БАЗІДЫЯСПО́РА,
спора палавога размнажэння базідыяльных грыбоў. Утвараюцца вонкава па 2—4 на паверхні базідый. Бываюць акруглыя, авальныя або ніткападобна выцягнутыя. Сядзяць на маленькіх шыпападобных вырастах базідыі — стэрыгмах. У адрозненне ад аскаспораў базідыяспоры адшнуроўваюцца ад базідыі вонкі. На адпаведным субстраце базідыяспора прарастае гаплоідным гомакарыятычным міцэліем.
т. 2, с. 219
БАЗІЛЕ́ВІЧ Канстанцін Васілевіч
(24.5.1892, Кіеў — 3.3.1950),
савецкі гісторык. Скончыў Маскоўскі ун-т (1922). З 1935 праф. Маскоўскага ун-та, з 1939 — ВПШ пры ЦК КПСС, адначасова ў 1936—50 у Ін-це гісторыі АН СССР. Працы па гісторыі знешняй палітыкі, класавай барацьбы, сац.-эканам. адносін феад. Расіі і інш.
т. 2, с. 220
БАЗІЛЕ́ВІЧ Мануіл, усходнеславянскі драматург і паэт 18 ст. Вучыўся ў Кіева-Магілянскай акадэміі. У 1750—54 выкладаў паэтыку і рыторыку ў Смаленскай духоўнай семінарыі. Для школьнага тэатра гэтай семінарыі з пазіцый царк.-рэліг. маралі і хрысціянскіх ідэалаў напісаў сілабічным вершам драму-маралітэ «Дэкламацыя» — тыповы твор школьна-схаласт. драматургіі. Карыстаючыся алегарычнымі і міфічнымі вобразамі, асуджаў п’янства, хцівасць, прадажнасць суддзяў, спачуваў бедным, сцвярджаў думку пра марнасць жыцця, неабходнасць маральнага ўдасканалення чалавека. Мова п’есы стараслав. з беларусізмамі. Паміж дзеяннямі «Дэкламацыі» ставіліся сатыр.-гумарыст. інтэрмедыі на бел. мове «Селянін у касцёле» і «Селянін на споведзі», напісаныя Базілевічам або яго вучнямі.
Літ.:
Усікаў Я. Беларуская камедыя. Мн., 1979. С. 61—64;
Мальдзіс А. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980. С. 316—319.
т. 2, с. 220
БАЗІЛІ́ДЭС
(Basilides) Марыя (11.11.1886, Іольшва, Венгрыя — 26.9.1946),
венгерская спявачка (кантральта). Скончыла Муз. акадэмію імя Ф.Ліста ў Будапешце (1911). Салістка Нар. оперы (Будапешт), з 1915 — Венг. дзярж. опернага т-ра. Сярод партый: Арфей («Арфей» К.Мантэвердзі), Кармэн («Кармэн» Ж.Бізэ), Даліла («Самсон і Даліла» К.Сен-Санса), Ірадыяда («Саламея». Р.Штрауса), кантральтавыя партыі ў операх Р.Вагнера. Выконвала сола ў араторыях І.С.Баха, Г.Ф.Гендэля, рэквіеме В.А.Моцарта.
т. 2, с. 220
БАЗІЛІ́К
(Ocimum),
род кветкавых раслін сям. ясноткавых. Каля 60 (паводле інш. звестак да 150) відаў. Пашыраны пераважна ў тропіках і субтропіках абодвух паўшар’яў. Каля 10 відаў культывуюць як эфіраносныя і вострапрыпраўныя расліны. Найб. вядомыя базілік эўгенольны (Ocimum gratissimum), камфорны (Ocimum basilicum), свяшчэнны (Ocimum sancta). На Беларусі як вострапрыпраўную расліну зрэдку вырошчваюць базілік камфорны.
Травы, паўкусты і невысокія кусты. Лісце пераважна суцэльнае, апушанае. Кветкі па 6—10 у несапраўдных кальчаках сабраны ў канцавыя гронкападобныя суквецці; чашачка званочкавая, у зеве валасістая; венчык двухгубы, верхняя губа 4-лопасцевая. Плод — арэшак. Лек., харч., тэхн. (эфіраалейныя) і дэкар. расліны. Выкарыстоўваюцца ў медыцыне, парфумернай і харч. Прам-сці.
