Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БА́РТУЛЬ Францішак

(н. 15.11.1918, г. Піедруя, Латвія),

дзеяч бел. эміграцыі. Скончыў Дзвінскую сярэднюю тэхн. гімназію (1936), Віленскую бел. настаўніцкую семінарыю (1944). З 1944 у эміграцыі. Жыў у Германіі, Італіі, скончыў ф-т філасофіі ватыканскага Грэгарыянскага ун-та. З 2-й пал. 1940-х г. у Англіі, скончыў Лонданскі ін-т тэхн. стаматалогіі. Адзін з заснавальнікаў Згуртавання беларусаў Вялікабрытаніі. З 1957 у ЗША. Узначальваў бел. акад. каталіцкае т-ва «Рунь», з 1982 старшыня Фундацыі імя П.Крачэўскага.

В.Кіпель.

т. 2, с. 321

БА́РТЭЛЬС Артур

(1818, Вільня — 23.12.1885),

бел. мастак-карыкатурыст, ілюстратар, польскамоўны паэт-песеннік. Вучыўся ў Пецярбургу, Парыжы. Удзельнік паўстання 1863—64, эмігрыраваў. У эміграцыі напісаў паэму «Палескі тыдзень». Вярнуўшыся з-за мяжы, жыў у Лагойску, Гарадку, Вільні. Літ. творы і малюнкі друкаваў у віленскіх выданнях Я.Вільчынскага (1850) і Ю.Крашэўскага. У 1859 выдаў зборнік «Драмы і камедыі». Многія яго песні сталі народнымі. Частка іх надрукавана ў зборніку «Песні і сатыры» (1888). Ф.Багушэвіч пераклаў на бел. мову яго байку «Свінні і бараны». Аўтар сатыр. малюнкаў і карыкатур (серыі «Чалавек высокага паходжання», «Суседскі абедзік», «Пан Яўген», «Скнара», «Пропаведзь» і інш., надрукаваныя ў «Віленскім альбоме» ў 1858). Да малюнкаў рабіў рыфмаваныя подпісы, у якіх высмейваў застарэлыя звычкі дваран і местачковай шляхты. На выстаўцы 1891 у Мінску экспанаваліся яго малюнкі, у т. л. «Цыганскі табар».

Літ.:

Орлова М.А. Искусство Советской Белоруссии: Очерки. М., 1960.

Л.Н.Дробаў.

т. 2, с. 321

БА́РТЭР

(ад англ. barter тавараабмен),

прамы безграшовы абмен таварамі ці паслугамі; найпрасцейшы від гандл. аперацый (натуральны абмен). Абумоўлены пераважна недахопам валюты, яе няўстойлівасцю як сродку плацяжу. Найб. пашыраны ў міжнар. гандлі. Ажыццяўляецца з дазволу кампетэнтных дзярж. органаў на аснове бартэрных здзелак пры абавязковай ацэнцы тавараў (паслуг) па сусв. ці блізкіх да іх дагаворных цэнах. Такая ацэнка неабходна для эквівалентнасці абмену, мытнага ўліку, вызначэння страхавых сум, ацэнкі магчымых прэтэнзій і велічыні санкцый. У межах адной краіны ці асобных яе рэгіёнаў бартэр ажыццяўляецца паводле ўзаемнай дамоўленасці паміж таваравытворцамі.

т. 2, с. 321

БАРТ-ЦІШЫ́НСКІ

(Bart-išinski) Якуб (сапр. Барт; 20.8.1856, в. Кукаў, Германія — 16.10.1909),

сербалужыцкі паэт, драматург. Прадстаўнік нац. культ. руху лужыцкіх сербаў. Садзейнічаў фарміраванню сучаснай верхнялужыцкай мовы, распрацоўваў новыя для лужыцкай л-ры жанры. Аўтар «Кнігі санетаў» (1884), зб-каў «Формы» (1888), «Сербскія гукі» (1897), «Кроў і край» (1900), «Святло з вышыні» (1911), драм «Стары Серб» (1878), «У крэпасці» (1880). Эпічная паэма «Жаніх» (1876, выд. 1926) пра ролю сялянства ў адраджэнні Лужыцы. Перакладаў з польскай, рус., чэшскай моў. На бел. мову яго творы перакладалі Р.Барадулін, А.Зарыцкі, М.Танк, А.Траяноўскі.

Тв.:

Бел. пер. — [Вершы] // Там, дзе Шпрэвя шуміць. Мн., 1969;

Кахаць — гэта значыць...: Старонкі з паэзіі свету. Мн., 1986.

М.М.Трус.

т. 2, с. 321

БАРУ́ЗДЗІН Сяргей Аляксеевіч

(22.7.1926, Масква — 4.3.1991),

рускі пісьменнік. Скончыў Літ. ін-т імя Горкага (1958). У 1966—91 гал. рэдактар час. «Дружба народов». Аўтар раманаў «Паўтарэнне пройдзенага» (1964), «Аповесці пра жанчын» (1967), «Лізавета Паўлаўна» (1979), аповесцяў «Само сабой» (1980), «Час лістападу» (1982; пра партыз. рух на Беларусі ў Вял. Айч. вайну), зб-каў апавяданняў і аповесцяў «Я люблю нашу вуліцу...» (1969), «Тое, што было ўчора» (1975), «Вершы мінулых гадоў» (1983), а таксама кн. «Людзі і кнігі. Літаратурныя нататкі» (1978). Пісаў творы для дзяцей. Выступаў з артыкуламі пра творчасць Я.Купалы, Я.Коласа, П.Броўкі, І.Мележа, М.Танка, А.Адамовіча, В.Быкава, І.Шамякіна, І.Чыгрынава, В.Казько. На бел. мову перакладзены кн. Баруздзіна «Месяц і сонца» (1972; пер. А.Марціновіч), «Краіна, дзе мы жывём» (1977; пер. Е.Лось).

