Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БАРЫ́САЎ Аляксандр Фёдаравіч

(1.5.1905, С.-Пецярбург — 12.5.1982),

рускі акцёр. Нар. арт. СССР (1951). Герой Сац. Працы (1981). Скончыў студыю пры Ленінградскім т-ры драмы (цяпер імя А.Пушкіна, 1927). Працаваў у тэатры-студыі, з 1928 у асн. трупе т-ра. Акцёр вял. драм. сілы. Сярод роляў: Самазванец («Барыс Гадуноў» Пушкіна), Аркашка Шчасліўцаў («Лес» А.Астроўскага), Сямён Катко («Ішоў салдат з фронту» В.Катаева). З 1937 здымаўся ў кіно: Паўлаў («Акадэмік Іван Паўлаў»), Мусаргскі (у аднайм. фільме), Лапін («Верныя сябры»). Дзярж. прэміі СССР 1947, 1950, 1951 (двойчы).

т. 2, с. 328

БАРЫ́САЎ Міхаіл Уладзіміравіч

(н. 16.4.1923, в. Нараўшчызна Мазырскага р-на Гомельскай вобл.),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў школу пры Гомельскім аэраклубе (1941), ваенна-марское авіяц. вучылішча (1943), Вышэйшыя афіцэрскія курсы авіяцыі ВМС (1947). У Вял. Айч. вайну лётчык, дастаўляў самалёты на фронт. Са жн. 1944 у дзеючай часці Балт. флоту: камандзір авіязвяна, нам. камандзіра эскадрыллі. За 10 месяцаў зрабіў 47 баявых вылетаў, патапіў 9 і пашкодзіў 2 транспарты праціўніка. Да 1960 у Сав. Арміі.

т. 2, с. 328

«БАРЫСАЎДРЭ́Ў»,

вытворчае дрэваапр. аб’яднанне ў г. Барысаў. Адно з буйнейшых на Беларусі. Створана ў 1971 на базе Барысаўскага фанерна-запалкавага камбіната (дзейнічаў з 1901 як Барысаўская запалкавая фабрыка «Бярэзіна»). Уключае Барысаўскі дрэваапр. камбінат (дзейнічае з 1912), Барысаўскі леспрамгас. Асн. прадукцыя (1995): піламатэрыялы, фанера, драўнінна-стружкавыя пліты, шпона, запалкі, мэбля кухонная, дзіцячая, мяккая, гарнітуры мэблевыя і інш.

т. 2, с. 328

БАРЫ́САЎСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну. Дзейнічала з ліп. 1941 да канца чэрв. 1944 у Барысаве і раёне. У ліку першых падп. група на чале з І.П.Даўгалавым і У.У.Лазоўскім створана на шклозаводзе. Пад яе кіраўніцтвам знаходзіліся маладзёжныя групы Б.П.Качана і ў Стара-Барысаве. Пад кіраўніцтвам Ф.П.Падаляна і А.К.Саламаціна дзейнічала група піянераў на чале з В.Пашкевічам. Дзейнічалі групы: на чыг. станцыі

(кіраўнік Дз.І.Лебедзеў),

настаўнікаў (У.К.Бранавіцкі), на электрастанцыі, з-дах «Камінтэрн» і «Чырвоны металіст», запалкавай ф-цы, дрэваапр. камбінаце і інш. У рабоце падполля ўдзельнічалі ваеннаслужачыя. У горадзе працаваў падп. шпіталь і дзейнічала падп. група мед. работнікаў на чале з П.Н.Вусціным. Працавала друкарня Барысаўскага падп. гаркома-райкома КП(б)Б. Барысаўскія патрыёты выявілі школу абвера ў пас. Печы і яе філіял у прыгарадзе Барысава, знішчылі фельдкаменданта горада і нач. будаўнічай школы, вывезлі да партызанаў нач. барысаўскага аддз. контрразведкі штаба 4-й ням. арміі з важнымі дакументамі, здабылі план умацаванняў і ваен. аб’ектаў Барысава, схемы абарончых ліній Антосіна—Брылі, план перапраў цераз Бярэзіну і інш.

т. 2, с. 329

БАРЫ́САЎСКАЕ СТАРО́СТВА,

гл. ў арт. Барысаўская воласць.

т. 2, с. 329

БАРЫ́САЎСКАЕ ШКЛО,

мастацкія вырабы Барысаўскага хрусталёвага завода імя Дзяржынскага з каляровага і бясколернага шкла і хрусталю.

