Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БА́НДАР-СЕ́РЫ-БЕГАВА́Н

(Bandar Seri Begawan),

горад, сталіца Брунея. 52 тыс. ж. (1988). Порт на паўн.-зах. беразе в-ва Калімантан, каля вусця р. Кедаян. Міжнар. аэрапорт. Гандл. цэнтр. Дрэваапрацоўка, суднарамонт. ЦЭС. Ун-т. Музей У.Чэрчыля. Гісторыка-культ. музей. Вёска-музей на пáлях. Палац султана. Мячэць (найб. на Д. Усходзе). Старт. Цэнтр.

т. 2, с. 277

БА́НДЖА

(англ. banjo),

струнны шчыпковы інструмент. Напачатку мела драўляны, пазней метал. корпус у выглядзе бубна са скураной (цяпер пластыкавай) мембранай, доўгую шыйку з грыфам без ладоў (цяпер з ладамі), галоўку з калкамі, 4—9 жыльных (пазней металічных) струн. Гук рэзкі, востры, з шаргаценнем, хутка згасае, здабываецца пераважна плектрам. Завезена з Зах. Афрыкі ў ЗША каля 17 ст. Выкарыстоўвалася для акампанементу і сольнай ігры, пазней у традыц. джазе. У канцы 19 — пач. 20 ст. з’явіліся разнавіднасці банджа — пікала, тэнар, бас і яго мадыфікацыі — банджа-укулеле, банджа-мандаліна, банджа-гітара (падобныя да банджа колькасцю струн і настройкай).

т. 2, с. 277

БАНДЖАРМА́СІН

(Banjarmasin),

горад у Інданезіі. Адм. ц. правінцыі Паўд. Калімантан. 480,7 тыс. ж. (1990). Порт на Пд в-ва Калімантан. Аэрапорт. Вываз лесаматэрыялаў, каўчуку, нафты, вострых прыпраў. Гандл. цэнтр с.-г. раёна дэльты р. Барыта. Дрэваапр. прадпрыемствы. Суднаверфі. Ун-т.

т. 2, с. 278

БАНДЖУ́Л,

Банжул (Banjul), горад, сталіца Гамбіі. Адм. ц. акругі Банджул. Засн. ў 1816. Да 1973 называўся Батэрст. 150 тыс. ж. (1990). Порт на в-ве Сент-Мэры ў вусці р. Гамбія. Ачыстка, апрацоўка і вываз арахісу, вытв-сць арахісавага алею. Рачное і марское рыбалоўства. Перапрацоўка гародніны і рыбы. Прадпрыемствы лёгкай, дрэваапр., мэблевай, паліграф. прам-сці; аўтарамонт. Суднаверф. Музей. Нац. б-ка. На Пд ад Банджула — міжнар. аэрапорт.

т. 2, с. 278

БАНДЗЕ́ВІЧ Антон, бел. філосаф, прадстаўнік Гродзенскай філасофскай школы 18 ст. Аўтар курса лекцый і аналагічнага трактата «Філасофія арыстоцеліка-скотаўская...» (Гродна, 1757). Дэталёва распрацаваў раздзелы фармальнай логікі (лагічны квадрат, дыз’юнкцыі, кан’юнкцыі і гэтак далей), розныя тыпы сілагізмаў. У яго натурфіласофіі зроблены крок наперад у параўнанні з папярэднікамі: лічыў філасофію Дэкарта фікцыяй, прызнаваў сістэму Ц.Браге, не адмаўляў і вучэння М.Каперніка.

Літ.:

Очерки истории философской и социологической мысли Белоруссии (до 1917 г.). Мн., 1973.

Э.К.Дарашэвіч.

т. 2, с. 278

БАНДРО́ЎСКАЯ-ТУ́РСКАЯ

(Bandrowska-Turska) Эва (20.5.1899—1979),

польская спявачка (лірыка-каларатурнае сапрана). Праф. (1946). Вучылася ў Кракаўскай кансерваторыі (1911—13). У 1918—60 выступала ў краінах Еўропы і Амерыкі. Сярод партый: Графіня («Графіня» С.Манюшкі), Лючыя («Лючыя ды Ламермур» Г.Даніцэці), Разіна («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Мімі («Багема» Дж.Пучыні), Канстанца («Выкраданне з Сераля» В.А.Моцарта). Выканаўца камернай музыкі, тонкі інтэрпрэтатар песень К.Шыманоўскага, М.Равеля і інш. Дзярж. прэмія Польшчы 1952.

