін. Паводле веравызнання 95% католікі. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 7,5 чал. на 1 км². Каля 90% яго сканцэнтравана ў Пуне, дзе шчыльнасць дасягае 20—30 чал. На 1 км². У гарадах жыве 51% насельніцтва. Найбольшыя гарады (тыс. ж., 1992): Ла-Пас — 711, Санта-Крус — 695, Качабамба — 404, Арура — 183. Сярэдняя працягласць жыцця не перавышае 55 гадоў.

Гісторыя. У старажытнасці тэр. Балівіі насялялі індзейскія плямёны. У 14 ст. іх заваявалі інкі, у 1535—39 — іспанцы, якія далі краіне назву Верхняе Перу і далучылі ў 1542 да віцэ-каралеўства Перу, з 1776 — віцэ-каралеўства Рыодэ-Ла-Плата. Здабыча серабра (з 1545) прыносіла вял. даходы ісп. каланізатарам, што выкарыстоўвалі рабскую працу індзейцаў. Самае вял. паўстанне супраць жорсткай эксплуатацыі адбылося ў 1780—81 пад кіраўніцтвам Тупак-Амару II. У ходзе вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26 краіна вызвалена ад калан. прыгнёту войскамі С.Балівара, у гонар якога атрымала назву, у жн. 1825 абвешчана незалежнай. У 1836—39 у складзе канфедэрацыі Перу і Балівіі. Пасля абвяшчэння незалежнасці ў горназдабыўную прам-сць краіны стаў пранікаць замежны капітал. У выніку войнаў Балівіі з Чылі (1879—83) і Парагваем (1932—35) Балівія страціла выхад да Ціхага ак. і амаль 2/3 першапач. яе тэрыторыі, багатай волавам і салетрай. У 2-ю сусв. вайну Балівія — чл. антыгітлераўскай кааліцыі, але ў вайне не ўдзельнічала. У 1952 у краіне адбылася бурж.-дэмакр. рэвалюцыя, нацыяналізаваны алавяныя руднікі, праведзена агр. рэформа. Прэзідэнтам у 1952—56 і 1960—64 быў лідэр Нацыяналіст. рэв. руху В. Пас Эстэнсора. Пасля дзярж. перавароту 1964 у 1965 у краіне двойчы ўводзілася надзвычайнае становішча. У некаторых раёнах разгарнуўся партыз. рух (лідэр Э.Гевара), які быў разгромлены восенню 1967 з дапамогай ЗША. У 1967 прынята Канстытуцыя. На працягу ўсёй далейшай гісторыі становішча ў краіне вызначалася нестабільнасцю і барацьбой за ўладу розных ваен.-эканам. груповак. У 1980-я г. зроблены спробы пераходу краіны ад ваен. да грамадз. праўлення. На прэзідэнцкіх выбарах 1993 перамог лідэр Нацыяналіст. рэв. руху Г.Санчэс дэ Ласада, які заявіў пра намер працягваць удасканаленне ўведзенай у 1985 рыначнай мадэлі эканомікі краіны.

Балівія — чл. ААН з 1945, чл. Арг-цыі амер. дзяржаў, Лацінаамер. асацыяцыі інтэграцыі, інш. міжнар. арг-цый; з 1979 чл. Руху недалучэння. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў 1994. Дзейнічаюць паліт. партыі і рухі: Левы рэв. рух, Нацыяналіст. рэв. рух, Нацыяналіст. дэмакр. дзеянне, Хрысціянска-дэмакр. партыя і інш. Буйнейшыя прафсаюзы — Балівійскі рабочы цэнтр і Нац. канфедэрацыя сялян.

