Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БАЛА́НАЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура бронзавага веку (3-е тыс. — 9 ст. да нашай эры) у басейне Сярэдняй Волгі. Назва ад могільніка каля в. Баланава ў Чувашыі. Насельніцтва займалася жывёлагадоўляй, магчыма, земляробствам, мела ўласную металургію медзі, колавы транспарт. Жыло пераважна ў зрубных дамах на ўмацаваных паселішчах. Пахавальны абрад — адзіночныя і парныя трупапалажэнні ў грунтавых магілах (ранні этап), калектыўныя трупапалажэнні пад курганамі. Нябожчыкаў хавалі ў драўляных скрынях ці кашолках, у скурчаным стане. У кераміцы пераважаў шарападобны посуд, упрыгожаны геам. арнаментам, адбіткамі штампаў. Сярод вырабаў з каменю — свідраваныя і клінападобныя сякеры, матыкі, цёслы, наканечнікі стрэл; пашыраны медныя наканечнікі коп’яў, сякеры, упрыгожанні. Некаторыя вучоныя адносяць Баланаўскую культуру да шнуравой керамікі культур, іншыя лічаць лакальнай групай фацьянаўскай культуры.

т. 2, с. 237

БАЛА́НДЗІН Аляксей Аляксандравіч

(20.12.1898, С.-Пецярбург — 22.5.1967),

савецкі хімік. Акад. АН СССР (1946, чл.-кар. 1943). Скончыў Маскоўскі ун-т (1923). З 1927 працаваў там жа, адначасова з 1935 у Ін-це арган. хіміі АН СССР. Навук. працы ў галіне арган. каталізу. Стварыў мультыплетную тэорыю каталізу, паводле якой існуе структурная і энергет. адпаведнасць паміж рэагавальнымі малекуламі і цвёрдым каталізатарам; распрацаваў класіфікацыю арган. каталітычных рэакцый, па якой прадказаны многія рэакцыі дэгідрагенізацыі. Дзярж. прэмія СССР 1946.

Тв.:

Избр. труды. Т. 1—2. М., 1972.

т. 2, с. 238

БАЛАНДЫ́СТЫ,

навуковае таварыства бельгійскіх езуітаў, што рэдагуе і выдае жыціі святых каталіцкай царквы. Засн. ў Антверпене Ж.Боландам, які ў 1643 пачаў выдаваць «Жыціі святых» (Acta Sanctorum; да 1942 выйшла 67 т.). Выдаюць таксама штоквартальнік Analekta bollandiana (з 1882) і бюлетэнь бягучых агіяграфічных выданняў (з 1886). Цэнтр т-ва ў Бруселі.

т. 2, с. 238

БАЛАНІ́Т

(ад грэч. balanos галоўка палавога члена + ...іт),

запаленне скуры галоўкі палавога члена. Звычайна спалучаецца з баланапастытам. Узнікае пры ўздзеянні мікробаў, інфекцыі (ганарэйнай, трыхаманаднай, сіфілітычнай і інш.), пры затрымцы мачы, сахарным дыябеце, мочакамянёвай хваробе, алергічных хваробах (экзэма, крапіўніца), калі не выконваюцца правілы гігіены. Выяўляецца свербам, болямі і рэзямі пры мочаспусканні, пачырваненнем, іншы раз балючымі язвамі з крывяніста-гнойнымі выдзяленнямі. Лячэнне: антыбактэрыяльная тэрапія (антыбіётыкі, сульфаніламіды і інш.), мясцовае — ванначкі з дэзінфіцыруючымі растворамі, прысыпкі.

т. 2, с. 238

БАЛА́НС

(франц. balance літар. вагі) у эканоміцы, сістэма паказчыкаў, якая характарызуе пэўную з’яву праз супастаўленне асобных яе частак (бакоў),

якія павінны ўраўнаважваць адна адну. Дае магчымасць скаардынаваць патрэбнасці і рэсурсы, сувымяраць затраты і вынікі вытв.-гасп. дзейнасці на асобных прадпрыемствах, у галінах эканомікі ці маштабе ўсёй нар. гаспадаркі, у межах пэўных рэгіёнаў ці ўсёй краіны. Як правіла, баланс складаецца з 2 частак: 1-я характарызуе ўтварэнне рэсурсаў па крыніцах паступлення, 2-я — іх размеркаванне па кірунках выкарыстання.

