БАГДА́НАЎ,
пасёлак на Беларусі, у Валожынскім раёне Мінскай вобл., за 2 км ад р. Альшанка. Цэнтр сельсавета і калгаса, чыг. станцыя на лініі Маладзечна—Ліда. За 30 км на ПнЗ ад Валожына, 105 км ад Мінска. 504 ж., 187 двароў (1995). Сярэдняя школа, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. Воінаў.
т. 2, с. 202
БАГДА́НАЎ
(сапр. Маліноўскі) Аляксандр Аляксандравіч (22.8.1873, г. Саколка Беластоцкага ваяв., Польшча — 7.4.1928),
расійскі філосаф, сацыёлаг, эканаміст, паліт. дзеяч. Скончыў мед. ф-т Харкаўскага ун-та (1899). Чл. РСДРП у 1896—1909. Адзін з лідэраў адзавістаў. З 1917 выкладаў эканоміку ў Маскоўскім ун-це, з 1918 ідэолаг Пралеткульта. Дырэктар (з 1926) заснаванага ім першага ў свеце Ін-та пералівання крыві. Стварыў суб’ектыўна-ідэалаг. філас. сістэму эмпірыяманізму. Распрацоўваў навуку аб агульных прынцыпах арганізацыі — тэкталогію, у якой выказаў шэраг ідэй, што пазней развіты ў агульнай тэорыі сістэм, кібернетыцы і канцэпцыях навук. арганізацыі працы. Аўтар утапічных раманаў «Чырвоная зорка» (1908) і «Інжынер Мэні» (1912). Памёр у выніку пастаўленага на сабе доследу.
Тв.:
Эмпириомонизм. Кн. 1—3. М.; СПб., 1904—06;
Революция и философия. СПб., 1905;
Философия живого опыта. СПб., 1913;
Всеобшая организационная наука: (Тектология). Ч. 1—2. М., 1913—17;
Ч.3. Берлин;
Пг.;
М., 1922;
Введентие в политическую экономию. М., 1917;
Борьба за жизнеспособность. М., 1927.
т. 2, с. 202
БАГДА́НАЎ Аляксандр Фёдаравіч
(26.8.1926, в. Баркова Пашскага р-на Ленінградскай вобласці — 8.7.1993),
бел. філосаф. Д-р філас. н. (1984), праф. (1986). Скончыў БДУ (1961). З 1961 на парт. рабоце. У 1967—93 выкладаў, загадваў кафедрай паліталогіі і сацыялогіі ў Бел. палітэхн. акадэміі. Даследаваў тэарэтыка-метадалагічныя праблемы сац. палітыкі і выхавання асобы. Аўтар манаграфій па пытаннях фарміравання работніка матэрыяльнай вытв-сці, станаўлення сац. аднароднасці працы, артыкулаў па паліталогіі, эстэтыцы і эстэт. выхаванні працоўных.
т. 2, с. 202
БАГДА́НАЎ Анатоль Пятровіч
(13.10.1834, Ніжнедзявіцкі пав. Варонежскай губ. — 28.3.1896),
рускі антраполаг, заолаг, грамадскі дзеяч. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1890), праф. Маскоўскага ун-та (1867). Па яго ініцыятыве заснаваны Т-ва аматараў прыродазнаўства, антрапалогіі і этнаграфіі пры Маскоўскім ун-це (1864), Т-ва акліматызацыі жывёл і раслін, арганізаваны этнаграфічная (1867), політэхнічная (1872) і антрапалагічная (1879) выстаўкі, на базе якіх заснаваны політэхнічны і антрапалагічны музеі. Першы ў гісторыі навукі адзначыў, што з цягам часу прыкметы антрапал. тыпаў чалавека мяняюцца.
т. 2, с. 202
БАГДА́НАЎ Леанід Якаўлевіч
(н. 9.12.1927 9.12.1937, г. Ашгабад),
бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыў Львоўскі ін-т дэкар.-прыкладнога мастацтва (1962). Мастак Мінскага фарфоравага з-да (з 1962). Працуе ў галіне маст. і прамысл. фарфору. Яго работы адметныя выразнасцю і навізной формаў, стылізацыяй арнаментальных матываў, насычанасцю каляровай гамы. Сярод твораў: наборы дэкар. чайнікаў «Народны» (1978), «Рэльеф» (1994), набор для спецый і камплект штофаў «Белавежская» (абодва 1965), скульптуры «Зубр» (1975), «Францік» і «Конік» (1995) і інш.