Гаспадарка. Аснова гаспадаркі — гарнарудная прам-сць экспартнага кірунку. Валавы нац. прадукт за год на душу насельніцтва складае каля 750 дол. ЗША. Доля ў валавым унутр. прадукце (у %): прам-сці каля 25 (у тым ліку гарнаруднай 15), сельскай гаспадаркі 20, транспарту і сувязі 6, унутр. гандлю 11. Дзярж. сектар кантралюе 60% нафтаздабыўной, 100% нафтаперапр. і 70% гарнаруднай прам-сці. Каля 60% экспарту прыпадае на руды каляровых металаў. Вывозяцца канцэнтраты волава (4-е месца ў свеце), сурмы, вальфраму, медзі, свінцу, цынку, а таксама серабро і золата. Прыроднага газу здабываецца каля 6 млрд. м³ штогод, нафты — каля 1—2 млн. т. Невялікія з-ды для выплаўкі медзі ў Аруры і Качабамбе. Выпрацоўваецца 1,8 млрд. кВт·гадз электраэнергіі (1993). Аснову апрацоўчай прам-сці складаюць тэкст., харчасмакавая, метала- і нафтаперапр. галіны; развіваюцца каляровая металургія і нафтахім. прам-сць. Асн. прамысл. цэнтры: Ла-Пас, Санта-Крус, Сукрэ, Качабамба. У сельскай мясцовасці саматужныя і рамесніцкія харч., тэкст. і гарбарныя прадпрыемствы. Сельская гаспадарка не забяспечвае патрэб краіны, хоць у ёй занята палавіна працаздольнага насельніцтва. Агр. рэформа 1953—65 абмежавала буйное землеўладанне. Апрацоўваецца 3,25 млн. га (каля 3% тэр. краіны), лугі і паша займаюць 25%. Таварнае земляробства (рыс, цукр. трыснёг, бавоўнік, бананы, кава) на ўсх. схілах Андаў і на раўнінах, спажывецкае (кукуруза, пшаніца, бульба, ячмень, авёс, кінаа — мясц. проса) — на пласкагор’і Пуна. Жывёлагадоўля пашавая, разводзяць ламаў, альпака, авечак, козаў, буйн. раг. жывёлу, мулаў. У лясах нарыхтоўка драўніны, соку гевеі, кары хіннага дрэва, лісця кокі. Рыбалоўства на рэках і воз. Тытыкака. Транспарт чыгуначны і аўтамабільны. Даўж. (1992) чыгунак 3,9 тыс. км, аўтадарог — 38,9 тыс. км. Экспарт складае 705,4 млн. дол. ЗША, імпарт — 864,2 млн. дол. ЗША (1992). Вывозяцца пераважна канцэнтраты рудаў каляровых металаў, прыродны газ (трубаправоды ў Аргенціну і Чылі), драўніна, цукар, бавоўна. У імпарце пераважаюць харч. прадукты, бензін, трансп. сродкі, тавары нар. ўжытку. Гал. гандл. партнёры — ЗША і Аргенціна. Грашовая адзінка — балівійскае песа (балівіяна).

Літаратура. Развіваецца на ісп. мове, а таксама на мовах індзейцаў кечуа і аймара (пераважна фалькл. жанры). Асн. літ. помнік даісп. эпохі — балівійска-перуанская драма «Апу-Альянтай» (на кечуа; апубл. 1853). У калан. перыяд (пач. 16 ст. — 1825) пераважалі гісторыка-быт. хронікі. У канцы 18 — пач. 19 ст. на фарміраванне л-ры паўплывалі патрыят. публіцыстыка В.Пасаса Канкі, паэзія Х.І. дэ Санхінеса і паэта-індзейца Х.Уальпарымачы Майты. У 19 ст. панаваў рамантызм (паэты Р.Х.Бустамантэ, Н.Галінда, М.Х.Мухія, раманісты Н.Агірэ, М.С.Кабальера, С.Вака Гусман, драматургі Ф.Рэес Ортыс, Х.Расенда Гуцьерэс і інш.). У канцы 19 ст. ўзнік «кастумбрызм» — бытапісальныя аповесці і апавяданні Л.Ансаатэгі дэ Кампера, А.Самудыо, Х.Лукаса Хаймеса і інш.; у паэзіі пераважаў мадэрнізм, які арыентаваўся на франц. сімвалістаў, але захоўваў цікавасць да нац. тэмы (Р.Хаймес Фрэйрэ, Ф.Тамаё, Г.Рэйнальдс, Х.Э.Гера і інш.). На пач. 20 ст. з’явіліся рэалістычныя («Крэольскае жыццё» і «Бронзавая раса» А.Аргедаса, «У нетрах Патасі» і «Варварскія старонкі» Х.Мендосы) і сатыр. (А.Чырвечэса) раманы, сац. паэзія. З 1930-х г. у прозе ўзнікла т.зв. індыянісцкая л-ра пра жыццё індзейцаў (Аргедас, Р.Батэльё Гасальвес, А.Гільен Пінта, Н.Парда Валье і інш.). Асобнае месца ў л-ры 1950—60-х г. займае творчасць Х.Лары, стваральніка раманаў пра барацьбу індзейцаў за сац. справядлівасць. У 1960—70-я г. набылі вядомасць празаік Р.Прада Аропес (раман «Хто запальвае золак»), паэт П.Шымосе і інш.

