Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БАРАДА́ЎКА Павел Рыгоравіч

(23.1.1908, в. Асташова Чашніцкага р-на Віцебскай вобласці — 19.6.1968),

поўны кавалер ордэна Славы. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну на фронце з чэрв. 1941. Удзельнік Маскоўскай і Курскай бітваў, вызвалення Беларусі, Польшчы, баёў ва Усх. Прусіі. Наводчык мінамёта Барадаўка вызначыўся ў 1944 у час прарыву абароны праціўніка каля Рагачова, у 1945 у баях на тэр. Польшчы і штурме Кёнігсберга.

т. 2, с. 288

БАРАДА́Ч,

ягнятнік (Gypaētus barbatus), драпежная птушка сямейства ястрабіных. Трапляецца ў гарах Азіі, Афрыкі, Паўд. Еўропы.

Даўж. да 1,1 м, маса да 6,5 км. Галава, шыя і брушны бок цела белаватыя або жаўтаватыя, спіна чарнаватая. Пад дзюбай пучок чорных воласападобных пёраў, якія ўтвараюць бараду (адсюль назва). Крылы доўгія (размах да 2,7 м) і вострыя, хвост клінападобны. Лапы і кіпцюры моцныя. Гнёзды ў шчылінах скал або ў пячорах. Нясе 1 яйцо. Корміцца пераважна мярцвячынай, а таксама дробнымі звярамі, птушкамі. Колькасць скарачаецца, быў занесены ў Чырв. кнігу СССР.

т. 2, с. 288

БАРАДЗІ́Н Аляксандр Парфіравіч

(12.11.1833, С.-Пецярбург — 27.2.1887),

рускі кампазітар і вучоны-хімік. Скончыў Медыка-хірургічную акадэмію ў Пецярбургу (1856). Д-р медыцыны (1858). Праф. (1864), заг. кафедры хіміі (з 1874), акадэмік (1877) Медыка-хірург. акадэміі. Член-заснавальнік Рус. хім. т-ва (1868). Адзін з арганізатараў і педагогаў (1872—87) Жаночых урачэбных курсаў. Музыцы вучыўся самастойна. Уваходзіў у «Магутную кучку». Паслядоўнік М.Глінкі. Найб. значны твор — опера «Князь Ігар» (не завершана, скончана М.Рымскім-Корсакавым і А.Глазуновым, паст. 1890), дзе аб’яднаны рысы эпічнай оперы і гіст. нар.-муз. драмы. Адзін са стваральнікаў рус. класічнай сімфоніі, квартэта, наватар у галіне камерна-вак. лірыкі, майстар раманса. Аўтар оперы-фарсу «Багатыры» (1867); 3 сімфоній (у тым ліку 1-я, 1867; 2-я «Багатырская», 1876); муз. карціны «У Сярэдняй Азіі» (1880); камерна-інстр. ансамбляў; «Маленькай сюіты» для фп.; твораў для фп. ў 2 і 4 рукі; рамансаў на сл. А.Пушкіна, М.Някрасава, Г.Гейнэ, уласныя і інш.; вак. ансамбляў і інш. Барадзін — аўтар навук. прац у галіне арган. хіміі. Распрацаваў метад атрымання бромзамяшчальных тлустых кіслот. Першы атрымаў фторысты бензаіл. Даследаваў полімерызацыю і кандэнсацыю альдэгідаў.

Тв.:

Письма: Полн. собр... Вып. 1—4. М.; Л., 1927—50.

Літ.:

Зорина А.П. А.П.Бородин. М., 1987.

т. 2, с. 288

БАРАДЗІ́Н Іван Парфенавіч

(30.1.1847, Ноўгарад — 5.3.1930),

рускі батанік. Акад. Пецярбургскай (1902), потым АН СССР і АН УССР (1925). Праф. (1880). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1869), працаваў у ім жа. У 1917—19 віцэ-прэзідэнт Пецярбургскай АН. Навук. працы па фізіялогіі і анатоміі раслін. Упершыню вылучыў хларафіл у крышталёвым стане (1882). Выказваў віталістычныя погляды на сутнасць жыццёвых працэсаў. Ініцыятар стварэння прэснаводнай біял. станцыі на воз. Балагое (1897), заснавальнік і прэзідэнт Рус. бат. т-ва (1915). Аўтар «Курса анатоміі раслін» і «Кароткага падручніка батанікі» (1888), «Курса дэндралогіі» (1891).