т. 2, с. 278

БАНДРО́ЎСКІ-САС

(Bandrowski-Sas) Аляксандр (22.4.1860, г. Любартаў, Польшча — 28.5.1913),

польскі спявак (драм. барытон, пазней тэнар). Адзін з лепшых оперных і камерных спевакоў свайго часу, выступаў у буйнейшых т-рах свету. Вядомы як выканаўца гераічных партый у операх Р.Вагнера, Дж.Меербера, Дж.Вердзі. Першы выканаўца партыі Манру ў аднайм. Оперы І.Падарэўскага (1901, Дрэздэн). Пісаў і перакладаў на польск. мову оперныя лібрэта. З 1909 выкладаў у Кракаўскай кансерваторыі (сярод вучняў Э.Бандроўская-Турская).

т. 2, с. 278

БАНДУ́НГ

(Bandung),

горад у Інданезіі, на в-ве Ява. Адм. ц. правінцыі Зах. Ява. 2 млн. ж. (1990). Трансп. вузел. Міжнар. аэрапорт. Тэкст. і харч. прам-сць; эл.-тэхн., гумаватэхн., металаапр. і зборныя прадпрыемствы, авіяц. з-д. Ун-т, нац. ін-ты: хіміі, фізікі, геалогіі, металургіі, электратэхнікі; ін-ты: тэкстыльны, тэхнікі і тэхналогіі, батыка і саматужных вырабаў; даследчы цэнтр па ядз. энергетыцы. Геал. музей. Музей выяўл. мастацтваў. Абсерваторыя. Горны курорт.

Засн. ў 1810. У 1942—45 акупіраваны Японіяй. У 1955 у Бандунгу адбылася канферэнцыя краін Азіі і Афрыкі (гл. Бандунгская канферэнцыя 1955).

т. 2, с. 278

БАНДУ́НГСКАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ 1955,

канферэнцыя 29 краін Азіі і Афрыкі, якая адбылася 18—24 красавіка ў г. Бандунг (Інданезія). Яе ініцыятары Бірма, Індыя, Інданезія, Пакістан і Цэйлон. Канферэнцыя асудзіла каланіялізм, палітыку расавай дыскрымінацыі і сегрэгацыі; яе рашэнні замацаваны ў рэзалюцыях (аб праблемах залежных народаў, правах чалавека, аб самавызначэнні, эканам. і культ. супрацоўніцтве) і дэкларацыі аб садзейнічанні ўсеагульнаму міру і супрацоўніцтву, у аснову якой пакладзены пяць прынцыпаў мірнага суіснавання (Панча шыла). Ідэі Бандунгскай канферэнцыі леглі ў аснову Каірскай канферэнцыі салідарнасці краін Азіі і Афрыкі (1957—58) і Акрскіх канферэнцый краін Афрыкі (1958).

т. 2, с. 278

БАНДУ́РА

(польск. bandura ад грэч. pandura),

украінскі нар. шматструнны (7—40) шчыпковы інструмент тыпу лютнепадобных. Вядома з 15 ст. Наз. таксама кобзай. Мае драўляны выдзеўбаны корпус грушападобнай формы, значна расшыраны злева. Дэка плоская, з круглай ці зоркападобнай рэзанатарнай адтулінай, шыйка кароткая, без ладоў, невял. адагнутая галоўка з завітком. Меладычныя струны («прыстрункі») нацягнуты ўздоўж корпуса і мацуюцца з яго левага боку, басовыя (бунты) — уздоўж грыфа, мацуюцца калкамі на галоўцы (служаць для акампанементу). Гукарад дыятанічны (цяпер часцей храматычны).У 1920-х г. бандура ўдасканалена, павялічылася колькасць струн, утварылася сям’я бандур — прыма, альт, бас, кантрабас. Выкарыстоўваецца ў капэлах бандурыстаў, аркестрах і ансамблях нар. інструментаў.

т. 2, с. 278