Архітэктура і выяўленчае мастацтва. У 5—8 ст. тэр. Балівіі — адзін з цэнтраў культуры стараж. Амерыкі. У Тыяуанака (бераг воз. Тытыкака) захаваліся помнікі архітэктуры 1-га тыс. да нашай эры — 1-га тыс. нашай эры (узгорак-піраміда Акапана, комплекс Каласасая, «Палац саркафагаў»), скульптура (рэльефы «Варотаў Сонца»), маст. кераміка, тканіны, ювелірныя вырабы. Спалучэнне еўрап. узораў і мясц. традыцый прывяло да стварэння цікавай барочнай архітэктуры 18 ст. (Манетны двор і царква Сан-Ларэнса ў Патасі, палацы Вільявердэ і царква Сан-Франсіска ў Ла-Пасе і інш.), твораў выяўл. мастацтва (С. дэ ла Крус). З 18 ст. жывапіс прытрымліваўся еўрап. канонаў і меў пераважна рэліг. характар (М.Перэс дэ Альгуін). У канцы 19 — пач. 20 ст. ў архітэктуры быў пашыраны эклектызм і мадэрн, з сярэдзіны 20 ст. ўзводзяцца грамадскія будынкі сучаснай архітэктуры. З 1920-х г. фарміравалася нац. школа выяўл. мастацтва. Мастакі С.Гусман дэ Рохас, Р.Бердэсіо, М.Эхіда, А.Рэке Мерувія, скульптары М.Нуньес дэль Прада, У.Альмарас, Э.Лухан звярталіся да гісторыі і сучаснага жыцця свайго народа, прыгажосці роднай прыроды. На ПдЗ краіны захаваліся традыцыі індзейцаў кечуа (ткацтва, ювелірныя вырабы), на ПнЗ — аймара (кераміка, разьба па камені, ткацтва).

Літ.:

Сашин Г.З. Боливия: Очерк новейшей истории. М., 1976;

Боливия: тенденции экон. и соц.-полит. развития. М., 1990;

Кириченко Е.И. Три века искусства Латинской Америки. М., 1972.

П.І.Рогач (прырода, гаспадарка).

т. 2, с. 251

БАЛІГАЛО́Ў

(Conium),

род кветкавых раслін сям. сельдэрэевых. 4 віды. Пашыраны ў Еўропе, Азіі і Паўн. Афрыцы. На Беларусі зрэдку трапляецца балігалоў плямісты (Conium maculatum). Расце на сметніках каля жылля, дарог і па берагах рэк.

Двухгадовыя травяністыя расліны з непрыемным мышыным пахам. Сцябло голае, галінастае, тонкабаразнаватае, часта з пурпуровымі плямамі. Лісце звычайна тройчыперыстае, з похвамі. Кветкі дробныя, белыя, у складаных шчыткападобных парасоніках. Плод — віслаплоднік. Лек. (болепатольны, заспакаяльны і проціракавы сродак), дубільныя, інсектыцыдныя і ядавітыя (маюць алкалоіды каніін, халін, канідрын і інш.) расліны.

т. 2, с. 253

БАЛІ́Д

[ад грэч. bolis (bolidos) кідальная зброя],

вялікі вогненна-яркі метэор (успышка метэорнага цела ў выніку яго ўваходжання ў верхнія слаі зямной атмасферы). Найбольш яркія баліды можна назіраць удзень, уначы відаць абалонка і хвост баліда. Пасля палёту баліда застаецца след, які складаецца з іанізаваных газаў і пылу. Іншы раз метэорнае цела за час палёту ў зямной атмасферы не паспявае поўнасцю згарэць і падае на Зямлю ў выглядзе метэарытаў. Палёт і падзенне балідаў часта суправаджаюцца гукавымі з’явамі (выбухамі).