т. 2, с. 288

БАРАДЗІ́Н

(Грузенберг) Міхаіл Маркавіч (9.7.1884, г.п. Янавічы Віцебскага р-на — 29.5.1951),

рэвалюцыянер, сав. дзярж. і паліт. дзеяч. У рэв. руху з 1900, чл. Бунда. У 1907—18 у ЗША: стварыў у Чыкага спец. школу для эмігрантаў, удзельнічаў у рабоце сацыяліст. партыі Амерыкі, быў казначэем Т-ва дапамогі рус. палітвязням. З 1919 ген. консул РСФСР у Мексіцы, адначасова працаваў у Камінтэрне. У 1923—27 у Кітаі — паліт. саветнік ЦВК, нац. рэв. партыі Гаміньдана, потым у СССР нам. наркома працы, нам. дырэктара ТАСС, з 1932 гал. рэдактар газ. «Moscow News» («Маскоўскія навіны»), у Вял. Айч. вайну ў рэдакцыі Саўінфармбюро. У 1951 рэпрэсіраваны, рэабілітаваны пасмяротна.

т. 2, с. 288

БАРАДЗІ́Н Сяргей Пятровіч

(25.9.1902, Масква — 22.6.1974),

рускі пісьменнік. Скончыў Вышэйшы літ.-маст. ін-т імя В.Я.Брусава (1926). З 1951 жыў у Ташкенце. Аўтар раманаў пра жыццё народаў Сярэдняй Азіі 1920-х г. «Апошняя Бухара», «Егіпцянін» (абодва 1932), гістарычных «Дзмітрый Данскі» (1941, Дзярж. прэмія СССР 1942), «Белы конь» (не завершаны, надрук. 1975—77), «Іван Каліта» (не завершаны, надрук. 1977), трылогіі «Зоркі над Самаркандам» («Кульгавы Цімур», 1953—54; «Кастры паходу», 1957—59; «Імгненны Баязет», 1972—73). Напісаў аповесць «Нараджэнне кветак» (1938). Навелы і ўспаміны ў кнізе «Дарогі» (выд. 1975).

т. 2, с. 288

БАРАДЗІ́Н Цімафей Сцяпанавіч

(жн. 1917, Гомель — 20.6.1942),

адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Гомельскага патрыятычнага падполля ў Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1965). Вучыўся ў Маскоўскім паліграф. ін-це (1941). У Айч. вайну арганізаваў і ўзначаліў групу падпольшчыкаў. З ліст. 1941 кіраўнік Гомельскага падп. аператыўнага цэнтра па каардынацыі дзейнасці падп. груп. У маі 1942 з некалькімі чл. групы арыштаваны фашыстамі і расстраляны.

т. 2, с. 289

БАРАДЗІНА́ Наталля Васілеўна

(н. 21.8.1953, Мінск),

бел. спартсменка (тэніс). Майстар спорту СССР міжнар. класа (1979). Скончыла Бел. ін-т нар. гаспадаркі (1974). Чэмпіёнка Еўропы ў камандным першынстве (1979—80) і ў адзіночным разрадзе (1982), сярэбраны прызёр еўрап. першынства ў парным (1979), бронзавы прызёр у парным і змешаным разрадах і ў асабістым першынстве (1980). Чэмпіёнка СССР у асабістым першынстве (1977), у змешаным разрадзе (1979). З 1990 ст. трэнер аддзялення тэніса Рэсп. вучылішча алімп. Рэзерву.

т. 2, с. 289

БАРАДЗІ́НСКАЯ БІ́ТВА 1812,

генеральная бітва ў час вайны 1812 паміж рас. і франц. войскамі 7 вер. каля с. Барадзіно за 124 км на З ад Масквы.

