Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БАТУ́Н,

гл. ў арт. Цыбуля.

т. 2, с. 352

Батура Міхаіл Паўлавіч

т. 18, кн. 1, с. 346

БАТУ́РЫН Уладзімір Пятровіч

(27.9.1902, г. Стаўрапаль — 7.11.1945),

рускі геолаг. Д-р геолага-мінералаг. н. (1945). Даследваў геалогію і літалогію нафтаносных раёнаў паўд.-ўсх. Каўказа, Урала-Эмбінскай і Урала-Волжскай абласцей. Распрацаваў метад вывучэння асадкавых парод, пазбаўленых выкапнёвых рэшткаў. Працы Батурына прысвечаны пытанням петраграфіі асадкавых парод і гіст. геалогіі, атрымалі міжнар. прызнанне. Дзярж. прэмія СССР 1948.

т. 2, с. 352

БА́ТЧЫ,

вёска ў Беларусі, у Кобрынскім раёне Брэсцкай вобласці. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 12 км на ПнЗ ад Кобрына, 39 км ад Брэста. 462 ж., 168 двароў (1995). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. Сувязі.

т. 2, с. 352

БАТЫ́Й,

Бату, Сан-хан Саін-хан (1208—1255), мангольскі хан, военачальнік. Сын Джучы, унук Чынгісхана. Кіраваў улусам Джучы з 1227. У 1236 захапіў Дэшт-і-Кіпчак. У 1237—43 узначаліў паход ва Усх. Еўропу: у 1237—40 заваяваў Паўн.-Усх. і Паўн.-Зах. Русь, у 1241—42 уварваўся ў Польскую Галіцыю, Венгрыю і Далмацыю. Аслаблены барацьбой з рус. княствамі вясной 1242 быў вымушаны адступіць на ўсход. У 1243 у нізоўях Волгі заснаваў феад. дзяржаву Залатая Арда са сталіцай Сарай-Бату (каля Астрахані). Удзельнічаў у перавароце ў Манг. імперыі (1251), калі ўлада перайшла да Мункэ.

т. 2, с. 352

БА́ТЫК

(малайскае),

тэхніка размалёўкі тканін, а таксама шматколерная тканіна, аздобленая гэтай тэхнікай. Фон тканіны ўкрываюць непранікальным для фарбы саставам (пры «гарачым» батыку — разагрэтым воскам, пры «халодным» — гумавым клеем), і раствор афарбоўвае толькі не ўкрытыя лініі ці плоскасці малюнка. Іншыя колеры наносяць паэтапна афарбоўкай пасля зняцця частак васковага ўкрыцця. «Гарачы» батык здаўна вядомы ў народаў Інданезіі. На Беларусі тэхнікай батыку карысталіся з 18 ст. на ткацкіх мануфактурах кн. Радзівілаў у Міры і Карэлічах для вырабу палатняных шпалераў, якімі абівалі пакоі палацаў. Бел. мастакі выкарыстоўваюць батык з пач. 1930-х г. У тэхніцы «гарачага» батыку мастакі ствараюць буйнамаштабныя творы для грамадскіх інтэр’ераў, сюжэтна-тэматычныя і дэкаратыўныя пано для жылых інтэр’ераў. З 1970-х г. у тэхніцы «халоднага» батыку аздабляюць хусткі, шалікі, купоны для сукенак і блузак на Гомельскім камбінаце быт. паслуг, Мінскай ф-цы маст. галантарэі, Бабруйскай галантарэйнай ф-цы, па эскізах В.Дзёмкінай, С.Абрамовіч, Т.Паплаўскай.

Літ.:

Корюкин В.Н. Батик: Худож. оформление тканей. Л., 1968.

М.М.Яніцкая.

т. 2, с. 352

БАТЫМЕТРЫ́ЧНЫЯ КА́РТЫ

(ад грэч bathys глыбокі і metreō вымяраю),

адлюстроўваюць падводны рэльеф пры дапамозе ізабатаў разам з адзнакамі глыбіняў. Афарбоўка падводнага рэльефу даецца ў адпаведнасці са ступенямі вышыняў. Служаць асновай фізіка-геагр. раянавання і спец. картаграфавання вадаёмаў. Выкарыстоўваюцца пры разведцы карысных выкапняў, планаванні рыбнага промыслу і як дапаможнікі ў навігацыі.

т. 2, с. 352

БАТЫПЛА́Н

(ад грэч. bathys глыбокі + план),

апарат для падводных назіранняў. Буксіруецца за караблём спец. кабель-тросам і кіруецца назіральнікам з дапамогай рулявога прыстасавання. Паводле прынцыпу дзеяння — «падводны планёр» з пастаяннай лішкавай плывучасцю (спушчаны на ваду плавае на паверхні, пры буксіроўцы апускаецца ў ваду пад дзеяннем гідрадынамічных сіл). Батыплан забяспечваецца сістэмай узнаўлення паветра, ілюмінатарамі, пражэктарамі, фота- і кіназдымачнай апаратурай і інш. Выкарыстоўваецца для падводнай фота- і кіназдымкі, назірання за паводзінамі рыбы ў касяках і інш.

т. 2, с. 352

БАТЫ́Р,

бахадур (цюрк.-манг.), ганаровае званне ў цюркаў і манголаў, якое давалася за воінскія подзвігі. З батыраў фарміравалася феад. знаць. Тэрмін «батыр» з’явіўся не пазней як у 6 ст., шырока распаўсюджаны ў фальклоры і побыце цюрк. Народаў.

т. 2, с. 353

БАТЫ́Р,

гл. Карагіе.

т. 2, с. 353