БАЛЕТМА́ЙСТАР
(ням. Ballettmeister),
аўтар і рэжысёр-пастаноўшчык балетаў, канцэртных танцавальных нумароў, танц. сцэн і асобных танцаў у оперы, драм. спектаклі, аперэце, мюзікле і інш. Творчасць балетмайстра рэалізуецца майстэрствам танцоўшчыкаў з улікам іх індывід. здольнасцяў. Можа выступаць і аўтарам сцэнарыя (лібрэта) твора, у якім ідэйная канцэпцыя ўвасабляецца ў сістэме харэагр. вобразаў. Балетмайстра — аўтара арыгінальнага харэагр. тэксту наз. таксама харэографам.
т. 2, с. 251
БАЛЕТО́ПСІС
(Boletopsis),
род базідыяльных грыбоў сям. балетопсідных. Вядомы 1 цыркумпалярны від — балетопсіс малалускаваты (Boletopsis subsquamosa). Пашыраны па ўсім зямным шары, акрамя Антарктыды. На Беларусі як вельмі рэдкі адзначаны ў Бярэзінскім запаведніку і Лагойскім раёне Мінскай вобласці. Расце на перагнойнай глебе ў хвойніках. Пладовыя целы з’яўляюцца ў вер.—кастрычніку. Малавядомы ядомы грыб.
Пладовае цела ў выглядзе шапкі на ножцы. Шапка дыям. 5—10 см, паўшарападобная, мясістая, пазней плоскапукатая, у цэнтры злёгку ўціснутая, матавая, брудна-шэрая, пры дакрананні цёмна-бурая. Гіменафор трубчасты: трубачкі белыя ці шараватыя. Поры круглаватыя, з узростам вуглаватыя, іншы раз лабірынтападобныя, зубчастыя. Ножка цэнтральная або эксцэнтрычная, да асновы ўздутая. Тканка (трама) белая, пры націсканні і засыханні набывае колер. Споры вуглаватыя, бясколерныя або буравата-дымчатыя.
т. 2, с. 251
«БАЛЕ́Т XX СТАГО́ДДЗЯ»
(Ballet du XXe siècle),
бельгійская харэаграфічная трупа. Створана ў 1960 у Бруселі М.Бежарам (кіраўнік да 1987). Выступае ў «Тэатры дэ ла Манэ», Каралеўскім цырку і на адкрытых арэнах, гастраліруе за мяжой. Адна з найб. вядомых труп, якая прапагандуе новыя формы харэагр. відовішча. У рэпертуары пераважна пастаноўкі Бежара. Ставіць класічныя балеты («Балеро» на муз. М.Равеля, «Жар-птушка», «Вясна свяшчэнная» і «Пятрушка» І.Стравінскага), спектаклі з выкарыстаннем сімф. і зборнай музыкі, розных формаў танц. і інш. пластыкі, часам са слоўным тэкстам для раскрыцця пэўных сац. ці сучасных псіхал. праблем. Сярод іх: «Дзевятая сімфонія» на муз. Л.Бетховена, «У гонар Вагнера» на яго ж музыку, «Рамэо і Джульета» на муз. Г.Берліёза, «Наш Фауст» на муз. І.С.Баха, «Прывід ружы» на муз. К.М.Вебера, «Ніжынскі, клоун божы» на зборную музыку і інш. З трупай выступалі М.Плісецкая («Балеро»), К.Максімава і У.Васільеў («Рамэо і Джульета», «Пятрушка»). Пры трупе дзейнічаюць школа і Еўрап. цэнтр удасканалення і даследаванняў («Мудра»).
т. 2, с. 251
БАЛЕ́Я,
бандарны выраб у беларусаў; авальная або круглая пасудзіна для мыцця бялізны і купання. Рабілася з кароткіх клёпак, што расстаўляліся вакол шырокага днішча; з вушкамі і без іх. Бытавалі пераважна ў зах. частцы Беларусі, на У у хатнім ужытку балею часцей замянялі ночвы. У наш час сустракаюцца рэдка.
т. 2, с. 251
БАЛІ́
(Bali),
мора ў Ціхім ак. паміж усх. канцавой часткай в-ва Ява і а-вамі Балі, Ламбок, Сумбава, Сулавесі і Мадура. Пл. 119 тыс. км². Сярэдняя глыб. 411 м, найб. — 1589 м. Т-ра вады 27—28 °C. Салёнасць 34‰. Прылівы мяшаныя (да 1,7 м). Гал. порт — Сурабая (Інданезія).