Асобныя віды ці элементы балансу выкарыстоўваліся ў эканам. практыцы здаўна. У 18 ст. шатландскі эканаміст Дж.Сцюарт увёў тэрмін «плацежны баланс». На пач. 20 ст. ў Вялікабрытаніі і ЗША прапанавана методыка яго складання, стандартызаваная Лігай Нацый і Міжнар. валютным фондам для ўсіх краін свету. Пазней сістэма балансу і балансавы метад распрацаваны ў СССР і выкарыстоўваліся ў сацыяліст. краінах, у тым ліку на Беларусі, як найважнейшы інструмент планавай эканомікі. У краінах з развітой рыначнай эканомікай выкарыстоўваюцца міжнар. сістэма нацыянальных рахункаў, але не выключаецца і магчымасць выкарыстання балансу. Напрыклад, у 1930-я г. В.Лявонцьеў з дапамогай міжгаліновага балансу вывучаў структуру амер. эканомікі. Гэты метад атрымаў назву «затраты—выпуск».

Самы пашыраны — бухгалтарскі баланс, які з’яўляецца асн. дакументам бухгалтарскай справаздачнасці прадпрыемстваў і ўстаноў. Ён складаецца ў форме 2 табліц — актыву (адлюстроўвае склад, размяшчэнне і выкарыстанне гасп. сродкаў) і пасіву (крыніцы ўтварэння гэтых сродкаў і іх мэтавае прызначэнне). Астатнія балансы падзяляюцца на матэрыяльныя, вартасныя і балансы нар. гаспадаркі (з яго састаўнымі часткамі). Матэрыяльныя балансы адлюстроўваюць вытв-сць і выкарыстанне відаў прадукцыі, сыравіны, матэрыялаў, наяўнасць і выкарыстанне вытв. магутнасцяў, абсталявання, асн. фондаў і інш.; распрацоўваюцца ў фіз. адзінках, умоўна-натуральным і вартасным выражэнні. З матэрыяльных балансаў найб. пашыраныя: паліўна-энергетычны (характарызуе наяўнасць, размеркаванне і выкарыстанне паліва і энергіі); вытворчых магутнасцяў [паказвае наяўныя магутнасці на пач. і канец пэўнага перыяду, іх рух (прырост, выбыццё), ступень выкарыстання ў выпуску канкрэтных відаў прамысл. прадукцыі]; машын і абсталявання (адлюстроўвае іх наяўныя рэсурсы і размеркаванне па відах выкарыстання); асноўных фондаў (характарызуе іх узнаўленне ў маштабе нар. гаспадаркі, галіны эканомікі, а таксама па формах уласнасці). Да матэрыяльных балансаў адносяць таксама балансы зямельных угоддзяў, с.-г. прадукцыі, кармоў і інш. Вартасныя балансы адлюстроўваюць утварэнне даходаў з усіх крыніц паступлення і іх размеркаванне па кірунках выкарыстання. З вартасных балансаў найб. пашыраны: баланс грашовых даходаў і расходаў насельніцтва па краіне, яе асобных рэгіёнах, па сац. групах для разліку рэальных даходаў і пакупніцкай здольнасці насельніцтва, попыту і прапаноў на тавары, рэгулявання грашовага абарачэння і эмісіі грошай; баланс фінансавых рэсурсаў — прагнозна-аналітычны дакумент, паказчыкі якога з’яўляюцца асновай для распрацоўкі дзярж. бюджэту, абгрунтавання падатковай, цанавой і крэдытнай палітыкі краіны; плацежны баланс адлюстроўвае знешнеэканам. аперацыі краіны за пэўны перыяд (ён актыўны, калі сума грашовых паступленняў перавышае суму расходаў і плацяжоў, і пасіўны, калі сума расходаў і плацяжоў большая за суму паступленняў); гандлёвы баланс — суадносіны экспарту і імпарту тавараў у краіне, аснова плацежнага балансу. Сярод працоўных балансаў асн. з’яўляецца баланс працоўных рэсурсаў, які складаецца па краіне, абласцях і раёнах, уключае звесткі пра наяўныя рэсурсы і пра іх выкарыстанне па сферах, галінах і відах занятасці.