т. 2, с. 220
БАЗІ́ЛІ́КА
(ад грэч. basilikē царскі дом),
выцягнуты, прамавугольны ў плане будынак, падзелены падоўжнымі радамі калон ці слупоў на некалькі (звычайна 3 ці 5) частак (т.зв. караблёў, ці нефаў), якія маюць самастойныя перакрыцці. Сярэдні гал. неф заўсёды вышэйшы за бакавыя, верхняя частка яго сцен, прарэзаная вокнамі, выступае над дахамі бакавых нефаў. Перад уваходам базілікі — папярочны прытвор (нартэкс), а ў процілеглым канцы сярэдняга, большага па шырыні нефа — паўкруглы выступ (апсіда), накрыты паўкупалам. Першапачаткова базілікі мелі драўлянае перакрыцце, якое пазней замянілі мураваным скляпеністым. У Стараж. Рыме базілікі выкарыстоўваліся як судовыя залы, рынкі, біржы і інш. Пазней базіліка стала адным з асн. тыпаў хрысц. храмаў, пашырылася ў візантыйскай, сірыйскай, раманскай і гатычнай архітэктуры, а таксама ў архітэктуры Адраджэння і барока. На Беларусі базілікі з’явіліся ў канцы 16 ст., пашырыліся ў 18 ст. Найчасцей выкарыстоўваліся ў культавых хрысц. будынках (каталіцкіх, праваслаўных і уніяцкіх), зрэдку — у ратушах (Слуцк), сінагогах (Слонім).
т. 2, с. 220
БАЗІЛІКА́ТА
(Basilicata),
Луканія, адм. вобласць на Пд Італіі. Пл. 10 тыс. км². Нас. 625 тыс. чал. (1990). Уключае правінцыі Матэра і Патэнца. Адм. ц. — г. Патэнца. На ПдУ абмываецца зал. Таранта Іанічнага м., на ПдЗ — зал. Палікастра Тырэнскага м. Зах., паўд. і паўн. часткі занятыя Луканскімі Апенінамі (г. Сірына, 2007 м). На У плато і прыбярэжная нізіна.
Клімат міжземнаморскі. Расліннасць — ксерафітныя лясы і хмызнякі. Нафтахім., пракатныя, машынабуд., папяровыя, харч., дрэваапр., швейныя прадпрыемствы. Невялікая здабыча прыроднага газу і лігнітаў. Гал. с.-г. культуры — пшаніца, авёс; вырошчваюць таксама бабовыя, капусту, перац, раннюю гародніну. Садоўніцтва і вінаградарства. Жывёлагадоўля пераважна горнапашавая (авечкі і козы). Транспарт аўтамаб. і чыгуначны.
т. 2, с. 220
БА́ЗІС,
база (ад грэч. basis аснова), 1) у матэматыцы — найменшае падмноства некаторага мноства, з якога пэўнымі аперацыямі можна атрымаць любы элемент гэтага мноства. Напрыклад, 1 аперацыямі складання і множання можна атрымаць любы натуральны лік. У вектарнай прасторы такі набор вектараў, што адвольны вектар адназначна выяўляецца ў выглядзе лінейнай камбінацыі вектараў гэтага набору. Колькасць элементаў базісу наз. размернасцю прасторы. Гл. таксама Артаганальная сістэма, Артаганальнае пераўтварэнне.
2) У фізіцы базіс крышталічнай структуры — поўная сукупнасць каардынатаў цэнтраў атамаў у сіметрычна незалежнай вобласці крышт. структуры. Эксперыментальнае вызначэнне праводзіцца метадамі рэнтгенаўскага структурнага аналізу, электронаграфіі, нейтронаграфіі.
т. 2, с. 220
БА́ЗІСНАЯ СЕ́ТКА,
сістэма трохвугольнікаў, якая выкарыстоўваецца ў геадэзічных вымярэннях. Забяспечвае пераход з неабходнай дакладнасцю ад непасрэднага вымярэння на мясцовасці кароткага базіса геадэзічнага да больш доўгага (зыходнага) боку аднаго з трохвугольнікаў, якія ўваходзяць у склад самой трыянгуляцыі. Базісная сетка будуецца ў тых выпадках, калі непасрэднае вымярэнне зыходных бакоў трыянгуляцыі немагчымае ці нерэнтабельнае. Звычайна форма базіснай сеткі блізкая да ромба, малая дыяганаль якога служыць базісам, а большая — зыходным бокам трыянгуляцыі.
т. 2, с. 221