т. 2, с. 254

БАЛІ́НСКІ Міхаіл Ігнатавіч

(14.8.1794, б. маёнтак Цярэспаль Полацкага пав. — 22.12.1864),

гісторык і публіцыст. Скончыў Віленскі ун-т (1818). У 1816—22 і 1829—30 супрацоўнік час. Dziennik Wileński» («Віленскі веснік»), з 1818 разам з І.Лялевелем рэдагаваў час. «Tygodnik Wileński» («Віленскі штотыднёвік»). Чл. літ.-грамадскага т-ва шубраўцаў, адзін з рэдактараў яго газ. «Wiadomości brukowe» («Вулічныя навіны»). За ўдзел у падрыхтоўцы паўстання 1830—31 арыштаваны. З 1836 жыў у Варшаве, адзін з заснавальнікаў час. «Biblioteka Warszawska» («Варшаўская бібліятэка»). З 1847 у Вільні, віцэ-старшыня Віленскай археалагічнай камісіі. Разам з Ц.Ліпінскім выдаў даследаванне «Старажытная Польшча...» (т. 1—3, 1843—46), у 3-м томе якога пададзена гісторыя населеных пунктаў Беларусі. Даследаваў гісторыю Вільні, Віленскага ун-та.

т. 2, с. 254

БАЛІ́СТА

(лац. ballista ад грэч. ballō кідаю),

старажытная кідальная машына. Прыводзілася ў дзеянне сілай пругкасці скручаных валокнаў (сухажылляў, вяровак і інш.) і прызначалася для разбурэння крэпасцяў і знішчэння іх абаронцаў. Выкарыстоўвалася да канца 5 ст. Далёкасць кідання цяжкіх снарадаў (камянёў, бярвёнаў і інш.) дасягала 400—800 м, лёгкіх стрэл — да 1000 м.

т. 2, с. 254

БАЛІ́СТЫКА , навука пра рух артыл. снарадаў, куляў, авіябомбаў, некіроўных ракет і інш. целаў. Грунтуецца на законах механікі, газадынамікі, тэрмадынамікі, тэорыі імавернасцяў і інш.

Узнікла пад уплывам прац італьян. вучонага Н.Тартальі (16 ст.), а таксама грунтоўных даследаванняў Г.Галілея, І.Ньютана, Л.Эйлера. Тэрмін балістыка прапанаваў франц. вучоны М.Мерсен (1644). Важкі ўклад у развіццё балістыкі зрабілі выхадзец з Беларусі К.Семяновіч, расійскія вучоныя М.В.Астраградскі, М.У.Маіеўскі, вучоныя б. СССР А.М.Крылоў, Д.А.Вентцэль, С.А.Хрысціяновіч і інш., а таксама вучоныя Дэ Сакр, П.Шарбанье (Францыя), Д.Біянкі (Італія) і інш.

Адрозніваюць унутраную і вонкавую балістыку. Унутраная балістыка вывучае рух снарадаў у канале ствала і заканамернасці працэсаў, што адбываюцца ў час выстралу (гарэнне пораху, газаўтварэнне пры яго згаранні і інш.). Выяўляе залежнасці змены ціску парахавых газаў, скорасці снарада і інш. параметраў на шляху снарада і ад часу яго руху па канале ствала. Уключае таксама балістычнае праектаванне зброі — вызначэнне канструкцыйных асаблівасцяў канала ствала, умоў зараджання, пры якіх снарад пэўнага калібру і масы атрымае пры вылеце зададзеную (дульную) скорасць. Вонкавая балістыка вывучае рух у прасторы снарадаў, куляў, некіроўных ракет і інш. пасля заканчэння сілавога ўзаемадзеяння іх са ствалом, пускавой устаноўкай, а таксама фактары, якія ўплываюць на гэты рух. Метадам вонкавай балістыкі карыстаюцца пры вывучэнні заканамернасцяў руху касм. апаратаў і кіроўных ракет, даныя балістыкі знаходзяць таксама практычнае выкарыстанне ў крыміналістыцы.