На пач. 20 ст. выраблялі гутным, прасаваным і ціхавыдзімальным спосабам разнастайны посуд, вазы, фужэры, бакалы, кухлі, кілішкі, сухарніцы, лямпы ў стылі мадэрн, дэкарыраваныя траўленнем, алмазнай гранню, размалёўкай золатам і эмалямі, маціраваннем, рыфленнем, а таксама суцэльнацягнутыя стромкія вазы і арміраваныя нікеляваным металам цукарніцы з хрусталю і каляровага шкла. Вырабы вызначаліся выразнасцю формаў, прапорцый і разнастайнасцю дэкору, славіліся чысцінёю колеру хрусталю і бясколернага шкла. Іх вывозілі ва ўсе губерні Расіі; з 1929 экспартавалі ў Егіпет, Турцыю, Афганістан, з 1933 — у Англію, Францыю, Германію. У 1910 барысаўскі хрусталь адзначаны залатым медалём на выстаўцы ў Парыжы. У 1939 тут выраблены вял. хрусталёвыя вазы і плафоны з накладнога шкла для Усесаюзнай с.-г. выстаўкі ў Маскве. У 1930-я г. прасаваныя вырабы з-да лічыліся лепшымі ў СССР.

З канца 1950-х г. барысаўскае шкло вырабляецца па эскізах мастакоў з-да. З 1960-х г. узбагацілася колеравая гама шкламасы і каляровага хрусталю, асабліва сіне-зялёных, серабрыста-дымчатых, жоўтых і бэзавых адценняў, што пашырыла маст. дыяпазон таўстасценнага шкла і хрусталю, прызначаных для унікальных і маласерыйных вырабаў, аздобленых шырокай і глыбокай гранню. Вырабы з накладнога шкла дэкарыраваліся пескаструменным метадам, глыбокім траўленнем, гравіраваннем медным колцам, алмазнай гранню. Для бясколернага танкасценнага шкла пачалі выкарыстоўваць люстраное пакрыццё, увялі дэкарыраванне вырабаў метадам штампа. Больш разнастайны стаў дэкор алмазнай грані, пашыраліся тэматычныя выяўл. матывы. Арыгінальнасцю маст. вырашэння вылучаюцца творы, выкананыя ў гутнай тэхніцы. З 1970-х г. асвоена тэхналогія варкі шкла, афарбаванага вокісламі рэдказямельных элементаў, якія надаюць ружовыя, бэзавыя, сінія, зялёныя, жоўтыя адценні танкасценным вырабам. Вобразнасць у вырабах з такога шкла дасягаецца дасканаласцю формаў і прапорцый і мінімумам дэкар. сродкаў. Дэкор хрусталёвых вырабаў — буйнамаштабны, з выкарыстаннем глыбокай грані і аптычных ямак пераважна геам. кампазіцыі, з уключэннем у арнамент маціраванай паверхні, якая падкрэслівае бляск алмазнай грані. Барысаўскае шкло адзначана дыпломамі ВДНГ СССР (1960, 1963), на 1-й Усесаюзнай выстаўцы «Мастацтва ў быт» (1961); экспартуецца ў многія краіны свету.

Літ.:

Яницкая М.М. Художественное стекло Советской Белоруссии. Мн., 1989.

М.М.Яніцкая.

т. 2, с. 329

БАРЫ́САЎСКАЯ АКРУ́ГА,

адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1924—27. Утворана 17.7.1924. Цэнтр г. Барысаў. Пл. 11,8 тыс. км², нас. 370,3 тыс. чал. (1925). Уключала 9 раёнаў (Барысаўскі, Бягомльскі, Бярэзінскі, Зембінскі, Крупскі, Лепельскі, Плешчаніцкі, Халопеніцкі, Чарэйскі), 2 гарады, 7 мястэчак, 107 сельсаветаў. Акруговая газ. «Вясковая праўда». Скасавана 12.4.1927 у сувязі з узбуйненнем акруг у рэспубліцы: большасць раёнаў перададзены ў Мінскую, астатнія ў Полацкую (Лепельскі р-н) і Аршанскую (Чарэйскі р-н) акругі.

т. 2, с. 329

БАРЫ́САЎСКАЯ БІ́ТВА 1812,

баі паміж рус. 3-й Зах. арміяй (галоўнакамандуючы адм. П.В.Чычагоў) і напалеонаўскімі войскамі за авалоданне г. Барысаў і мостам цераз р. Бярэзіна 21—23.11.1812 у вайну 1812. Асн. групоўка войскаў Напалеона адступала ад Оршы, армія Чычагова рухалася з боку Мінска. Агульная колькасць франц. гарнізона складала каля 5 тыс. чал. пры 20 гарматах. 21 ліст. рус. авангард (каля 4,5 тыс. чал. пры 36 гарматах) атакаваў перадмаставое ўмацаванне. У выніку жорсткага бою рус. войскі да канца дня цалкам авалодалі Барысавам. 22 ліст. армія Чычагова (каля 32 тыс. чал. пры 180 гарматах) увайшла ў горад. Але Чычагоў не зрабіў належных захадаў па назіранні за праціўнікам, у выніку франц. корпус Удзіно 23 ліст. ўварваўся ў Барысаў. Чычагоў не змог арганізаваць абарону і адступіў. 25 ліст. ў Барысаў прыбыў Напалеон. Страты за 21 — 23 ліст. ў рускіх склалі 3 тыс. чал., у французаў — каля 5 тыс. чал., горад быў разбураны і выпалены. Вынік Барысаўскай бітвы — часовы пераход ініцыятывы да Напалеона, баі каля вёсак Студзёнка і Брылі, пераправа напалеонаўскага войска цераз Бярэзіну.

