БАЛА́НСКІ ПРАХО́Д,
горны праход у Пакістане, на стыку гор Мекран і Сулейманавых. Выш. 1792 м. Злучае ўнутр. раёны Іранскага нагор’я з далінай р. Інд. Праз Баланскі праход да мяжы з Афганістанам пракладзены чыгунка і шаша.
т. 2, с. 239
БАЛА́НСНАЯ СХЕ́МА,
разгалінаваны электрычны ланцуг, у якім пры зменах некаторых яго параметраў (супраціўленне, ёмістасць або інш.) устанаўліваецца (ці парушаецца) раўнавага (баланс) токаў ці напружанняў. Выкарыстоўваецца ў вымяральнай тэхніцы, радыёсувязі, тэлеф. сувязі і інш.
т. 2, с. 239
БАЛА́НС ГРУНТАВЫ́Х ВО́ДАЎ,
колькасны паказчык намнажэння і расходавання грунтавых водаў на пэўнай тэрыторыі за вызначаны час. Прыходная частка — жыўленне за кошт прасочвання (інфільтрацыя) атм. ападкаў і паверхневых водаў (рэк, азёраў, балотаў, арашальных і інш.), кандэнсацыі вадзяной пары, паступлення з больш глыбокіх напорных гарызонтаў. Расходная частка — падземны сцёк, выпарэнне з паверхні грунтавых водаў, транспірацыя раслінамі, рачны сцёк. Баланс грунтавых водаў залежыць ад клімату (колькасці і віду атм. ападкаў, т-ры паветра), глебава-расліннага покрыва, формаў рэльефу, саставу і структуры горных парод у зоне аэрацыі, гасп. дзейнасці чалавека (водазабор, меліярацыя і інш.). На Беларусі прыходная частка балансу рэзка павялічваецца пры раставанні снегу і ў час працяглых дажджоў. Элементы балансу вызначаюцца ў выніку працяглых назіранняў на гідрагеалагічных стацыянарах. Вывучэнне балансу грунтавых водаў неабходна для колькаснай ацэнкі рэсурсаў грунтавых водаў і рацыянальнага іх выкарыстання на водазабеспячэнне, для прагнозу іх рэжыму на меліяраваных землях, горных вырабатках, у зоне падпору каля вадасховішчаў і інш.
М.С.Капора.
т. 2, с. 238
БАЛАНТЫДЫЁЗ,
балантыдыяз, інвазійная хвароба свіней, буйной рагатай жывёлы, трусоў і чалавека, якая пашкоджвае сценкі тоўстага кішэчніка. Узбуджальнікі — паразітычныя інфузорыі з роду Balantidium. Рэгіструецца ўсюды, у т. л. на Беларусі. Найчасцей хварэюць парасяты і падсвінкі. Крыніца інфекцыі — хворыя жывёлы. Заражэнне адбываецца праз ежу, кармы, ваду, гной, ад брудных рук. Заглынутыя цысты ў кішэчніку ператвараюцца ў інфузорый, якія выклікаюць запаленне кішэчніка з утварэннем язваў, з’яўляецца панос з дамешкамі слізі і крыві, знясіленне. Лячэнне тэрапеўтычнае. Гл. таксама Дызентэрыя.
т. 2, с. 239
БАЛАНТЫ́ДЫЙ КО́ЛІ
(Balantidium coli),
прасцейшае атр. роўнараснічных інфузорый. Паразітуе ў тоўстым кішэчніку чалавека, свіней і буйн. раг. жывёлы, узбуджальнік балантыдыязу і каліту. Упершыню выяўлены ў свіней ням. пратазаолагамі Р.Лейкартам і Ф.Штэйнам (1862).
Даўж. цела 30—150, шыр. 20—110 мкм, несіметрычнае, авальнае, укрыта кароткімі раснічкамі. Мае ротавую адтуліну, 2 ядры, 2 скарачальныя вакуолі. Размнажаецца папярочным дзяленнем. Жывіцца рэшткамі ежы ў калавых масах, элементамі крыві, крухмалам, зрэдку асобінамі свайго віду. Утварае цысты, якія з калам выходзяць з кішэчніка.
т. 2, с. 239
БАЛАНЧЫВА́ДЗЕ,
грузінскія кампазітары. Бацька і сын.
Мелітон Антонавіч (5.1.1863, в. Баноджа, каля г. Цхалтуба — 21.11.1937), нар. арт. Грузіі (1933). Вучыўся ў Пецярбургскай кансерваторыі ў М.Рымскага-Корсакава. Збіраў нар. песні, кіраваў харамі. У 1918 заснаваў Кутаіскае муз. вучылішча (цяпер яго імя). Адзін з пачынальнікаў груз. оперы («Тамара Каварная», 1897, паводле драм. паэмы «Дарэджан Каварная» А.Цэрэтэлі) і раманса.