т. 2, с. 251
БАЛІ́
(Bali),
востраў у Малайскім архіпелагу, самы заходні з Малых Зондскіх а-воў, тэр. Інданезіі. Абмываецца на Пн морам Балі і на Пд Індыйскім ак. Пл. 5,6 тыс. км². Рэльеф гарысты, выш. да 3142 м (вулкан Агунг). Берагі стромкія, парэзаны слаба. Клімат субэкватарыяльны. Схілы гор пад трапічнымі лясамі (пальмы, цікавае дрэва). На прыбярэжных раўнінах вырошчваюць рыс, каву, какаву. Асн. гарады: Дэнпасар, Сінгараджа. Стараж. цэнтр інданезійскай і індуісцкай культуры («востраў тысячы храмаў», арх. помнікі «Каралеўскія магілы», 11 ст., і «Слановая пячора», каля 13 ст.), нар. мастацтва (разьба па дрэве і косці, маскі, дэкар. тканіны і інш.) і турызму.
т. 2, с. 251
БАЛІ́ (Bally) Шарль
(4.2.1865, Жэнева — 10.4.1947),
швейцарскі лінгвіст. Прадстаўнік жэнеўскай школы. Вучань і паслядоўнік Ф. дэ Сасюра. З 1913 праф. Жэнеўскага ун-та. Даследаваў агульную і франц. лексікалогію, стылістыку. Займаўся агульнай тэорыяй мовы («Агульная лінгвістыка і пытанні французскай мовы», 1932), вывучаў функцыянальныя і экспрэсіўныя ўласцівасці мовы як грамадскай з’явы.
т. 2, с. 251
БАЛІ́ВАР
(Bolívar),
група нафтавых радовішчаў у Венесуэле. Уваходзіць у Маракайбскі нафтагазаносны раён. Радовішчы (Тыя-Хуана, Бачакера, Лагунільяс і інш.) адкрыты ў 1917—30, распрацоўваюцца з 1922. Пачатковыя прамысл. запасы 4,3 млрд. т. Паклады на глыб. 160—4500 м. Шчыльн. нафты 888 кг/м³. Эксплуатуецца каля 7 тыс. свідравін. 2 нафтаправоды і 1 газаправод да гарадоў Пунта-Кардон і Амуай.
т. 2, с. 251
БАЛІ́ВАР (Bolívar) Сімон
(24.7.1783, г. Каракас, Венесуэла — 17.12.1830),
адзін з кіраўнікоў барацьбы за незалежнасць ісп. калоній у Амерыцы, ваенны і дзярж. дзеяч Паўд. Амерыкі. Адукацыю атрымаў у Еўропе. Актыўна ўдзельнічаў у звяржэнні ісп. панавання ў Венесуэле (1810) і абвяшчэнні яе рэспублікай (1811). Пасля яе разгрому стварыў у жн. 1813 2-ю Венесуэльскую Рэспубліку. У 1814 пацярпеў паражэнне і пакінуў радзіму. У 1815 надрукаваў «Ліст з Ямайкі» — праграму вызвалення Лац. Амерыкі і стварэння незалежных лацінаамер. дзяржаў. У 1816 вярнуўся ў Венесуэлу. Адмена рабства (1816) і дэкрэт пра надзяленне салдатаў вызв. арміі зямлёй (1817) забяспечылі яму падтрымку шырокіх масаў. У 1819 аб’яднаў Новую Гранаду і Венесуэлу ў федэрацыю Вялікая Калумбія і стаў яе прэзідэнтам. У 1822 далучыў правінцыю Кіта (сучасны Эквадор), у 1824 вызваліў Перу, у 1825 узначаліў рэспубліку ў Верхнім Перу, якую ў яго гонар назвалі Балівіяй. У 1826 распрацаваў Канстытуцыю для Балівіі. Прыхільнік ідэі стварэння Вялікай Федэрацыі лацінаамер. дзяржаў, якую не здолеў рэалізаваць на кангрэсе ў Панаме (1826). Сепаратысцкія выступленні прывялі да звяржэння ўлады Балівара ў Перу і Балівіі. На пач. 1830 пайшоў у адстаўку.
т. 2, с. 251
БАЛІ́ВАР
(Bolívar),
самая высокая вяршыня Кардыльеры-дэ-Мерыда, у Венесуэле. Выш. 5007 м. Названа ў гонар С.Балівара.
т. 2, с. 251