В.В.Антонаў.

т. 2, с. 329

БАРЫ́САЎСКАЯ ВО́ЛАСЦЬ,

Барысаўскае староства, дзяржаўнае ўладанне ў ВКЛ у 14—18 ст. Займала ўсх. ч. сучасных Барысаўскага і паўд. ч. Крупскага р-наў. Напачатку воласць уваходзіла, верагодна, у Друцкае княства, у 15 — 1-й пал. 16 ст. — у Віленскае ваяводства. Даход з воласці ішоў на службовыя расходы віленскага ваяводы. У пач. 16 ст. частка тэр. воласці ў выніку велікакняжацкіх падараванняў ператварылася ў прыватныя маёнткі. Пазней Барысаўская воласць ператворана ў староства, якое перадавалася ва ўмоўнае ўладанне буйным феадалам. Першымі старостамі былі віленскія ваяводы М.Радзівіл Чорны і М.Радзівіл Руды, потым знаходзілася ва ўмоўным уладанні нашчадкаў апошняга. Паводле адм. рэформы ВКЛ 1565—66 большая ч. староства ўвайшла ў Аршанскі павет, астатняя, на правым беразе р. Бярэзіна, — у Менскі павет. У 17 ст. некат. маёнткі Барысаўскай воласці вылучыліся ў самаст. ўладанні, засталося каля 50 нас. пунктаў, найбуйнейшымі з якіх у 18 ст. былі г. Барысаў і мяст. Барань, Лошніца, Нача, Нёманіца, Ухвала. У 18 ст. староства трымалі Агінскія, потым зноў Радзівілы. З 1793 у Рас. імперыі. У 1798 са складу староства вылучаны ў якасці павятовага цэнтра Барысаў, а само яно ў колькасці 8 тыс. душ мужчынскага полу падаравана ў прыватную ўласнасць М.Радзівілу.

В.Л.Насевіч.

т. 2, с. 330

БАРЫ́САЎСКАЯ ГРАДА́,

частка Беларускай грады ў Барысаўскім і Смалявіцкім р-нах Мінскай вобласці. Працягнулася ад Мінскага ўзв. на ПнУ на 100 км, шырыня 10—25 км. Мяжуе з Верхнебярэзінскай нізінай на ПнЗ і Цэнтральнабярэзінскай раўнінай на ПдУ. Лічыцца вуглавым масівам Ашмянскага стадыялу. Пл. каля 2 тыс. км², адзнакі вышыняў паверхні над узр. м. вагаюцца ад 150 м у даліне Бярэзіны да 220 м каля г. Смалявічы.

Прымеркавана да зоны сучлянення Аршанскай монакліналі з Вілейскім пахаваным выступам. Антрапагенавая тоўшча магутнасцю 100 м і больш. Паверхня складзена з пясчана-галечнага матэрыялу, марэнных суглінкаў і супескаў, месцамі з покрывам лёсападобных парод. Карысныя выкапні: легкаплаўкія гліны, торф.

Участкі з градава-ўзгоркавым рэльефам (каля г. Смалявічы, в. Халопенічы і г. Барысаў выш. 193—220 м) чаргуюцца з раўніннымі. З найб. павышанымі часткамі грады звязаны масівы марэннага сярэдняўзгоркавага рэльефу з адноснай выш. 10—20 м. Сярэдняя т-ра студз. -6,9 °C, ліп. 18,2 °C, ападкаў 450—780 мм за год (у Барысаве). Рэкі (бас. Дняпра): Бярэзіна з прытокамі Гайна, Бродня, Сха, Бобр з Начай. Глебы дзярнова-падзолістыя слаба ападзоленыя на водна-ледавіковых пясках і марэнных супесках, якія падсцілаюцца пяскамі, забалочаныя і тарфяна-балотныя. Да 40% тэр. пад лясамі хваёвымі, ялова-хваёвымі, бярозавымі і шэраальховымі. Поймавыя і нізінныя лугі.

В.Р.Сінякова.

т. 2, с. 330