Літ.:

Серебряков М.Е. Внутренняя баллистика ствольных систем и пороховых ракет. 3 изд. М., 1962;

Дмитриевский А.А., Лысенко Л.Н., Богодистов С.С. Внешняя баллистика. 3 изд. М., 1991;

Иванов Н.М., Дмитриевский А.А., Лысенко Л.Н. Баллистика и навигация космических аппаратов. М., 1986.

т. 2, с. 254

БАЛІСТЫ́ТЫ,

адзін з відаў бяздымнага пораху на аснове нітратаў цэлюлозы, пластыфікаваных нітраэфірамі. Звычайны састаў балістытаў: 50—60% калаксіліну і 25—40% нітрагліцэрыну (нітрагліцэрынавы порах), дыэтыленглікольдынітрату (дыгліколевы порах) ці іх сумесі. У балістыты ўводзяць да 10% парашку алюмінію ці магнію (для вырабу цвёрдага ракетнага паліва), таксама стабілізатары (цэнтраліты), каталізатары гарэння (солі ці аксіды металаў), тэхнал. дабаўкі (вазелінавае масла, воск). Атрымліваюць балістыты змешваннем кампанентаў з вадой; пасля яе аддзялення сумесь апрацоўваюць пры пэўнай тэмпературы і ціску на вальцах. Пры гарэнні балістыты не дэтануюць, але пры павольным тэрмічным раскладанні могуць самазагарацца. Балістыты ўпершыню атрыманы А.Нобелем у 1888. Выкарыстоўваюцца ў ствольнай агнястрэльнай зброі, як цвёрдае ракетнае паліва.

т. 2, с. 254

БАЛІСТЫ́ЧНАЯ РАКЕ́ТА,

ракета, траекторыя палёту якой складаецца з актыўнага і пасіўнага адрэзкаў шляху. На актыўным участку ракета рухаецца з дапамогай рухавіка і накіроўваецца спец. сістэмай кіравання, на пасіўным — па балістычнай крывой, як свабодна кінутае цела.

Да балістычных ракет адносяцца баявыя ракеты (у тым ліку міжкантынентальныя), касмічныя (у тым ліку ракеты-носьбіты), доследныя ракеты і інш. Бываюць адна- і шматступеньчатыя, кіроўныя і некіроўныя. Баявыя ракеты паводле прызначэння падзяляюцца на тактычныя, аператыўна-тактычныя і стратэгічныя. Аснашчаюцца ядз. або няядз. боегалоўкамі і рознымі сродкамі пераадолення проціракетнай абароны. Першыя баявыя балістычныя ракеты Фау-2 выкарыстаны Германіяй у 1944 у 2-ю сусв. Вайну.

т. 2, с. 254

БА́ЛІЦКІ Антон Васілевіч

(17.9.1891, в. Балічы Гродзенскага р-на — 31.10.1937),

дзяржаўны дзеяч БССР. Скончыў Свіслацкую настаўніцкую семінарыю (1910), Віцебскі настаўніцкі ін-т (1916). З 1916 у арміі. У 1917—20 удзельнічаў у гуртаванні беларусаў-вайскоўцаў на Румынскім фронце, арганізоўваў бел. школы ў Адэсе. У 1920 уступіў у Камуніст. партыю. З кастр. 1921 нам. наркома, з 1926 нарком асветы БССР. З 1924 правадз. чл. Ін-та бел. культуры. Адзін з творцаў і праваднікоў дзярж. палітыкі беларусізацыі. Аўтар артыкулаў па пытаннях тэорыі і практыкі нац.-культ. будаўніцтва. Канд. у чл. ЦК КП(б)Б у 1929—30, чл. ЦВК БССР. У 1930 арыштаваны па справе т.зв. «Саюза вызвалення Беларусі», засуджаны на 10 гадоў лагераў. 30.9.1937 прыгавораны да пакарання смерцю. Рэабілітаваны ў 1988.

Літ.:

Васілеўская Н.У. Абвінавачваецца ў нацыянал-дэмакратызме (пра наркома асветы Беларусі А.В.Баліцкага). Мн., 1995.

А.С.Кароль.

т. 2, с. 255