Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БА́РТАК

(Bartk) Бела (25.3.1881, Надзьсентміклаш, Венгрыя, цяпер г. Сынікалаў-Марэ, Румынія — 26.9.1945),

венгерскі кампазітар, піяніст, музыказнаўца-фалькларыст. Скончыў Будапешцкую муз. акадэмію па класах фп. і кампазіцыі (1903), у 1907—34 яе прафесар. У 1920—30-я г. выступаў як піяніст у краінах Еўропы, у ЗША, СССР. З 1940 у ЗША. Збіраў і вывучаў венг. сялянскую песню, рум., славацкі, серб., харвацкі, зах.-ўкр. фальклор (больш за 30 тыс. узораў); аўтар навук. прац. На аснове фальклору склаўся самабытны дынамічны муз. стыль Бартака, які арганічна спалучыў стараж. квартава-пентатонную аснову венг. сял. песні з найноўшымі муз.-выразнымі сродкамі прафес. музыкі, узбагаціў яе метрарытмічную і тэмбравую палітру. У творах 1910—20-х г. выкарыстоўваў наватарскія элементы дадэкафоніі, атанальнасць, політанальнасць і інш. Сярод твораў: опера «Замак герцага Сіняя Барада» (паст. 1918), балеты «Драўляны прынц» (1917) і «Цудоўны мандарын» (1926); сімф. паэма «Кошут» (1903); Танц. сюіта (1923); Музыка для струнных, ударных і чэлесты (1936); Дывертысмент для струннага аркестра (1939), Канцэрт для арк. (1943), 3 фп. і 2 скрыпічныя канцэрты; 6 струнных квартэтаў; Саната для 2 фп. і ўдарных інстр.; фп. цыкл «Мікракосмас»; хары а капэла і з фп.; цыклы песень і інш. Прэмія імя Л.Кошута 1948.

Літ.:

Уйфалуши Й. Бела Барток: Жизнь и творчество: [Пер. с венг.] Будапешт, 1971;

Pethö B. Bartk rejtekùtja. Budapesht, 1984.

т. 2, с. 319

БАРТАЛАМЕ́О

(Bartolommeo) Фра [сапр. Барталамео (або Бача) дэла Порта; della Porta; 28.3.1472 або 1475, Фларэнцыя — 31.10.1517),

італьянскі жывапісец эпохі Адраджэння. Прадстаўнік фларэнційскай школы. З 1501 манах, з 1504 кіраваў маст. майстэрняй у кляштары св. Марка ў Фларэнцыі. Зазнаў уплыў Леанарда да Вінчы і Мікеланджэла. Барталамео — майстар велічна яснай кампазіцыі, выразнік гарманічнага ідэалу эпохі, адзін са стваральнікаў тыпу манум. алтарнай карціны: «З’яўленне Марыі св. Бернарду» (1504—07), «Заручыны св. Кацярыны» (1511), «Зняцце з крыжа», «Уваскрэслы Хрыстос і евангелісты» (абедзве 1516) і інш.

Я.Ф.Шунейка.

т. 2, с. 319

БА́РТАЛІ

(Bartoli) Матэо Джуліо (22.11.1873, Альбона, Італія, цяпер г. Лабін, Харватыя — 23.1.1946),

італьянскі мовазнавец. Праф. Турынскага ун-та. Заснавальнік «неалінгвістычнага» кірунку ў лінгвістыцы. Першы ўвёў у мовазнаўства паняцце «ізаглоса» і, карыстаючыся паняццем «лінгвістычны арэал» (уведзены франц. дыялектолагам Ж.Жыльеронам), вылучыў разнастайныя тыпы арэалаў («Субстрат, суперстрат і адстрат», 1939; «Нарысы арэальнай лінгвістыкі», 1945). У 1925 распрацаваў асн. прынцыпы арэальнай лінгвістыкі.

Тв.:

Introduzione alla neolinguistica. Geneve, 1925;

Breviario di neolinguistica. Modena, 1925.

т. 2, с. 319

БАРТАЛІНІ́Т,

запаленне барталінавых залоз пераддзвер’я похвы ў жанчын. Узбуджальнікі барталініта — ганакокі і стафілакокі, часам стрэптакокі, кішачная палачка, трыхаманады і інш. Пачынаецца з запалення вывадной пратокі залозы (ацёк, гіперэмія, інфільтрацыя). Калі захворванне не лечаць, утвараецца абсцэс, які можа самаадвольна прарваць. Пры ўтварэнні новых абсцэсаў хвароба пераходзіць у хранічную форму. Найчасцей барталініт развіваецца з аднаго боку, бывае двухбаковы. Лячэнне: антыбактэрыяльная тэрапія, мясцова холад; пры нагнаенні і абсцэсах — разразанне, пры частых абвастрэннях — хірург. выдаленне залозы.

І.У.Дуда.

т. 2, с. 319

БА́РТАН

(Barton) Дэрэк Харальд Рычард (8.9.1918, Грэйвзенд, графства Кент, Вялікабрытанія),

англійскі хімік; заснавальнік метаду канфармацыйнага аналізу. Скончыў Імперскі каледж навукі і тэхнікі Лонданскага ун-та (1940). З 1957 праф. Лонданскага ун-та. З 1978 дырэктар Ін-та хіміі прыродных злучэнняў у Жыф-сюр-Івеце (Францыя). Навук. даследаванні па хіміі прыродных злучэнняў (стэроіды, тэрпеноіды, ферменты), фотахіміі і біясінтэзе. Нобелеўская прэмія 1969.

