Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БАРЫ́САЎСКІ ЗАВО́Д АГРЭГА́ТАЎ.

Створаны ў 1958 у г. Барысаў як філіял Мінскага трактарнага з-да. З 1961 з-д гідраапаратуры, з 1970 — агрэгатаў. З 1983 у ВА «Мінскі маторны завод». Асн. прадукцыя (1995): вузлы да рухавікоў, запасныя часткі да трактароў, турбакампрэсары. Выпускае тавары нар. ўжытку (помпы вадзяныя, тэлеантэны, мэблю для кухні і турысцкую).

т. 2, с. 331

БАРЫ́САЎСКІ ЗАВО́Д АЎТАТРА́КТАРНАГА ЭЛЕКТРААБСТАЛЯВА́ННЯ.

Пабудаваны ў 1958—59 у г. Барысаў. З 1994 акц. т-ва. Асн. прадукцыя (1995): стартэры розных мадыфікацый для аўтамабіляў ГАЗ, ЗІЛ, КамАЗ, РАФ і інш.

т. 2, с. 331

БАРЫ́САЎСКІ ЗАВО́Д МЕДЫЦЫ́НСКІХ ПРЭПАРА́ТАЎ.

Пабудаваны ў 1961—65 у г. Барысаў як фармацэўтычная ф-ка. У 1969—90 хіміка-фармацэўтычны з-д. У 1984 пабудаваны корпус таблетачнага цэха, у 1990 — ампульнай вытв-сці. Дзейнічаюць участкі: галенавы, таблетачны, ампульны, друкарска-картанажны. Асн. прадукцыя (1995) — гатовыя лекавыя сродкі: растворы ў ампулах і парашкі для ін’екцый, таблеткі, настоі, экстракты, каплі, мазі, пасты.

т. 2, с. 331

БАРЫ́САЎСКІ ЗАВО́Д ПЛАСТМА́САВЫХ ВЫ́РАБАЎ.

Пабудаваны ў 1963—65 у г. Барысаў. Асн. прадукцыя (1995): поліэтыленавыя напорныя трубы для трубаправодаў, трубы гафрыраваныя для меліярацыі, плёнка, тэхн. вырабы і тавары нар. ўжытку.

т. 2, с. 331

БАРЫСАЎСКІ ЗАВО́Д ЭМАЛІРАВА́НАГА ПО́СУДУ «ЧЫРВО́НЫ МЕТАЛІ́СТ».

Створаны ў 1929 у г. Барысаў як арцель «Чырвоны металіст», якая вырабляла сталовыя прыборы. З 1933 выпускаў ацынкаваны посуд, біклагі для малака, тэрмасы, метал. вырабы і інш. У 1945 наладжаны выпуск стальнога эмаліраванага посуду. Асн. прадукцыя (1995): посуд, мыйкі і ракавіны стальныя эмаліраваныя, вырабы з бляхі (даёнкі, лейкі і інш.), ацяпляльнікі кабіны трактара МТЗ.

т. 2, с. 331

БАРЫ́САЎСКІ ЗАВО́Д «АЎТАГІДРАЎЗМАЦНЯ́ЛЬНІК».

Пабудаваны ў 1967—71 у г. Барысаў як з-д гідрапомпаў і гідраўзмацняльнікаў рулёў. З 1971 з-д «Аўтагідраўзмацняльнік». Выпускае 37 найменняў гідравузлоў. Асн. прадукцыя (1995): механізмы рулявога кіравання грузавых аўтамабіляў КамАЗ, МАЗ, КрАЗ, Урал АЗ, ПАЗ, ЛАЗ, ЛІАЗ, ГАЗ, гідрацыліндры і помпы механізмаў перакульвання кабін аўтамабіляў МАЗ, гідраразмеркавальнікі для дарожных машын і інш. Выпускае таксама адбойныя малаткі, запасныя часткі для аўтамабіляў, аўтапрылады, прыстасаванні і інструмент, у тым ліку бытавы. Пры з-дзе палітэхнікум, ПТУ металістаў.

т. 2, с. 331

БАРЫ́САЎСКІ ЗАВО́Д «ГУМАТЭ́ХНІКА».

