Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БАСКЕТБО́Л

(ад англ. basket кошык + ball мяч),

камандная спартыўная гульня. Гуляюць на пляцоўцы памерам 26 х 14 м, па кароткіх баках якой устаноўлены стойкі са шчытамі з прымацаванымі да іх кошыкамі (кольцы з сеткамі). Мэта гульні — як мага больш разоў закінуць рукамі мяч (мае 75—78 см у акружнасці, маса 600—650 г) у кошык саперніка. Гуляюць 2 каманды па 12 чалавек (адначасова на пляцоўцы знаходзяцца па 5 чалавек ад каманды). Правілы гульні распрацаваны ў 1891 Дж.Нейсмітам (ЗША) і ў далейшым удасканальваліся. Улічваецца толькі чысты час гульні: для мужчын 40 мін, для жанчын — 36, для юнакоў і дзяўчат 30, для дзяцей 24 мін. За пападанне ў кольца налічваецца ад 1 да 3 ачкоў у залежнасці ад віду кідка і пазіцыі баскетбаліста ў момант яго выканання. Гуляюць да перамогі адной з камандаў, прадугледжаны дадатковыя 5 мін на выпадак нічыёй у асн. час.

Баскетбол — алімпійскі від спорту ў мужчын з 1936, у жанчын — з 1976. Дзейнічае Міжнар. федэрацыя басктболу (ФІБА, з 1932). Чэмпіянаты свету праводзяцца з 1950 у мужчын і з 1953 у жанчын. На Беларусі баскетбол развіваецца з 1921, рэгулярныя чэмпіянаты з 1946. Сярод бел. майстроў баскетболу алімпійскія чэмпіёны І.Ядзешка, Т.Івінская, І.Сумнікава, А.Швайбовіч. Каманда юнакоў Беларусі — чэмпіён Еўропы па баскетболе (1994).

т. 2, с. 341

БА́СКІ

(саманазва эўскалдунак),

народ у Іспаніі (правінцыі Навара, Гіпускаа, Біская, Алава), Францыі (дэпартамент Ніжнія Пірэнеі), а таксама ў Лац. Амерыцы (эмігранты). Агульная колькасць 1,09 млн. чал. (1987), у тым ліку 800 тыс. у Іспаніі і 130 тыс. у Францыі. Гавораць на баскскай мове. Паводле веравызнання — католікі. Гл. таксама Баскаў краіна.

т. 2, с. 341

БАСКО́НІЯ

(Vasconia),

аўтаномная вобласць Іспаніі, гл. Баскаў краіна.

т. 2, с. 341

БАСКУНЧА́К,

бяссцёкавае салёнае самасадачнае возера на Пн Прыкаспійскай нізіны, у Астраханскай вобласці Расійскай Федэрацыі. Пл. 106 км². Размешчана на 21 м ніжэй за ўзровень мора. Жыўленне пераважна водамі салёных крыніц, якія выходзяць каля падножжа гор В. і М.Богда. Больш як 100 гадоў вядзецца здабыча кухоннай солі.

т. 2, с. 341

БА́СМА,

парашок з лісця кветкавай расліны індыгаферы фарбавальнай (Indigofera tinctoria) сям. бабовых. Выкарыстоўваецца разам з хной для афарбоўкі валасоў у чорны колер.

т. 2, с. 341

БАСМА́НАВЫ,

расійскі баярскі род канца 15 — пач. 17 ст.

Родапачынальнік Даніла Андрэевіч Пляшчэеў, празваны Басманам. Памёр у палоне ў ВКЛ пасля 1514. Аляксей Данілавіч (?—1570), ваенны і дзярж. дзеяч Расіі. З 1552 акольнічы, з 1555 баярын. Удзельнік Казанскіх паходаў 1545—52, Лівонскай вайны 1558—83, у тым ліку аблогі і ўзяцця маскоўскімі войскамі Полацка ў 1563, і інш. Апрычнік, давераная асоба цара Івана IV Грознага, па загадзе якога забіты сынам Фёдарам. Фёдар Аляксеевіч (?—1570), фаварыт Івана IV. Краўчы (1567), камандуючы апрычнымі войскамі на Пд краіны (1569). Памёр у ссылцы. Пётр Фёдаравіч (?—17.5.1606), набліжаная да Барыса Гадунова асоба. Акольнічы (з 1599), баярын (з 1605). У 1605 перайшоў на бок Ілжэдзмітрыя І, стаў яго даверанай асобай; забіты разам з ім. Іван Фёдаравіч (?—вер. 1603), ваенны і дзярж. дзеяч. Акольнічы (з 1602) Забіты ў час задушэння Хлопка паўстання 1603. Пасля смерці двух апошніх мужчынская лінія роду Басманавых спынілася.

т. 2, с. 341

БАСМА́НАЎ Іван Антонавіч

(26.10.1917, пас. Амутнінск Удмурцкай Рэспублікі — 5.7.1974),

бел. вучоны-эканаміст. Д-р эканам. н. (1970), праф. (1971). Скончыў Бел. ін-т нар. гаспадаркі (1957). З 1946 на Мінскім трактарным з-дзе, з 1963 у Бел. ін-це нар. гаспадаркі. Асн. працы па пытаннях бухгалтарскага ўліку, калькулявання і сабекошту прамысл. прадукцыі, эканомікі машынабудавання, эканам. аналізу.

