БАХЦІ́Н Міхаіл Міхайлавіч
(17.11.1895, г. Арол, Расія — 7.3.1975),
рускі літаратуразнавец, тэарэтык мастацтва. Скончыў Петраградскі ун-т. Займаўся пед. і літ. дзейнасцю. Гіст.-тэарэт. даследаванні Бахціна прысвечаны эпасу, раману, маст. форме, зместу і мове твораў. Даследаваў поліфанічны характар раманаў Ф.М.Дастаеўскага («Праблемы паэтыкі Дастаеўскага», 4-е выд., 1979), творчасць Л.М.Талстога, нар. культуру сярэднявечча («Творчасць Франсуа Рабле...», 1965).
т. 2, с. 359
БАХЧАВО́ДСТВА,
галіна раслінаводства, занятая вырошчваннем кавуноў, дыняў, гарбузоў і інш. Развіта пераважна ў раёнах паміж 50° паўн. ш. і 35° паўд. ш., найбольш у Расіі (Ніжняе Паволжа, Паўн. Каўказ), на Украіне (стэпавая частка), у ЗША (паўд. раёны), Індыі, Кітаі, краінах Міжземнамор’я, Бразіліі, Мексіцы, Японіі, краінах Сярэдняй Азіі, Малдове і інш. На Беларусі выспяваюць асобныя сарты дыняў, кавуноў, гарбузоў, кабачкоў, патысонаў. Сярэдні ўраджай дыняў 6—9, кавуноў 10—30, гарбузоў да 150 т/га. Гл. таксама Бахчавыя культуры.
т. 2, с. 359
БАХЧАВЫ́Я КУЛЬТУ́РЫ,
група культурных раслін сямейства гарбузовых якія вырошчваюцца на харчовыя, кармавыя і тэхн. мэты. Да іх належаць кавун, дыня, гарбуз. Паходзяць з трапічных і субтрапічных краін Азіі, Афрыкі і Амерыкі. Вырошчваюць на ўсіх кантынентах. На Беларусі культывуюць гарбузы і іх разнавіднасці — кабачкі і патысоны, на Пд у аматарскіх пасевах, часцей у цяпліцах і на ўцепленым грунце, вырошчваюць дыні і кавуны. Найб. высокія ўраджаі бахчавыя культуры даюць на цалінных землях і аблогах, пасля шматгадовых траў. Бахчу размяшчаюць на багатых перагноем лёгкіх урадлівых глебах. Плады дыні і кавуна спажываюць свежыя, з іх гатуюць кавуновы (нардэк) і дынны (бекмес) мёд, вяленую дыню, варэнне, цукаты і інш., гарбузы спажываюць тушаныя, печаныя, кансерваваныя. Кармавыя кавуны і гарбузы — корм для жывёлы. З насення атрымліваюць алей.
т. 2, с. 359
БАХЧЫСАРА́Й,
горад на Украіне, цэнтр Бахчысарайскага р-на ў Рэспубліцы Крым, у даліне р. Чуруксу. 25 тыс. ж. (1993). Чыг. станцыя. Прадпрыемствы харч. прам-сці, вытв-сць будматэрыялаў.
Вядомы з 1502. Да 1783 сталіца Крымскага ханства. У Бахчысараі заключана Бахчысарайскае перамір’е 1681. У рус.-тур. вайну 1735—39 захоплены рус. войскамі, разбураны. У 1783 далучаны да Расіі (разам з Крымам), уваходзіў у Новарасійскую, з 1802 у Таўрычаскую губ. У 1918—54 у складзе РСФСР, з 1954 — Украіны.
Помнікі архітэктуры: Ханскі палац (16 ст., перабудаваны ў 1787, цяпер Гіст.-археал. музей), які ўключае т.зв. «Пасольскія дзверы» (1503, арх. Алевіз Фразін), фантанны дворык з «залатым фантанам» (1737) і «фантанам слёз» (1764, іранскі майстар Амер), мячэць (1740), шматлікія залы і альтанкі. У наваколлі Бахчысарая — пячорны Успенскі манастыр з царквой (14 ст.), келлямі (15—16 ст.); пячорныя гарады Эскі-Кермен, Тэпэ-Кермен і Чуфут-Кале (Кырк-Ор; цяпер археал. запаведнік) з абарончымі сценамі і брамамі, маўзалеем Джаніке-ханым (15 ст.), вял. (14 ст.) і малой (18 ст.) караімскімі кенасамі (малельнымі дамамі), пячорным жыллём (5—14 ст.).
Літ.:
Хоменко В.Н. Бахчисарай: Ист.-архитектурный музей: Фотоальбом. Киев, 1983.
т. 2, с. 359
БАХЧЫСАРА́ЙСКАЕ ПЕРАМІ́Р’Е 1681,
заключана паміж Расіяй, Турцыяй і Крымскім ханствам 23 студз. ў г. Бахчысарай тэрмінам на 20 гадоў. Спыніла малавыніковую для варагуючых бакоў рус.-тур. вайну 1676—81. Паводле перамір’я дзярж. граніца паміж Расіяй і Турцыяй вызначана па р. Дняпро; за Расіяй пакідаліся гарады Кіеў, Васількоў, Трыполле (цяпер Абухаў), мястэчкі Дзедаўшчына і Радамышль; частка Кіеўшчыны, Брацлаўшчыны і Падолле пераходзілі пад пратэктарат Турцыі. Парушана і зноў адноўлена ў 1683. Анулявана Расіяй у 1686.
т. 2, с. 359