БАР’Е́Р
(франц. barriére),
1) невысокая перагародка, якая закрывае свабодны праход, праезд.
2) Спецыяльная перашкода, устаноўленая для пераадолення на спарт бегавой дарожцы, арэне цырка і інш. 3) Рыса перад кожным з удзельнікаў дуэлі, якую яны не павінны былі пераступаць пры стральбе.
4) Тое, што перашкаджае ажыццяўленню чаго-н., затрымлівае развіццё адпаведнай дзейнасці. Гл. таксама Бар’еры біягеаграфічныя.
т. 2, с. 307
БАР’Е́РНАЯ ФУ́НКЦЫЯ,
здольнасць арганізма чалавека і жывёл праз своеасаблівыя фізіял. механізмы, т.зв. бар’еры, захоўваць сваё ўнутр. асяроддзе (кроў, лімфу, тканкавую вадкасць) ад вонкавых уздзеянняў і падтрымліваць яго адносна пастаянны хім., фіз. састаў і біял. ўласцівасці. Адрозніваюць вонкавыя (скура, дыхальны, стрававальны і выдзяляльны апараты, печань, слізістыя абалонкі) і ўнутраныя (гематалагічныя) бар’еры. Бар’ерная функцыя выпрацавалася ў працэсе эвалюцыі і вызначае жыццядзейнасць органаў і тканак, іх адчувальнасць да бактэрый, ядаў, таксінаў, чужародных рэчываў, лекаў.
т. 2, с. 307
БАР’Е́РНЫ РЫФ,
града каралавых рыфаў, выцягнутая паралельна берагу мацерыка або вострава на некаторай адлегласці ад яго, часта па краі мацерыковай водмелі. Бар’ерныя рыфы адгароджваюць ад мора мелкаводныя лагуны, пашыраны пераважна ў водах Ціхага і Індыйскага акіянаў (напр., Вялікі Бар’ерны рыф каля паўн.-ўсх. берагоў Аўстраліі).
т. 2, с. 307
БАР’Е́РЫ БІЯГЕАГРАФІ́ЧНЫЯ,
бар’еры пашырэння, любыя перашкоды (геагр., фіз., хім і біял. характару) на шляху пашырэння віду або згуртавання папуляцый жывёл і раслін. Напрыклад, моры, акіяны, горы з’яўляюцца геагр. перашкодамі на шляху пашырэння наземных (мацерыковых, астраўных) жывёл або раслін; лясы перашкаджаюць пашырэнню стэпаў; адсутнасць насякомых (апыляльнікаў) пашырэнню энтамафільных раслін і інш.
Бар’еры біягеаграфічныя — адна з гал. прычын узнікнення і існавання эндэмікаў (гл., напрыклад, Аўстралійская біягеаграфічная вобласць). Высокая ступень эндэмізму фауны воз. Байкал (80—100%) тлумачыцца працяглай адарванасцю (з трацічнага перыяду) гэтага возера ад інш. цэнтраў відаўтварэння. Гасп. дзейнасць чалавека садзейнічае ўтварэнню новых, відазмяняе або ўстараняе існуючыя бар’еры біягеаграфічныя і садзейнічае пашырэнню карысных і шкодных відаў жывых арганізмаў.
т. 2, с. 307
БА́РЖА
(франц. barge),
пласкадоннае грузавое несамаходнае судна без аснасткі з невялікай асадкай. Перацягваецца буксірам. У залежнасці ад грузаў, якія перавозяцца, баржы падзяляюцца на сухагрузныя (для пяску, руды, кам. вугалю) і наліўныя (вадкае паліва, вада); ад раёна плавання — на марскія, рэйдавыя (прыбярэжныя) і рачныя. На Беларусі з’явілася ў канцы 19 ст. і паступова стала асн. тыпам рачнога грузавога транспарту (з часам драўляныя судны заменены металічнымі). Сучасныя баржы, якія выкарыстоўваюць на ўсіх буйных рэках рэспублікі, пераважна сухагрузныя; грузападымальнасць 100—700 т.
т. 2, с. 307
БАРЖАВО́З,
ліхтэравоз, судна для транспартавання грузаў у баржах — плывучых кантэйнерах. Эксплуатуюцца пераважна баржавозы двух тыпаў — з кранавай і гарызантальнай грузаапрацоўкай. На баржавозах першага тыпу баржы (да 83 баржаў з грузам да 450 т кожная) падымаюцца з вады, перасоўваюцца ўздоўж палубы і ставяцца ў трумы казловым кранам. На баржавозах другога тыпу баржы падымаюцца да ўзроўню грузавой палубы спец. пад’ёмнікам на карме і перасоўваюцца на цялежках да месца ўстаноўкі (да 38 баржаў водазмяшчэннем да 1000 т).
т. 2, с. 307
БАРЖО́МІ,
горны бальнеакліматычны курорт у Грузіі. За 150 км ад Тбілісі ў Баржомскай цясніне ў даліне р. Кура. Засн. ў 1922. Субтрапічны клімат з мяккай маласнежнай зімой, цёплымі, сонечнымі летам і восенню. Шматлікія штучныя крыніцы і прыродныя выхады вуглякіслых мінер. водаў (на лячэнне выкарыстоўваюцца з 19 ст., значныя аб’ёмы экспартуюцца). Кліматычнае (аэрагеліятэрапія з чэрв. да канца кастр.) і бальнеалагічнае лячэнне хворых з расстройствамі функцый страўніка, кішэчніка, печані, жоўцевых шляхоў, абмену рэчываў і сардэчна-сасудзістай сістэмы. Больш як 100 санаторыяў, пансіянатаў і гасцініц, турысцкія і інш. базы адпачынку і экскурсійнага абслугоўвання, паветрана-канатная дарога, шматлікія арх.-гіст. помнікі 12—18 ст., паблізу Баржомскі запаведнік.
т. 2, с. 307
БАРЗДО́Ў Георгій Мікалаевіч
(н. 5.10.1949, г. Баранавічы),
бел. фізік-тэарэтык. Д-р фізіка-матэм. н. (1994). Скончыў БДУ (1971), працуе ў ім, з 1994 на пасадзе прафесара. Навук. працы па электрадынаміцы і акустыцы анізатропных асяроддзяў, уласцівасцях гіратропных і біанізатропных матэрыялаў. Распрацаваў аператарныя метады рашэння прамых і адваротных гранічных задач у электрадынаміцы суцэльных асяроддзяў, уключаючы выпадак рухомых асяроддзяў.
Тв.:
Эволюционные операторы электромагнитных волн в кристаллах. Ч. 1—3 // Кристаллография. 1990. Т. 35, вып. 3.
т. 2, с. 307
БАРЗДО́ЎКА,
вёска ў Беларусі, у Аршанскім раёне Віцебскай вобл., на р. Крапівенка. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 18 км на ПдУ ад Оршы, 98 км ад Віцебска. 300 ж., 117 двароў (1995). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. Сувязі.
т. 2, с. 307