Л.Д.Фінкельштэйн.
т. 2, с. 202
БАГДА́НАЎ Мікалай Аляксандравіч
(н. 6.8.1944, в. Малюшына Краснапольскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. спявак (барытон). Засл. арт. Беларусі (1991). Скончыў Кіеўскую кансерваторыю (1970). З 1970 у Дзярж. т-ры муз. камедыі Беларусі, з 1972 саліст Бел. філармоніі. У т-ры муз. камедыі выканаў партыі Эдвіна («Сільва» І.Кальмана), Арыфа («Каўказская пляменніца» Р.Гаджыева), Мікіты («Халопка» М.Стрэльнікава). У канцэртным рэпертуары Багданава арыі з опер Дж.Вердзі, аперэт І.Кальмана, рамансы П.Чайкоўскага, С.Рахманінава, Г.Свірыдава, бел., рус., укр. і неапалітанскія нар. песні. Лаўрэат Рэсп. конкурсу маладых выканаўцаў (1976), Усесаюзнага конкурсу на лепшае выкананне сав. песні (Масква, 1977, 1-я прэмія).
т. 2, с. 203
БАГДА́НАЎ Рыгор Багданавіч
(4.2.1910, в. Марцюшы Гарадоцкага р-на Віцебскай вобласці — 1.10.1943),
Герой Сав. Саюза (1943). У Вял. Айч. вайну са снеж. 1941 на Зах., Цэнтр., Варонежскім франтах. Камандзір батальёна ст. лейт. Багданаў вызначыўся ў вер. 1943 у баях на Пн ад Кіева: батальён з ходу фарсіраваў Дзясну, выйшаў да Дняпра, фарсіраваў яго, захапіў плацдарм, адбіў 10 контратак, заняў 2 нас. пункты і ўтрымліваў іх да падыходу падмацавання. Памёр ад ран.
т. 2, с. 203
БАГДА́НАЎ Самойла, майстар касцяной справы 17 ст. Паходзіў з Беларусі. У 2-й пал. 17 ст. вывезены ў Маскву, працаваў у Аружэйнай палаце Маскоўскага Крамля ў арцелі па маст. апрацоўцы косці. У 1661 вырабіў (з Кірушкам Сцяпанавым, Івашкам Мікіціным, Івашкам і Данілам Грыгор’евымі) з слановай косці шахматы. У 1680 асабіста вытачыў 2 камплекты шахматаў са слановай косці для цара: у адным фігуркі людзей з бердышамі і ружжамі выкананы ў тэхніцы разьбы, у другім — фігуркі гладкія точаныя.
т. 2, с. 203
БАГДА́НАЎ Сямён Ільіч
(10.9.1894, С.-Пецярбург — 12.13.1960),
удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Маршал бранятанк. войскаў (1945), двойчы Герой Сав. Саюза (1944, 1945). Скончыў Вышэйшую ваенна-пед. школу (1923), курсы ўдасканалення пры Ваен. акадэміі механізацыі і матарызацыі (1936). У арміі з 1915, у Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік 1-й сусв. і грамадз. войнаў. У Вял. Айч. вайну камандзір танк. дывізіі, нам. камандуючага арміяй па танк. войсках, камандзір танк. і механізаванага карпусоў, камандуючы танк. арміяй. Удзельнік бітвы пад Масквой, Корсунь-Шаўчэнкаўскай, Беларускай, Вісла-Одэрскай, Усх.-Памеранскай і Берлінскай аперацый. З 1947 на кіруючых пасадах у Сав. Арміі.
т. 2, с. 203
БАГДА́НАЎ Юрый Станіслававіч
(8.12.1920, г. Вял. Лукі, Расія — 7.12.1987),
бел. матэматык. Д-р фізіка-матэм. н. (1967), праф. (1968). Скончыў Ленінградскі ун-т (1956). З 1956 у Ленінградскім аддзяленні Матэм. ін-та АН СССР. З 1958 у БДУ. Навук. працы па тэорыі дыферэнцыяльных ураўненняў. Адзін з заснавальнікаў сучаснай асімптатычнай тэорыі звычайных дыферэнцыяльных ураўненняў.
Тв.:
Лекции по математическому анализу. Ч. 1—2. Мн., 1974—78;
Дифференциальные уравнения. Мн., 1983 (разам з Ю.Б.Сыраідам).
т. 2, с. 203