т. 2, с. 322

БАРУ́НСКАЯ НАСТА́ЎНІЦКАЯ СЕМІНА́РЫЯ,

сярэдняя спец. навуч. ўстанова ў 1915—33 у мяст. Баруны Ашмянскага пав. (Гродзенская вобл.). Рыхтавала настаўнікаў пач. школ. Засн. як рус. настаўніцкая семінарыя. У 1-ю сусв. вайну эвакуіравана ў г. Ціхвін Наўгародскай губ. У 1920 у Барунах у будынку б. манастыра базыльян адкрыта бел. настаўніцкая семінарыя, стваральнікам і дырэктарам якой быў С.А.Рак-Міхайлоўскі. У 1921 бел. семінарыя зачынена польск. ўладамі. На яе аснове створана польск. мужчынская настаўніцкая семінарыя. Выкладаліся польск., ням. мовы, гісторыя, прыродазнаўства, геаграфія, фізіка, матэматыка, музыка і спевы, рэлігія, батаніка, заалогія, анатомія і фізіялогія чалавека, фізкультура і інш. Пры семінарыі працавала пач. школа (з 1922), у якой семінарысты праходзілі практыку. Семінарыя скасавана ў выніку школьнай рэформы.

т. 2, с. 322

БАРУ́НСКІ МАНАСТЫ́Р БАЗЫЛЬЯ́Н,

помнік архітэктуры 18 ст. Створаны ў в. Баруны (Ашмянскі р-н Гродзенскай вобл.). Уключае царкву, манастырскі корпус, вежу-званіцу і капліцу. У 1692 пабудавана драўляная царква, у 1700—07 на яе месцы — мураваная (згарэла, у 1715 адбудавана, не захавалася). Новая мураваная царква пабудавана ў 1747—57 паводле праекта арх. А.Асікевіча ў стылі віленскага барока, дабудавана ў 1760—70. Трохнефавая 2-вежавая базіліка з паўкруглай апсідай накрыта 2-схільным дахам. Дэкар. аздабленне сканцэнтравана на пластычна вырашаным гал. фасадзе. Вежы пастаўлены пад вуглом да бакавых нефаў: паўд. 3-ярусная квадратная ў плане завершана гранёным купалам, ад другой застаўся ніжні ярус, накрыты 4-схільным купалам. Да вежаў з абодвух бакоў прылягаюць брамы з пластычнымі абрысамі. Паўн. брама злучае царкву з 2-яруснай вежай-званіцай. Манастырскі корпус пабудаваны ў 1778—93. Будынак Т-падобны ў плане, 2-павярховы, пры аднаўленні ў канцы 19 ст. яму нададзены рысы класіцызму. На пач. 19 ст. тут працавала публічная 6-класная школа базыльян (адкрыта ў 1793). На плошчы перад царквой размешчана капліца — цэнтрычны 2-ярусны аб’ём (чацвярык на васьмерыку; пабудаваны ў 2-й пал. 18 ст.).

Т.В.Габрусь.

т. 2, с. 322

БАРУ́НЫ,

вёска ў Беларусі, у Ашмянскім раёне Гродзенскай вобласці. Цэнтр сельсавета і эксперым. базы «Баруны». За 21 км на ПдУ ад Ашмян, 222 км ад Гродна, 20 км ад чыг. ст. Багданаў. 524 ж., 178 двароў (1995). Сярэдняя школа, Дом культуры, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі, касцёл.

У мінулым мястэчка Ашмянскага пав., адзін з цэнтраў уніяцтва. У 18 ст. ў Барунах пабудаваны Барунскі манастыр базыльян, пры якім у 1793 адкрыта школа. З 1795 у Рас. імперыі. У 1905 — 229 ж., 294 дзес. зямлі. Дзейнічала Барунская настаўніцкая семінарыя. З 1922 у складзе Польшчы. З 1939 у БССР. У Вял. Айч. вайну акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, дзейнічала антыфаш. група. Летам 1944 спалены.

т. 2, с. 322

Барушка Аляксандр Пятровіч

т. 18, кн. 1, с. 345

БАРХА́НЫ

(цюрк.),

мацерыковыя дзюны, паўмесяцавыя або серпападобныя ўзгоркі з сыпкага, навеянага ветрам пяску. Характэрныя для пясчаных пустыняў. Наветраны схіл барханаў выпуклы ў плане, доўгі, пакаты (5—14°), падветраны — увагнуты, кароткі, стромкі (30—33°), пераходзіць у выцягнутыя «рогі». Выш. да 10—20 м, зрэдку 40 м. Звіваючыся, утвараюць барханныя ланцугі. Пад уздзеяннем ветру перамяшчаюцца да сотняў метраў за год.

т. 2, с. 322