т. 2, с. 320

БАРТАШО́Ў Макар Уласавіч

(20.9.1909, г. Жлобін — 7.2.1948),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Ейскую школу марскіх лётчыкаў (1932). Камандзір штурмавой дывізіі марской авіяцыі палк. Барташоў вызначыўся ў жн. 1945 у час вайны з Японіяй: дывізія наносіла ўдары па часцях Квантунскай арміі ў партах і на чыг. станцыях, знішчыла 24 караблі і транспарты праціўніка. Загінуў пры выкананні службовых абавязкаў.

т. 2, с. 320

БАРТАШО́ЎСКІ ВАЛУ́Н,

помнік прыроды на Беларусі. За 1 км на ПнЗ ад в. Барташы Шчучынскага р-на Гродзенскай вобласці. Валун парфірападобнага ружова-шэрага граніту. Даўж. 4,0 м, шыр.2,1 м, выш. 1,3 м, у абводзе 12,5 м, аб’ём 11 м³, маса каля 30 т. Прынесены ледавіком каля 200 тыс. гадоў назад з Карэльскага перашыйка. Належыць да рэдкіх валуноў са знакамі: на паўд. ч. высечаны чатырохканцовы крыж. У язычніцкія часы — прадмет пакланення.

В.Ф.Вінакураў.

т. 2, с. 320

БАРТАШЭ́ВІЧ

(Bartoszewicz) Альберт Іосіфавіч (н. 2.8.1942, в. Раёўшчына Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл.),

польск. мовазнавец. Д-р (1972), праф. (1992). Скончыў Вроцлаўскі ун-т (1964). Працаваў у пед. ін-це ў г. Аполе, Пазнанскім і Варшаўскім ун-тах (1964—92), з 1987 дырэктар Варшаўскага філіяла Ін-та рус. мовы імя Пушкіна ў Маскве. З 1993 заг. кафедры ў Вышэйшай пед. школе ў г. Ольштын. Даследуе польск., бел. і рус. мовы, агульнае мовазнаўства. На аснове «Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы» (т. 1—5, 1977—84) склаў першы ў бел. мовазнаўстве «Адваротны слоўнік сучаснай беларускай мовы» (т. 1—4, Варшава, 1988—89; з І.Камендацкай).

А.С.Аксамітаў.

т. 2, с. 320

БАРТАШЭ́ВІЧ Аляксандр Аляксандравіч

(н. 15.2.1937, в. Дзядзічы Вілейскага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне дрэваапрацоўкі. Канд. тэхн. н. (1968). Праф. (1992). Скончыў Бел. тэхнал. ін-т (1964), дзе і працуе, адначасова з 1993 у Бел. акадэміі мастацтваў. Навук. працы па дызайне, тэхналогіі і канструяванні мэблі. Аўтар падручнікаў для ВНУ «Асновы мастацкага канструявання» (1984) і «Тэхналогія вырабаў з драўніны» (1995, разам з В.В.Багамазавым).

Тв.:

Конструирование мебели. Мн., 1988;

Квартира. Коттедж. Дача. Мн., 1995 (разам з У.Дз.Богушам).

т. 2, с. 320

БАРТАШЭ́ВІЧ Галіна Аляксандраўна

(н. 18.6.1932, Слуцк),

бел. фалькларыстка. Д-р філал. н. (1994). Скончыла БДУ (1956). У 1957—93 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі, з 1993 у Ін-це павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кіруючых работнікаў і спецыялістаў адукацыі. Даследуе праблемы бел. фалькларыстыкі і нар. педагогікі, дзіцячы, каляндарна-абрадавы і пазаабрадавы сучасны фальклор. Складальнік зб-каў «Песні савецкага часу» (1970), «Дзіцячы фальклор» (1972), «Ходзіць жораў па таку» (1993) і інш. Адзін са складальнікаў кн. «Чарадзейныя казкі» (ч. 1—2, 1973—78), «Веснавыя песні» (1979, аўтар уступу і камет.), «Валачобныя песні» (1980), «Беларускія народныя казкі» (1981, 2-е выд. 1986), «Казкі ў сучасных запісах» (1989). Дзярж. прэмія Беларусі 1986 за ўдзел у падрыхтоўцы зводу «Беларуская народная творчасць».

Тв.:

Вершаваныя жанры беларускага дзіцячага фальклору. Мн., 1976;

Сустрэчы з казкай. Мн., 1984 (разам з К.П.Кабашнікавым);

Беларуская народная паэзія веснавога цыкла і славянская фальклорная традыцыя. Мн., 1985;

Магічнае слова: Вопыт даслед. светапогляднай маст. асновы замоў. Мн., 1990;

Жанравая спецыфіка каляндарна-абрадавай паэзіі ўсходніх славян // Узроўні агульнасці фальклору ўсходніх славян. Мн., 1993.

І.У.Саламевіч.

т. 2, с. 320