БАРЫ́ЧНАЕ ПО́ЛЕ,
размеркаванне ціску паветра ў атмасферы Зямлі. Характарызуецца ізабарнымі паверхнямі (умоўныя паверхні з аднолькавым ціскам). Складаецца з барычных сістэм — рухомых абласцей паніжанага і павышанага ціску з замкнёнымі (цыклон, антыцыклон) і незамкнёнымі (лагчына, грэбень, седлавіна) ізабарамі. Неаднароднасць ціску ў барычным полі абумоўлівае сістэму паветр. плыняў, размеркаванне т-ры, воблачнасці, ападкаў і інш. метэарал. Элементаў.
т. 2, с. 335
БАРЫ́ЧНАЯ СТУПЕ́НЬ,
бараметрычная ступень, паказчык стану атмасферы, роўны адлегласці па вертыкалі ў метрах, якая адпавядае змяненню атм. ціску на 1 гПа. З памяншэннем атм. ціску і ростам т-ры барычная ступень павялічваецца. Так, пры ціску 1000 гПа і т-ры 0 °C барычная ступень 8 м/гПа, пры ціску 500 гПа (на выш. каля 5 км) і той жа т-ры — каля 16 м/гПа. З ростам т-ры на 1 °C барычная ступень павялічваецца на 0,4%. Барычная ступень выкарыстоўваецца пры разліках па бараметрычнай формуле і пры бараметрычным нівеліраванні.
т. 2, с. 335
БАРЫ́ЧНЫ ГРАДЫЕ́НТ,
бараметрычны градыент, паказчык стану атмасферы, які характарызуе змяненне атм. ціску на адзінку адлегласці па вертыкалі і гарызанталі, вызначаецца ў напрамку, перпендыкулярным ізабары. Звычайна гарызантальны барычны градыент складае 1—3 гПа на 100 км (у трапічных ураганах павялічваецца ў дзесяткі разоў). Замест вертыкальнага барычнага градыенту часта карыстаюцца барычнай ступенню. Ад барычнага градыенту залежаць напрамак і сіла ветру.
т. 2, с. 335
БАРЫЧЭ́ЎСКІ Арцём Іванавіч
(28.6.1891, с. Сернікі Зарэчненскага р-на Ровенскай вобл., Украіна — 2.11.1969),
Герой Сав. Саюза (1945). Беларус. Удзельнік 1-й сусв. і грамадз. войнаў. У Вял. Айч. вайну на фронце з 1941. Нам. камандзіра батальёна маёр Барычэўскі вызначыўся летам 1944 у час прарыву варожай абароны на ПнЗ ад Рагачова, у баі пад Ваўкавыскам.
т. 2, с. 335
БАРЫЧЭ́ЎСКІ
(Барычэўскі-Тарнава) Іван Пятровіч (1810, Мінская губ. — 24.7.1887),
бел. гісторык, археограф, фалькларыст, этнограф. Скончыў Кіеўскую духоўную акадэмію (1833). З 1835 служыў у дзярж. установах. У час. «Санкт-Петербургские ведомости», «Журнал Министерства народного просвещения» і інш. апублікаваў артыкулы «Даследаванне пра паходжанне, назву і мову літоўскага народа», «Урывак з літоўска-рускай гісторыі», «Пра рускі летапіс у Літве, названы «Хроніка Быхаўца». Запісы фальклору паўд. і зах. славян надрукаваны ў яго кнігах «Аповесці і паданні народаў славянскага племя» (ч. 1—2, 1840—41) і «Народныя славянскія апавяданні» (1844). У 1851 асобнай кнігай выйшла яго праца «Праваслаўе і руская народнасць у Літве». Удзельнічаў у зборы матэрыялаў і падрыхтоўцы выданняў Археагр. Камісіі.
т. 2, с. 335
БАРЫЧЭ́ЎСКІ Клеменс
(1828, Вільня — ?),
бел. скульптар. Вучань К.Ельскага. Скончыў Пецярбургскую АМ, дзе атрымаў дыплом за бюст з натуры (1851). З 1861 жыў у Парыжы. Ствараў партрэтныя скульптуры (бюсты, медалі), надмагільныя помнікі, творы на рэліг. тэмы, выкарыстоўваючы пластыку з розных матэрыялаў — гіпсу, мармуру, бронзы. З 1867 дэманстраваў работы ў парыжскіх салонах. Сярод твораў: бюсты генерала В.Замойскага (1867), Л.Нядзведскага (1869), франц. мастака Э.Дэлакруа (1873), рус. філосафа Р.Вырубава, публіцыста З.Кржыжаноўскага-Лакруа (абодва 1881), эпітафія А.Чартарыйскага (1866—68), партрэтныя медальёны.