Рас. арміі — 1-я Зах. на чале з ген. М.Б.Барклаем дэ Толі і 2-я Зах. пад камандаваннем ген. П.І.Баграціёна — пасля адыходу ад Смаленска 3 вер. спыніліся каля с. Барадзіно, дзе галоўнакаманд. ген. М.І.Кутузаў вырашыў прыняць бой, каб не дапусціць праціўніка да Масквы. Пазіцыі рас. часцей (правы фланг прыкрываўся р. Калоча, цэнтр — Баграціёнавымі флешамі і размешчанай на выш. Курганная батарэяй М.М.Раеўскага, левы фланг даходзіў да в. Уціца) перакрылі Новую Смаленскую дарогу, па якой рухаліся франц. войскі на чале з галоўнакаманд. імператарам Напалеонам I. Шэсць рас. дывізій на правым флангу і 4 дывізіі ў цэнтры падпарадкоўваліся Барклаю дэ Толі, 5 егерскіх палкоў на левым флангу — Баграціёну. 5 вер. франц. войскі (каля 40 тыс. чал., 186 гармат) пасля працяглага і цяжкага бою авалодалі перадавой рас. пазіцыяй — Шавардзінскім рэдутам, які абаранялі часці ген.-лейт. А.П.Гарчакова (12 тыс. чал., 46 гармат).

У Барадзінскай бітве рас. войскі налічвалі 154,8 тыс. чал. (у тым ліку 11 тыс. казакоў і 28,5 тыс. апалчэнцаў) і 640 гармат, франц. — 133,8 тыс. чал., 587 гармат. Бітва праходзіла як лабавая атака франц. сіламі рас. цэнтра — батарэі Раеўскага і Баграціёнавых флешаў, якія 6 разоў пераходзілі з рук у рукі паміж 9 і 12 гадз. Да 12 гадз Напалеон збіў рускіх з усіх пунктаў і рыхтаваўся нанесці сваімі рэзервамі (19 тыс. гвардзейцаў) вырашальны ўдар, аднак у выніку раптоўнага рэйду конніцы ген. Ф.П.Уварава і казакоў ген. М.І.Платава ў франц. тыл ледзь не трапіў у палон і загадаў адкласці атаку на наступны дзень. Артыл. кананада працягвалася да 17 гадз. У 18 гадз рас. войскі адышлі на лінію с. Горкі — Старая Смаленская дарога. З надыходам цемры Напалеон адвёў франц. часці за р. Калоча. Страты французаў склалі 50—58 тыс. чал. (у тым ліку 49 генералаў), расіян — 45,6 тыс. чал., з якіх 29 генералаў. Недахоп сіл змусіў Кутузава 8 вер. адступіць з войскамі ў бок Масквы. Напалеону не ўдалося разграміць рас. армію ў генеральнай бітве. На рас. баку ў ёй удзельнічалі ўраджэнцы Віцебскай, Гродзенскай, Мінскай губ., вызначыліся Брэсцкі і Мінскі пяхотныя палкі. На месцы бітвы дзейнічае Барадзінскі ваенна-гіст. музей (засн. ў 1903, пл. 110 км²).

Літ.:

Богданов Л.П. На поле Бородинском. 2 изд. М., 1987;

Вахрушев А.М. Зори Бородина: Ист. повествование. М., 1992.

У.Я.Калаткоў.

т. 2, с. 289

БАРАДЗІ́НСКІ СКАРБ,

Бесарабскі скарб, рэчавы скарб, знойдзены ў 1912 каля г.п. Барадзіно (зараз Таруцінскі р-н Адэскай вобл.). Датуецца 16—15 ст. да нашай эры. Знаходзіўся ў глінянай пасудзіне, належаў военачальніку ці правадыру племя. Складаўся з 6 каменных баявых сякер (1 з нефрыту), 3 булдавешак для булавы з алебастру, 2 наканечнікаў коп’яў, утулкі ад наканечніка кап’я, сярэбраных кінжала і шпількі. Рэчы рознага паходжання: наканечнікі коп’яў аналагічныя знаходкам з сеймінска-турбінскіх могільнікаў у Прыўраллі, каменныя вырабы — знаходкам з Каўказа, шпілька і кінжал — з Цэнтр. Еўропы. Захоўваецца ў Гіст. музеі ў Маскве.

т. 2, с. 289