Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БА́НДА

(Banda),

міжастраўное мора, частка Аўстрала-Азіяцкага міжземнага мора, паміж а-вамі Малайскага архіпелага (Серам, Селатан-Тымур, Ветар, Сулавесі, Буру і інш.). Пл. 714 тыс. км². Найб. глыб. 7440 м, сярэдняя — 3064 м. А-вы: Амбон, Барат-Дая, Бутунг і інш. Сярэднегадавая т-ра вады 27 °C. Салёнасць 34,5‰. Прылівы мяшаныя (да 2,4 м). Водзяцца лятучыя рыбы, акулы, тунцы, васьміногі і інш. Порт — Амбон (на в-ве Амбон, Інданезія).

т. 2, с. 276

БАНДАЖЭ́ЎСКІ Юрый Іванавіч

(н. 9.1.1957, г.п. Радунь Воранаўскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. імунолаг, патолаг. Д-р мед. н. (1988), праф. (1991). Скончыў Гродзенскі мед. ін-т (1980). Працаваў у гэтым ін-це, з 1990 рэктар Гомельскага мед. ін-та. Навук. працы па этыялогіі і патагенезе ўнутрывантробнага развіцця, імуннай рэгуляцыі антагенезу, функцыянаванні арганізма ва ўмовах інкарпарацыі радыенуклідаў.

Тв.:

Имунная регуляция онтогенеза. Гомель, 1994;

Клинико-экспериментальные аспекты влияния инкорпорированных радионуклидов на организм. Гомель, 1995 (у сааўт.).

т. 2, с. 276

БАНДА́Й,

дзеючы вулкан у Японіі, у паўд. частцы хр. Оу, на в-ве Хонсю. Выш. 1819 м. Складзены з андэзітаў. Катастрафічнае вывяржэнне ў 1888. Уключаны ў тэр. нац. парку Бандай-Асахі.

т. 2, с. 276

БАНДА́Й-АСА́ХІ,

нацыянальны парк у Японіі на в-ве Хонсю. Засн. ў 1950. Пл. каля 190 тыс. га (уключае некалькі запаведнікаў). Размешчаны ў раёнах актыўнай вулканічнай дзейнасці (вулканы Бандай і Адзума): горы ўкрытыя шыракалістымі і хваёвымі лясамі, на вяршынях — лугі і хмызнякі. Шматлікія азёры. Своеасаблівая фауна (чорны мядзведзь, сернаказа, японская макака).

т. 2, с. 276

БАНДАРАНА́ІКЕ Саламон

(8.1.1899, г. Каломба, Шры-Ланка — 26.9.1959),

палітычны і дзярж. дзеяч Цэйлона (Шры-Ланкі). Атрымаў адукацыю ў Каломба, Шры-Ланка і Оксфардзе. У 1925 уступіў у партыю Цэйлонскі нац. кангрэс і стаў адным з яе лідэраў. У 1947—51 міністр аховы здароўя, старшыня першага цэйлонскага парламента. У 1951 стварыў Цэйлонскую партыю свабоды. У 1956—59 прэм’ер-міністр, адначасова міністр замежных спраў і абароны. Урад Бандаранаіке праводзіў курс на замацаванне паліт. незалежнасці і развіццё нац. эканомікі (ліквідацыя замежных ваен. базаў, нацыяналізацыя порта Каломба, 10-гадовы план развіцця гаспадаркі). Забіты ў выніку змовы.

т. 2, с. 276

БАНДАРАНА́ІКЕ Сірымава

(н. 17.4.1916, Балангода, Шры-Ланка),

палітычны і дзярж. дзеяч Цэйлона (Шры-Ланкі). З 1960 старшыня Цэйлонскай партыі свабоды. У 1960—65 і 1970—77 прэм’ер-міністр Цэйлона. Працягвала паліт. і эканам. рэформы свайго мужа С.Бандаранаіке. Сацыялістычная арыентацыя яе ўрада прывяла да паглыблення эканам. цяжкасцяў, а абмежаванне дэмакр. свабод — да паражэння на выбарах 1977. У 1980—88 была пазбаўлена грамадз. правоў за карупцыю і злоўжыванне ўладай.