А.К.Лявонава.
т. 2, с. 335
БАРЫЧЭ́ЎСКІ Яўген Іванавіч
(17.12.1883, Мінск — 12.9.1934),
бел. літ.-знавец. Праф. (1928). Вучыўся ў Берлінскім (1903—04) і Маскоўскім (скончыў у 1910) ун-тах. Выкладаў рус. л-ру ў Маскве (1910—18), працаваў вучоным сакратаром Галоўмузея РСФСР (1918—22). З 1922 выкладчык БДУ, з 1927 навук. супрацоўнік Інбелкульта, пасля — Ін-та л-ры і мастацтва АН Беларусі. Даследаваў пытанні эстэтыкі, паэтыку літ. жанраў (манаграфіі «Тэорыя санету»; «Паэтыка літаратурных жанраў»; абедзве 1927). Вывучаў творчасць А.Пушкіна, Я.Купалы, М.Багдановіча, зах.-еўрап. л-ру, літ. плыні ў Германіі 1920-х г. і інш. Браў удзел у падрыхтоўцы збору твораў М.Багдановіча (т. 1—2, 1927—28).
Тв.:
Мир искусств в образах поэзии. М., 1922;
«Матчын дар» А.Гаруна. Мн., 1928;
Паэтыка: Курс для завочнага педфаку. Мн., 1929—30.
І.У.Саламевіч.
т. 2, с. 335
БА́РЫШАЎ Гурый Іларыёнавіч
(н. 30.4.1928, Ташкент),
бел. тэатразнавец і мастацтвазнавец. Д-р мастацтвазнаўства, праф. (1990). Скончыў Ташкенцкі тэатр. ін-т (1950). Працаваў у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі (1955—67, 1973—78), Бел. тэатр.-маст. ін-це (1961—67), Гал. рэдакцыі БелСЭ (1967—73). З 1983 у Бел. ун-це культуры. Даследуе гісторыю і тэорыю бел. прафес. і нар. т-ра, т-р Беларусі 18 ст., сцэнаграфію. Аўтар раздзелаў у кн. «Гісторыя беларускага тэатра» (т. 1, 1983), «Музычны тэатр Беларусі: Дакастрычніцкі перыяд» (1990), «Беларускі народны тэатр батлейка» (1962, з А.Саннікавым) і інш.
Тв.:
Театральная культура Белоруссии XVIII века. Мн., 1992.
А.А.Саламаха.
т. 2, с. 335
БАРЫ́ШНІК,
устарэлая назва перакупшчыка, гандлёвага пасрэдніка. У ВКЛ садзейнічаў куплі і продажу тавараў на рынках і кірмашах за пэўную ўзнагароду (барыш). Пры неабходнасці сведчыў на судзе пра гандл. здзелкі.
т. 2, с. 335
БАРЫ́ШНІКАВА Кіра Кір’янаўна
(20.2.1897, г. Фергана, Узбекістан — 27.4.1978),
бел. і рус. педагог, мовазнавец. Праф. (1964). Скончыла Вышэйшыя навук.-пед. курсы пры 2-м Маскоўскім ун-це (1928). З 1947 у Маскоўскім пед. ін-це замежных моў, з 1967 — заг. кафедры эксперым. фанетыкі ў Мінскім пед. ін-це замежных моў. Аўтар шэрагу даследаванняў па фанетыцы франц. мовы: інтанацыі і рытміцы, слоўным і фразавым націску; па агульных пытаннях прасодыі, інтанацыі і фанетычнай стылістыкі. У сааўт. выдала «Уводна-карэктыўны фанетычны курс французскай мовы» (1974). Пад яе навук. кіраўніцтвам падрыхтавана плеяда бел. раманістаў і фанетыстаў.
Г.А.Мятлюк.
т. 2, с. 335