Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БАСТУ́НЫ,

вёска ў Беларусі, у Воранаўскім раёне Гродзенскай вобласці. Цэнтр сельсавета і калгаса. Чыг. станцыя. За 10 км на Пд ад Воранава, 123 км ад Гродна. 723 ж., 165 двароў (1995). Арэнднае прадпрыемства па мат.-тэхн. забеспячэнні аграпрамкомплексаў, хім. цэнтр райсельгасхіміі, нафтабаза, асфальтабетонны з-д, фасовачны цэх аптовай базы райспажыўсаюза. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. Сувязі.

т. 2, с. 342

БАСТЫЁН

(франц. bastion ад позналац. bastillio будую ўмацаванне),

пяцівугольнае ўмацаванне ў вуглах крапасной агароджы для абстрэлу мясцовасці наперадзе і ўздоўж крапасных сцен і равоў перад імі. Бастыёны паявіліся ў Італіі ў канцы 15 ст., напачатку мураваныя, з 16 ст. земляныя. Крапасны бастыён складаўся з 1 ці 2 земляных валоў для размяшчэння гармат: 1-ы быў галоўны, 2-і (узвышаўся над 1-м) наз. кавальер. Два даўжэйшыя бакі бастыёна наз. фасамі, карацейшыя — фланкамі. Фланкі двух суседніх бастыёнаў і частка крапасной сцяны паміж імі (курціна) стваралі бастыённы фронт. На Беларусі бастыёны вядомы з сярэдзіны 16 ст.

т. 2, с. 342

БАСТЫ́ЛІЯ

(Bastille),

крэпасць у Парыжы ў 14—18 ст. Пабудавана ў 1370—82. У 15 ст. ператворана Людовікам XIV у турму. У канцы 16 ст. тут трымалі пераважна паліт. зняволеных. Была сімвалам дэспатызму Бурбонаў. 14.7.1789 паўстанцы штурмам узялі Бастылію, што стала пачаткам Французскай рэвалюцыі 1789—99. У 1790 Бастылія разбурана. З 1880 у Францыі дзень 14 ліп. святкуюць як нац. свята.

т. 2, с. 343

БАСТЫ́НЬ,

вёска ў Беларусі, у Лунінецкім раёне Брэсцкай вобласці. Цэнтр сельсавета. За 18 км на ПнЗ ад г. Лунінец, 250 км ад Брэста, 6 км ад чыг. ст. Люшча. 1971 ж., 710 двароў (1995). Лесаперапрацоўчы цэх. Сярэдняя школа, клуб, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызанаў. Каля вёскі магілы ахвяраў фашызму.

т. 2, с. 343

БАСТЫЯ́

(Bastiat) Клод Фрэдэрык (29.6.1801, Мугрон, каля г. Баёна, Францыя — 24.12.1850),

французскі вучоны-эканаміст. Прадстаўнік эканам. лібералізму 19 ст., адзін з аўтараў гармоніі інтарэсаў тэорыі. Асн. працы: «Эканамічныя сафізмы» (1846), «Эканамічныя гармоніі» (1849). Прыхільнік рыначнай эканомікі, свабоднага прадпрымальніцтва і канкурэнцыі. Сфармуляваў тэорыю вартасці, заснаваную на паняцці паслуг. Капіталізм разглядаў як гарманічнае грамадства, засн. на ўзаемным абмене паслугамі паміж прадпрымальнікамі і працоўнымі. Крытычна ставіўся да ідэй сацыялізму. У 2-й пал. 20 ст. яго погляды адрадзіліся як рэакцыя на посткейнсіянства і эканам. тэорыю марксізму.

т. 2, с. 343

БАСТЭ́Р

(Basseterre),

горад, сталіца дзяржавы Сент-Кітс і Невіс у Вест-Індыі. 19 тыс. ж. (1994). Порт на паўд. беразе в-ва Сент-Кітс (Сент-Крыстафер). Аэрапорт. Цукр. з-д, вытв-сць эл. і электронных прылад, напіткаў. Бат. сад. Кафедральны сабор. Турызм.

т. 2, с. 343

БАСТЭ́Я

(польск. basteja),

земляны насып або 2-яруснае мураванае збудаванне, паўкруглае ці падковападобнае ў плане; элемент абарончага сярэдневяковага ўмацавання. Выступала за лінію сцен крэпасці і фланкіравала агнём падыходы да іх. Пераходная форма ад вежы да бастыёна. Бастэі існавалі ў канцы 15—16 ст. і прызначаліся для размяшчэння артылерыі. На Беларусі вядомы ў Мядзельскім і Геранёнскім (Іўеўскі р-н) замках.

т. 2, с. 343

БАСУМА́ТРАВА Святлана Міхайлаўна

(н. 22.11.1946, г. Мазыр),

бел. паэтэса. Вучылася ў БДУ (1965—66), Літ. ін-це імя Горкага ў Маскве (1966—69), скончыла Маскоўскі літ. ін-т (1986). З 1972 у Бабруйску. Настаўнічала, працавала ў саўгасе, на радыё, у прэсе. Друкуецца з 1960. Аўтар зб-каў паэзіі «Белая Бярэзіна» (1981), «Кветкі палявыя» (1985), «Званы чалавечнасці» (1988), «Далеч-далячынь» (1991). Паэма «Незабудкі памяці» пра трагічны час культу асобы, рэпрэсіі супраць нявінных людзей навеяна лёсам дзеда. Любоў да роднай зямлі і яе людзей, памяць пра тых, хто аддаў жыццё за Радзіму, клопаты і трывогі сучасніка, вернасць высокім ідэалам, шчырасць і непасрэднасць пачуццяў — гал. ў лірыцы паэтэсы.

І.У.Саламевіч.

т. 2, с. 343

БАСУРМА́Н,

басурманін, 1) устарэлая назва нехрысціяніна, пераважна мусульманіна (у Расіі — неправаслаўнага). У ВКЛ прававое становішча басурманаў рэгулявалася Статутамі ВКЛ, якія ў пэўнай ступені абмяжоўвалі іх правы. Басурман не меў права займаць дзярж. і адм. пасады, мець у няволі хрысціян, не мог быць панятым і інш. 2) Пераноснае значэнне — несумленны чалавек.

т. 2, с. 343

БАСУ́ТА

(Basuto),

плато на ПдУ Афрыкі, частка Драконавых гор, у Лесота. Пераважныя выш. 2300—3000 м, найб. — 3276 (г. Тхабана-Нтленьяна). Парэзана далінамі р. Аранжавая і яе прытокаў на шэраг асобных масіваў. Складзена з пясчанікаў і сланцаў, перакрытых базальтамі. Клімат субтрапічны вільготны. Высакагорная злакава-хмызняковая расліннасць, сухі стэп.

т. 2, с. 343