Створаны ў г. Барысаў у 1949 як арцель па вырабе гумавага абутку. З 1956 з-д гумавых тэхн. вырабаў. У 1967 пабудаваны вытв. корпус па выпуску ўшчыльнікавых кольцаў для жал. накрывак. У 1976—93 у ВА «Беларусьгуматэхніка». З 1992 нар. прадпрыемства «Гуматэхніка». Асн. прадукцыя (1995): фармавыя і нефармавыя гумава-тэхн. вырабы, вікельныя ўшчыльнікавыя кольцы, тавары культ.-быт. прызначэння.

т. 2, с. 331

БАРЫ́САЎСКІ ЗА́МАК.

Існаваў у 13—18 ст. на левым беразе р. Бярэзіна, каля сутокаў з р. Пралля. Пабудаваны ў 13 — пач. 14 ст. пасля пераносу стараж. Барысава на новае месца. Займаў пляцоўку пл. каля 2 га, абкружаную земляным валам з драўлянымі сценамі і вежамі, а таксама ровам. Кантраляваў суднаходны шлях з бас. Балтыйскага ў Чорнае мора і сухапутны шлях у цэнтр Беларусі. У 16 ст. яго тройчы асаджалі маск. войскі (1514, 1519, 1535). У 1-й пал. 17 ст. перабудаваны ў 5-бастыённую фартэцыю, з У да яго прымыкала «падзамча», якое таксама мела лінію абароны. У 1655 замак узяты і спалены рус. войскам, але паводле загаду цара адноўлены. У 1658 двойчы пераходзіў з рук у рукі, моцна пацярпеў і рамантаваўся на працягу некалькіх гадоў. У Барысаўскім замку рус. гарнізон абараняўся з чэрв. 1661 да 9.7.1662 ад атрадаў ВКЛ С.Чарнецкага, В.Валовіча, А.Русецкага і П.Сапегі. Адноўленыя замак і падзамак былі ў добрым стане да канца 18 ст. Захаваліся равы, запоўненыя вадой.

т. 2, с. 332

БАРЫ́САЎСКІ ІНСТРУМЕНТА́ЛЬНЫ ЗАВО́Д.

Створаны ў 1963 у г. Барысаў як філіял Мінскага інстр. з-да. З 1969 інстр. з-д. Асн. прадукцыя (1995): разцы такарныя, аснашчаныя пласцінамі цвёрдага сплаву (для апрацоўкі дэталяў з чыгуну і сталі), тавары шырокага ўжытку і гасп. інструмент.

т. 2, с. 332

БАРЫ́САЎСКІ КАМБІНА́Т ПРЫКЛАДНО́ГА МАСТА́ЦТВА Беларускага саюза мастакоў. Створаны ў 1963 у г. Барысаў на базе керамічных майстэрняў, што існавалі з канца 19 ст. Да 1968 наз. Мастацка-вытворчыя майстэрні. Уключае таксама ўчасткі маст. ткацтва і вязання (з 1964), па выпуску габеленаў (з 1972). На камбінаце працуюць больш за 50 мастакоў (1996). Выпускае дэкар. утылітарную кераміку (сувеніры, вазы, кашпо), вырабы маст. вязання (сукенкі, касцюмы, світэры, кофты) і ткацтва (парцьерныя тканіны, ручнікі, сурвэткі, дарожкі); па заказах стварае маст. керамічныя пліткі, дэкар. вазы і скульптуры для інтэр’ераў грамадскіх будынкаў. Вырабы камбіната ўпрыгожваюць інтэр’еры будынкаў Мінска, Барысава, Талачына, Заслаўя і інш. На камбінаце зроблены габелены-заслоны для сцэн Дзярж. т-раў муз. камедыі, оперы і балета ў Мінску, т-ра імя Я.Коласа ў Віцебску, палацаў культуры ў Барысаве, Новалукомлі і інш., насценныя габелены для фае палацаў культуры і музеяў (Магілёў, Барысаў, Варонеж, Багучар), для залы пасяджэнняў у будынку былога ЦК КПБ (Дзярж. прэмія Беларусі 1980), у будынку ААН (Нью-Йорк), «Габелен стагоддзя» і інш. Габелены, створаныя на камбінаце, засведчылі з’яўленне сучаснай школы бел. габелена.

Л.Д.Фінкельштэйн.

т. 2, с. 332