т. 2, с. 341

БАСМА́ЦТВА

(цюрк.),

антысавецкі ўзброены нац.-рэлігійны рух у Сярэдняй Азіі ў 1917—26. Мэта руху — звергнуць сав. ўладу ў сярэднеазіяцкіх рэспубліках і адарваць іх ад Расіі. Арганізоўвалася і ўзначальвалася феадаламі і мусульм. духавенствам, мела падтрымку і цесныя сувязі з белай гвардыяй, уладамі Турцыі, Афганістана, Кітая. Непасрэдныя кіраўнікі басмацтва — арг-цыі «Шура-і-Іслам», «Улема», «Алаш» і інш., якія стварылі ў Туркестане аўтаномны ўрад (гл. Какандская аўтаномія). Першыя басмацкія атрады з’явіліся ў канцы 1917 у Какандзе. Вясной 1918 басмачы распачалі актыўныя дзеянні ў раёне г. Ош. У 1918—20 асн. арэнай басмацтва стала Ферганская даліна. У кастр. 1921 у Бухару прыбыў б. ваен. міністр Турцыі Энвер-паша і стварыў адзіную басмацкую армію (каля 16 тыс. чал.), якая вясной 1922 захапіла значную ч. тэр. Бухарскай народнай савецкай рэспублікі. Моцны ўдар атрадам Энвера быў нанесены ў чэрв. 1922, сам ён загінуў у баі ў жн. 1922, да канца года асн. сілы басмачоў у Харэзме і Фергане былі разбіты Чырв. Арміяй. Даўжэй за ўсіх пратрымаліся атрады Джунаід-хана ў Харэзме (ліквідаваны на пач. 1924) і Ібрагімбека ў Бухары (разгромлены ў 1926).

т. 2, с. 341

БА́СНЕР Веніямін Яфімавіч

(н. 1.1.1925, г. Яраслаўль, Расія),

расійскі кампазітар. Нар. арт. Расіі (1982). Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (кл. скрыпкі, 1949). Сярод тв.: балет «Тры мушкецёры» (1964), аперэты «Палярная зорка» (1966), «Патрабуецца гераіня» (1968), «Паўднёвы крыж» (1971), «Сапраўдныя мужчыны» (1983); араторыі «Зямля» (1961), «Вясна. Песні. Хваляванні» (1964); вак.-сімф. цыкл «Вечны агонь»; 2 сімфоніі (1958, 1984), канцэрты; струн. квартэты; рамансы; эстрадныя п’есы; песні; музыка да кінафільмаў (больш за 40, у тым ліку «Бессмяротны гарнізон», 1956; «Цішыня», 1964; «Шчыт і меч», 1968; «Блакада», 1979). Дзярж. прэмія Расіі 1980.

т. 2, с. 341

БАСНІ́ЙСКІ КРЫ́ЗІС 1908—09,

міжнародны канфлікт, выкліканы анексіяй 7.10.1908 Босніі і Герцагавіны Аўстра-Венгрыяй. Паводле рашэння Берлінскага кангрэса 1878 правінцыі Боснія і Герцагавіна, населеныя сербамі і харватамі, былі акупіраваны аўстра-венг. войскамі, але юрыдычна заставаліся пад намінальнай уладай Асманскай імперыі; у іх пасля выхаду Сербіі з саюзу з Аўстра-Венгрыяй (1903) узмацніўся нац.-вызв. рух. Анексія была задумана, каб прадухіліць магчымае аб’яднанне правінцый з Сербіяй, што не адпавядала інтарэсам Габсбургаў. Дзеянні Аўстра-Венгрыі выклікалі пратэст з боку Турцыі і Сербіі, якая спадзявалася на падтрымку Расіі. Англія заявіла пра непарушнасць Берлінскага трактата 1878, Францыя ўстрымалася ад пратэсту, анексію не ўхвалілі Італія і Румынія. Аўстра-Венгрыю падтрымала Германія. За кампенсацыю ў 2,5 млн. тур. фунтаў Габсбургі дамагліся прызнання анексіі ад Турцыі (пагадненне ад 26.2.1909). Расія імкнулася ўрэгуляваць Баснійскі канфлікт дыпламатычным шляхам, але ва ўмовах ваен. падрыхтоўкі Аўстрыі і магчымага яе нападу на Сербію вымушана была прыняць ультыматыўнае патрабаванне Германіі (22.3.1909) аб прызнанні анексіі. 31.3.1909 анексію прызнала і Сербія. Баснійскі крызіс прывёў да росту міжнар. напружанасці, паглыблення супярэчнасцяў паміж Антантай і Траістым саюзам, пагаршэння адносін паміж Аўстра-Венгрыяй і Сербіяй, стаў адной з перадумоў развязвання 1-й сусв. Вайны.

т. 2, с. 341