З 1926 у СССР, у тым ліку БССР, распрацоўваўся баланс народнай гаспадаркі для характарыстыкі працэсу грамадскага ўзнаўлення, яго маштабаў, тэмпаў, прапорцый, стану і тэндэнцый развіцця ўнутр. эканам. сувязяў. Ён складаўся з 4 асн. раздзелаў: баланс сукупнага грамадскага прадукту, нац. даходу, працоўных рэсурсаў і зводнай табліцы, якая абагульняла ўсе раздзелы і адлюстроўвала збалансаванасць асн. элементаў нар. гаспадаркі. Аднак сістэма разлікаў, асабліва валавога прадукту і нац. даходу, істотна адрознівалася ад міжнар. практыкі і скажала рэальны стан эканомікі. Таму з 1995 баланс нар. гаспадаркі Беларусі не распрацоўваецца. Спынена і распрацоўка балансу грамадскага прадукту (адлюстроўваў агульны аб’ём вытв-сці прадукцыі, яе матэрыяльна-рэчыўную, галіновую і сац. структуру), балансу нацыянальнага даходу (паказваў яго вытв-сць, размеркаванне і выкарыстанне) і міжгаліновага балансу (інструмент эканам. аналізу і ўстанаўлення прапорцый у працэсе расшыранага ўзнаўлення ў маштабе галін нар. гаспадаркі). Гэтыя балансы трансфармуюцца з улікам стандартаў міжнар. сістэмы нац. рахункаў.

Н.Б.Антонава.

т. 2, с. 238

БАЛА́НСАВАЯ ВА́РТАСЦЬ асноўных фондаў, ацэначная іх вартасць на пачатак і канец года. Складаецца з вартасці асн. фондаў, што знаходзяцца на балансе па аднаўленчай вартасці на момант апошняй іх ацэнкі, і вартасці асн. фондаў, уведзеных у эксплуатацыю ў наступныя гады і ацэненых па іх поўнай першапач. вартасці. Балансавая вартасць выкарыстоўваецца для разліку сярэднегадавых аб’ёмаў асн. фондаў, налічэння амартызацыі, вызначэння ўзроўню эфектыўнасці вытв-сці. У рыначнай эканоміцы вызначаюць балансавую вартасць актыву (як першапач. вартасць доўгатэрміновага актыву за вылікам зносу), балансавую вартасць кампаніі, ці чыстыя актывы, уласны капітал (як сукупныя актывы кампаніі за вылікам сукупных абавязацельстваў), балансавую вартасць акцыі (вызначаецца паводле спец. методыкі на аснове ўліковай дакументацыі кампаніі).

т. 2, с. 239

БАЛА́НСАВАЯ ДРАЎНІ́НА,

баланс, круглы лесаматэрыял з лісцевых і хвойных дрэў у выглядзе адрэзкаў ствала (даўж. 0,75—3 м, дыям. 6—40 см). Выкарыстоўваецца як сыравіна на выраб паперы і цэлюлозы.

т. 2, с. 239

БАЛАНСАМЕ́Р,

прылада для вымярэння радыяцыйнага балансу. Найб. пашыраны балансамер тэрмаэлектрычны, прыёмная частка якога — 2 тонкія медныя пласцінкі; зачэрненая паверхня адной павернута ўгару і ўспрымае радыяцыю ад Сонца і атмасферы, паверхня другой павернута для Зямлі і адзначае выпрамяненне зямной паверхні і адбітую радыяцыю. Тэрмаэлементы фіксуюць розніцу т-р паміж пласцінкамі, што дае магчымасць вызначаць радыяцыйны баланс.

т. 2, с. 239

БАЛАНСІ́Р

(франц. balancier каромысел, маятнік),

1) двухплечы (часам аднаплечы) рычаг, які можа выконваць хістальныя рухі вакол нерухомай восі. Прызначаны для перадачы (або ўраўнаважвання) намаганняў на далучаныя да яго цягі ў помпах, вагах, свідравальных устаноўках, рэсорных падвесках лакаматываў і вагонаў.

2) Балансір, або баланс, — галоўны рэгулятар (грузік), які замяняе сабой маятнік у гадзіннікавым механізме.

т. 2, с. 239

БАЛАНСІРО́ЎКА,

ураўнаважванне вярчальных частак у машынах і механізмах. Праводзіцца гал. ч. для ліквідацыі (зняцця) іх неўраўнаважанасці (дысбалансу), дынамічных нагрузак, што дзейнічаюць на апоры хуткавярчальных дэталяў машын (ротараў, каленчатых валоў і інш.) і прыводзяць да заўчаснага іх зношвання. Балансіроўка заключаецца ў вызначэнні масы і месца прыкладання процівагаў.

Адрозніваюць дынамічную балансіроўку, што выконваецца на балансіровачным станку пры наданні вярчэння дэталі, якая балансуецца, і статычную, калі дэталь ураўнаважваюць адной процівагай у адвольна выбранай плоскасці, зыходзячы з таго, каб цэнтр цяжару дэталі ляжаў на восі вярчэння.

т. 2, с. 239