т. 2, с. 276

БАНДА́РНЫЯ ВЫ́РАБЫ,

драўляныя ёмістасці з клёпак для вадкіх, паўвадкіх і сыпучых прадуктаў і бытавых патрэб. Ва ўжытку беларусаў вядомы з глыбокай старажытнасці. Шматлікія іх рэшткі (ад невял. конавак да бочак на некалькі сотняў літраў) выяўлены пры археал. раскопках у пластах 11—14 ст. Форма клёпак (падоўжаныя трапецападобныя ці акруглыя выпуклыя) абумовіла форму бандарных вырабаў — кадзепадобную (канічную) ці бачарную (пукатую). Паводле прызначэння вылучаюць пасудзіны для вады і вадкіх рэчываў (трансп. бочка, кадушка, вядро, біклага, барылка, конаўка), для с.-г. прадуктаў (бочка, кадзь, бачурка, кубелец), для бытавых патрэб (кубел, жлукта, балея, цэбар, ражка, дзяжа, даёнка, бойка, бельчык), меры ёмістасці (асьміна, шаснастка, гарнец, карэц). Большасць бандарных вырабаў вызначалася функцыянальнай мэтазгоднасцю, вонкавай прастатой, практычнасцю. Некаторыя вырабы невял. памераў аздаблялі разьбой і выпальваннем. У наш час многія бандарныя вырабы саступілі месца разнастайным металічным, фарфора-фаянсавым, пластмасавым і інш. ёмістасцям.

В.С.Цітоў.

т. 2, с. 276

БАНДАРО́ЎНА,

гераіня аднайм. песні-балады, пашыранай на Беларусі, Украіне, часткова ў Літве і Польшчы. Твор узнік у 18 ст., звязаны з учынкамі старосты г. Канеў М.Патоцкага, які прымусам браў прыгожую дзяўчыну замуж, а нацешыўшыся ахвярай, забіваў яе і наладжваў пышнае пахаванне. Падобны сюжэт і ў аснове нар. балады, толькі там гордая дзяўчына нават пад пагрозай смерці не згаджаецца на дамаганні пана. У вобразе Бандароўны адлюстравана нар. ўяўленне пра маральную чысціню і стойкасць, чалавечую годнасць і прыгажосць. Першы баладу пра Бандароўну апубл. Я.Чачот. Яе запісалі Е.Раманаў, М.Федароўскі, У.Вярыга, П.Шэйн, Р.Шырма і інш. Я.Купала на аснове балады стварыў паэму «Бандароўна».

Літ.:

Балады. Мн., 1978. Кн. 2. С. 343—354;

Салавей Л.М. Беларуская народная балада. Мн., 1978. С. 173—183.

Л.М.Салавей.

т. 2, с. 276

БАНДАРЧУ́К Пётр Фёдаравіч

(н. 1.10.1911, в. Забараўцы Пінскага р-на),

поўны кавалер ордэна Славы. У Вял. Айч. вайну з жн. 1944 на 1-м Бел. фронце. Кулямётчык Бандарчук вызначыўся ў 1945 у баях на Вісленскім плацдарме і за г. Познань (Польшча).

т. 2, с. 277

БАНДАРЧУ́К Сяргей Фёдаравіч

(25.9.1920, с. Белазёрка Херсонскай вобл., Украіна — 20.10.1994),

рускі акцёр, рэжысёр. Нар. арт. СССР (1952). Герой Сац. Працы (1980). Скончыў Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1948). Яго акцёрскае майстэрства спалучала цэльнасць і выразнасць з тонкай псіхал. прапрацоўкай вобраза, мяккасцю артыстычнай манеры: Тарас Шаўчэнка (аднайм. фільм, Дзярж. прэмія СССР 1952), доктар Дымаў («Скакуха»), Атэла (аднайм. фільм), Карасцялёў («Сярожа») і інш. Як рэжысёр Бандарчук вызначаўся выразнасцю і дакладнасцю канцэпцыі, зладжаным акцёрскім ансамблем. Майстар масавых сцэн. Сярод фільмаў: «Лёс чалавека» (1959, Ленінская прэмія 1960 за рэжысуру і выкананне ролі Андрэя Сакалова), «Вайна і мір» (4 серыі, 1966—67, «Оскар» 1969, роля П’ера Бязухава), «Ватэрлоо» (1970, сав.-італьян.), «Яны змагаліся за Радзіму» (1975, Дзярж. прэмія Расіі 1977, роля Звягінцава), «Чырвоныя званы» (1982, Дзярж. прэмія СССР 1984), тэлевіз. фільм «Ціхі Дон» (10 серый).

т. 2, с. 277