Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

БА́ЕЎ (Аляксей Кузьміч) (н. 21.3.1932, с. Новастарбеева Мічурынскага р-на Тамбоўскай вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне фізікахіміі. Д-р хім. н. (1978), праф. (1979). Скончыў Ленінградскі ун-т (1957). З 1966 у Бел. тэхнал. ун-це. Навук. працы па тэрмадынаміцы і тэрмахім. кінетыцы элементаарган. злучэнняў, хіміі комплексных злучэнняў. Чл. Нью-Йоркскай АН (1994).

Тв.:

Структура и энергетика карбонилов металлов. Мн., 1986;

Химия газогетерогенных систем элементоорганических соединений. Мн., 1987.

т. 2, с. 216

БА́ЕЎ (Браніслаў Віктаравіч) (н. 1.2.1936, г. Варонеж, Расія),

бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1991). Скончыў Саранскае муз. вучылішча (1963). З 1963 у Магілёўскім абл. т-ры драмы і камедыі імя В.​Дуніна-Марцінкевіча (Бабруйск). Акцёр шырокага творчага дыяпазону. Сярод лепшых роляў: Сырадоеў («Трыбунал» А.​Макаёнка), Анатоль Іванавіч («І змоўклі птушкі...» І.​Шамякіна), Пятро Бусел («Спявае «Жаваранак» Ю.​Семянякі, Рэдактар («Лесвіца ў неба» паводле М.​Слуцкіса), Васкоў («А досвіткі тут ціхія...» паводле Б.​Васільева), Сямён Каўроў («Ярасць» Я.​Яноўскага), Эгей («Медэя» Л.​Разумоўскай), Залешын («Свеціць, ды не грэе» А.​Астроўскага), Пішта («Прачніся і спявай» М.​Дзьярфаша), Кэбат («Каханне пад вязамі» Ю.​О’Ніла).

т. 2, с. 216

Баеў Аляксей Раманавіч

т. 18, кн. 1, с. 341

Баешка Аляксандр Аляксандравіч

т. 18, кн. 1, с. 341

БАЁ ((Baillot) П’ер Мары Франсуа дэ Саль) (1.10.1771, Парыж — 15.9.1842),

французскі скрыпач-віртуоз, кампазітар, педагог. Праф. Парыжскай кансерваторыі (1795). Буйны прадстаўнік т.зв. парыжскай школы. З 1802 канцэртаваў (у 1805—08 прыдворны саліст у Пецярбургу). У 1821—32 першы скрыпач т-ра «Гранд-апера», з 1827 — Каралеўскай прыдворнай капэлы. Аўтар твораў для скрыпкі, метадычных дапаможнікаў, у т. л. скрыпічнай школы, нарысаў пра А.​Грэтры, Дж.​Б.​Віёці і інш.

т. 2, с. 216

БАЁМА (Boyoma),

Стэнлі, вадаспады (парогі) на р. Конга, у Заіры. 7 вял. парогаў агульным падзеннем больш за 40 м на працягу каля 150 км. Перашкаджаюць суднаходству; у абход парогаў пракладзена чыгунка.

т. 2, с. 217

БАЁНСКАЯ КАНСТЫТУ́ЦЫЯ 1808,

канстытуцыя, «падараваная» Іспаніі Напалеонам I. Прынята 7 ліп. картэсамі, скліканымі па загадзе Напалеона ў г. Баёна (Францыя). Абвяшчала Іспанію канстытуцыйнай манархіяй з сенатам, дзярж. саветам, картэсамі, правы якіх дакладна не вызначаліся; дапускала толькі каталіцкую рэлігію; адмяняла ўнутр. мытні, феад. судаводства, абмяжоўвала маярат; уводзіла адзіныя сістэму падаткаў, цывільнае і крымінальнае заканадаўства для Іспаніі і яе калоній. Мела на мэце замаскіраваць фактычнае панаванне Напалеона і схіліць іспанцаў на яго бок.

т. 2, с. 217

БАЖА́Н (Мікола) (Мікалай Платонавіч; 9.10.1904, г. Камянец-Падольскі, Украіна — 23.11.1983),

украінскі паэт, грамадскі дзеяч. Акад. АН Украіны (1951). Засл. дз. маст. Грузіі (1964), засл. дз. нав. Украіны (1966). Нар. паэт Узбекістана (1968). Герой Сац. Працы (1974). У 1943—48 нам. старшыні Савета Міністраў УССР. У 1958—83 гал. рэдактар Укр. Сав. Энцыклапедыі. Аўтар вершаў, паэм, перакладаў, літ.-крытычных і публіцыст. прац. Творы Бажана (зб-кі «Семнаццаты патруль», 1926; «Клятва», 1941; «Сталінградскі сшытак», 1943; «Англійскія ўражанні», 1949; «Італьянскія сустрэчы», 1961; «Чатыры апавяданні пра надзею», 1967; «Знакі», 1978, Ленінская прэмія 1982) вызначаюцца тэматычнай шырынёй, сац. і філас. праблематыкай. Перакладаў на ўкр. мову творы рус., груз., узб., ням., польск. і інш. пісьменнікаў; з бел. — вершы Я.​Купалы, А.​Куляшова, М.​Танка, П.​Панчанкі, А.​Зарыцкага, кн. вершаў П.​Броўкі. На бел. мову творы Бажана перакладалі Броўка, А.​Бялевіч, В.​Вітка, П.​Глебка, Зарыцкі, М.​Калачынскі, Куляшоў, Я.​Семяжон, М.​Танк.

М.Бажан.

т. 2, с. 217

БАЖА́НАЎ (Аляксандр Васілевіч) (1.9.1917, в. Труфанцава Барысаглебскага р-на Яраслаўскай вобл., Расія — 29.6.1944),

удзельнік вызвалення Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1944). У Чырв. Арміі з 1938. На фронце з 1941. Камандзір гарматы ст. сяржант Бажанаў вызначыўся ў баі на тэр. Магілёўскай вобл.: пры адбіцці варожай контратакі каля в. Гаршкова Шклоўскага р-на, калі ў гарматнага разліку скончыліся боепрыпасы, Бажанаў з гранатамі кінуўся пад варожы танк.

т. 2, с. 217

БАЖА́НАЎ (Аляксей Міхайлавіч) (1820—6.8.1889),

вучоны-аграном, эканаміст, дзеяч асветы. Скончыў Горы-Горацкі земляробчы ін-т (1851), з 1863 праф. гэтага ін-та, потым Пецярбургскага ляснога ін-та. З 1882 дырэктар Новаалександрыйскага ін-та сельскай гаспадаркі і лесаводства (Ковенская губ.), пам. папячыцеля Віленскай навуч. акругі. Меў маёнтак у Гродзенскай губ. Спрыяў пашырэнню перадавых спосабаў вядзення сельскай гаспадаркі: паказваў перавагі вольна-наёмнай працы ў параўнанні з прыгоннай, выступаў за пераход ад трохпольнай да шматпольнай сістэмы земляробства, за выкарыстанне с.-г. машын, наладжванне дзярж. сістэмы страхавання, прадастаўленне сялянам крэдыту, развіццё аграрнай адукацыі. Аўтар падручнікаў і навук.-папулярных прац па сельскай гаспадарцы.

Тв.:

Опыты земледелия вольнонаемным трудом. М., 1860;

2 изд. Спб., 1861;

Что можно заимствовать у иностранцев по части земледелия. Спб., 1863;

2 изд. М., 1867.

В.​М.​Бусько.

т. 2, с. 217