БА́БІЧЫ,
вёска ў Беларусі, ва Узрэцкім с/с Глыбоцкага р-на Віцебскай вобл., на р. Дабрылаўка (прыток Бярозаўкі). Цэнтр калгаса. За 25 км на Пн ад Глыбокага, 205 км ад Віцебска, 27 км ад чыг. ст. Глыбокае. 243 ж., 80 двароў (1995). Пач. школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аддз. Сувязі.
т. 2, с. 182
БА́БІЧЫ,
вёска ў Беларусі, у Тучанскім с/с Клецкага р-на Мінскай вобласці. Цэнтр калгаса. За 17 км на Пд ад Клецка, 157 км ад Мінска, 19 км ад чыг. ст. Клецк. 266 ж., 98 двароў (1995). Сярэдняя школа, клуб, б-ка.
т. 2, с. 182
БА́БІЧЫ,
вёска ў Беларусі, у Рэчыцкім раёне Гомельскай вобласці. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 39 км на ПдЗ ад Рэчыцы, 89 км ад Гомеля, на чыгунцы Рэчыца—Калінкавічы. 1321 ж., 522 двары (1995). Дрэваапр. цэх Мазырскага мэблевага аб’яднання. Сярэдняя школа, школа-інтэрнат, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі, царква. Брацкая магіла сав. Воінаў.
т. 2, с. 182
БА́БКА,
бабка-павітуха, у беларусаў пажылая, спрактыкаваная і паважаная жанчына, якая валодала прыёмамі нар. медыцыны і выконвала акушэрскія функцыі ў час родаў, а таксама шматлікія абрады, звязаныя з адразаннем пупавіны, першым купаннем і спавіваннем дзіцяці. Бабка мела права даць дзіцяці імя («ахрысціць дзіця з вады»), яна самы шаноўны госць і распарадчык на радзінах, да якіх гатавала спец. абрадавую страву — бабіну кашу. У наш час ролю бабкі звычайна выконвае старэйшая сваячка парадзіхі.
Т.І.Кухаронак.
т. 2, с. 182
БА́БКА,
традыцыйная беларуская нар. страва. Драную бульбу заскварваюць салам, мясам з цыбуляю і інш. спецыямі і запякаюць. Гатовую бабку падаюць з малаком або смятанай. Вядома ўсюды ў наш час.
т. 2, с. 182
«БА́БКІ»,
бел. нар. гульня. Некалькі пар бабак (падкапытныя косці жывёл) ставяць на роўным месцы ў рад («кон»), і з абумоўленага месца кожны гулец па чарзе збівае іх біткай (вялікая бабка, набітая свінцом). Збітыя бабкі лічацца выйгранымі. Разнавіднасць гульні — біток, дзе замест бабак выкладаюць піраміду з арэхаў, вакол якой праводзіцца круг — «горад». Гульцы з абумоўленага месца кідаюць найбольшы арэх-біток у піраміду. Арэхі, выбітыя за мяжу круга, лічацца выйгранымі. Той, хто прамахнуўся, дабаўляе ў піраміду арэх. Гульня скончана, калі ўсе арэхі выбіты з «горада».
т. 2, с. 182
БАБКО́
(Bobko) Карал (н. 1937),
касманаўт ЗША. Палкоўнік ВПС. Скончыў Ваенна-паветр. акадэмію (1959), Паўднёва-Каліфарнійскі ун-т (1970). З 1969 у групе касманаўтаў НАСА. Быў членам экіпажа падтрымкі па праграме ЭПАС (1975). З П.Вейцам, С.Масгрэйвам, Д.Петэрсанам здзейсніў 4—9.4.1983 палёт на касм. караблі «Спейс Шатл» («Чэленджэр») працягласцю 5 сут. 23 мін.
т. 2, с. 182
БАБКО́ВА Нінэль Міронаўна
(н. 16.10.1930, г. Смаленск),
бел. вучоны ў галіне тэхналогіі сілікатаў. Д-р тэхн. н. (1970), праф. (1973). Засл. дз. нав. і тэхн. Беларусі (1980). Скончыла БПІ (1953). З 1957 у БПІ, з 1976 у Бел. тэхнал. ун-це. Навук. працы па фізікахіміі шклопадобнага стану рэчываў, сіталаў, кампазіц. матэрыялаў.
Тв.:
Физическая химия силикатов и тугоплавких соединений. Мн., 1984;
Бесщелочные ситаллы и стеклокристаллические материалы. Мн., 1992 (разам з Л.М.Сіліч).
т. 2, с. 182
БАБКО́Ў Уладзімір Андрэевіч
(н. 22.2.1939, ст. Салтанаўка Жлобінскага р-на),
бел. гісторык і палітолаг. Чл.-кар. АН Беларусі (1989). Д-р гіст. н. (1978), праф. (1983). Скончыў БДУ (1963). З 1956 працаваў у рэсп. друку, на Бел. радыё. У 1969—90 у Ін-це гісторыі партыі пры ЦК КПБ. З 1992 заг. кафедры паліталогіі Бел. дзярж. эканам. ун-та, адначасова з 1993 дырэктар Мінскага НДІ сац.-эканам. і паліт. праблем. Даследуе праблемы развіцця паліт. працэсу, дзейнасці паліт. партый, грамадскіх рухаў, узаемадзеяння органаў заканадаўчай і выканаўчай улады. Аўтар манаграфій «Навуковы падыход у партыйнай рабоце» (1985), «Адраджэнне духу ленінізму» (1989). Навуковы кіраўнік і адзін з аўтараў калектыўных прац «Куды ідзе Беларусь?» (ч.1, 1994), «Паліталогія» (1995), «Тэхналогія палітыкі» (1995). Прэзідэнт Бел. асацыяцыі паліт. Навук.
т. 2, с. 183