Андрэй Мелітонавіч (н. 1.6.1906, С.-Пецярбург), нар. арт. СССР (1968), Герой Сац. Працы (1986). Скончыў Тбіліскую (1926, клас М.Іпалітава-Іванава) і Ленінградскую (1931) кансерваторыі. З 1935 выкладаў у Тбіліскай кансерваторыі (з 1942 праф.). Адзін з заснавальнікаў груз. кампазітарскай школы сав. часу. Аўтар 3 опер. у тым ліку «Мзія» (1950), першага нац. балета «Сэрца гор» («Мзечабукі», 1936), балетаў «Старонкі жыцця» (1961), «Мцыры» (1964), 4 сімфоній, 4 канцэртаў для фп. з арк., канцэрта для фп. і струннага арк. (1978), камерна-інстр. ансамбляў, фп. п’ес, хароў, песень, музыкі да спектакляў драм. т-ра і кінафільмаў. Дзярж. прэміі СССР 1946 і 1947. Дзярж. прэмія Грузіі 1969.
Літ.:
Хучуа П. Мелитон Баланчивадзе Тбилиси, 1964;
Орджоникидзе Г. Андрей Баланчивадзе. Тбилиси, 1967;
А.Баланчивадзе: Сб. статей и материалов. Тбилиси, 1979.
т. 2, с. 239
БАЛАНЧЫ́Н
(Balanchine) Джордж (сапр. Баланчывадзе Георгій Мелітонавіч; 22.1.1904, С.-Пецярбург — 30.4.1983),
амерыканскі балетмайстар. Сын М.А.Баланчывадзе. Скончыў Тэатр. вучылішча пры Марыінскім т-ры (1921, Петраград). У 1925—29 гал. балетмайстар трупы «Рускі балет С.П.Дзягілева». З 1933 у ЗША. Арганізатар і кіраўнік «Школы амерыканскага балета» (разам з Л.Кірштайнам, 1933) і на яе аснове трупы «Амерыканскі балет» (з 1948 «Нью-Йоркскі гарадскі балет»). Стваральнік амер. балетнага мастацтва і стылю неакласіцызму ў харэаграфіі. Аўтар сімф. балетаў «Канчэрта барока» на муз. І.С.Баха (1941), «Чатыры тэмпераменты» на муз. П.Хіндэміта (1946), «Сімфонія до мажор» на муз. Ж.Бізэ (1947), 27 кампазіцый і балетаў на музыку І.Стравінскага, у тым ліку «Апалон Мусагет» (1928), «Арфей» (1948), «Агон» (1957) і інш.
т. 2, с. 239
БАЛАНЫ́НІ
(Bolognini) Маўра (н. 28.6.1922),
італьянскі кінарэжысёр. Вучыўся ў Эксперым. цэнтры ў Рыме. Майстар экранізацый твораў італьян. і франц. л-ры: «Бурная ноч» П.Пазаліні (1959), «Недарэчны дзень» А.Маравія (1960), «Цудоўны лістапад» Э.Паці (1968), «Пармскі манастыр» Стэндаля (1980, тэлевізійны) і інш.
т. 2, с. 239
БАЛА́СТ
(галанд. Ballast),
1) груз (вада, пясок і інш.), які забяспечвае ўстойлівасць і асадку карабля. Сучасныя марскія судны, асабліва падводныя лодкі, выкарыстоўваюць як баласт ваду (заліваецца ў баластавыя цыстэрны).
2) Груз для рэгулявання пад’ёмнай сілы паветраплавальнага апарата (напр., аэрастата).
3) Слой сыпкіх матэрыялаў (друз, гравій і інш.) на чыг. палатне, які стварае пругкую аснову для шпалаў чыг. пуці, адводзіць ваду, перашкаджае падоўжным і папярочным перамяшчэнням рэйка-шпальнай рашоткі, забяспечвае плаўны ход рухомага саставу.
2) У пераносным значэнні — усё лішняе, непатрэбнае.
т. 2, с. 239
БА́ЛАТАН
(Balaton),
возера ў Венгрыі, на Сярэднедунайскай раўніне, каля паўд.-ўсх. падножжа гор Бакань на выш. 105 м. Пл. 598 км². Даўж. з ПдЗ на ПнУ 78 км. Глыб. да 11 м. Берагі пераважна нізкія, часткова забалочаныя, уздоўж паўн. ўзбярэжжа месцамі высокія. У Балатан упадае шмат кароткіх рэк, сцёк з возера праз канал ў р. Шыо (бас. Дуная). Суднаходства. Рыбалоўства. Балатан і яго наваколле — курортны раён міжнар. значэння. Па берагах гарады Шыяфок, Кестхей; ландшафтны заказнік Ціхань, рэзерват Кішбалатан.
т. 2, с. 240