Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

БАЯ́Н,

легендарны рускі пясняр (11—12 ст.). Упершыню згадваецца ў «Слове пра паход Ігаравы», аўтар якога называе яго ўнукам Вялеса (язычніцкага Бога ўсіх славян), з пашанай гаворыць пра яго паэтычнае майстэрства. Паводле меркаванняў, Баян быў дружыннікам кн. Святаслава Яраславіча і складаў песні-«славы» ў гонар князя і яго дружыны.

т. 2, с. 368

БАЯ́Н (ад імя стараж.-рус. спевака-казачніка Баяна),

язычковы пнеўматычны клавішны муз. інструмент, удасканалены храматычны гармонік (дыяпазон 4—5 актаў). Найб. пашыраны ў Расіі, папулярны на Беларусі. Бываюць баяны «гатовыя» (з падрыхтаванымі стандартнымі акордамі ў басе) і «гатова-выбарныя» (клавіятура левай рукі мае кнопкі для здабывання ўсіх гукаў храматычнай гамы і кнопкі «гатовых» акордаў). Папярэднікі баяна — 4-радовы пецярбургскі і 3-радовы «венскі» гармонік. У распрацоўцы канструкцыі баяна ўдзельнічалі рус. і ням. майстры. Тэрмін «баян» уведзены ў 1907 рус. майстрамі. Выкарыстоўваецца як сольны, ансамблевы і аркестравы інструмент. Клас баяна існуе ў спец. муз. навуч. установах рознага ўзроўню. На Беларусі баяны вырабляла Маладзечанская ф-ка муз. інструментаў.

Літ.:

Басурманов А.П. Справочник баяниста. 2 изд. М., 1987.

Баян.

т. 2, с. 368

БАЯНЕ́Т (франц. baïonette літар. штык),

1) першапачатковая назва штыка, вынайдзенага ў сярэдзіне 17 ст. ў Францыі. Мае выгляд нажа (пакарочанага кап’я), ручка якога ўстаўляецца ў канал ствала ружжа. У некаторых краінах (напр., Расіі) наз. багінетам (іл. гл. да арт. Штык).

2) Хуткае злучэнне дэталяў, пры якім адну дэталь, што мае прарэз, насаджваюць на інш. дэталь з адпаведным выступам і пакручваюць так, каб выступ стопарыў дэталь. Выкарыстоўваецца для замацавання дэталяў у патронах металарэзных станкоў, аб’ектываў у фотаапаратах і інш.

Да арт. Баянет: а — без запорнага прыстасавання; б — з замком; в — з вінтавым пазам; 1, 2 — злучальныя дэталі; 3 — штыфт; 4 — запорная спружына.

т. 2, с. 368

БАЯНІ́ЦКАЕ ВО́ЗЕРА,

у Беларусі, у Любанскім раёне Мінскай вобл., у бас. р. Арэса, за 20 км на ПдУ ад г. Любань. Пл. 0,58 км². Вадазбор раўнінны, катлавіна авальнай формы, нязначна выцягнутая з З на У. Цахмінскім каналам злучана з р. Арэса.

т. 2, с. 369

БАЯ́РДА (Boiardo) Матэо Марыя, граф ды Скандыяна (Scandiano; 1441, замак Скандыяна, каля г. Рэджа-нель-Эмілія, Італія — 19.12.1494), італьянскі паэт, перакладчык. Займаў высокія прыдворныя пасады ў Ферары. Аўтар любоўнай лірыкі (зб. «Тры кнігі пра каханне», 1499), лац. вершаў (цыкл «Epigrammata», «Хвалебныя вершы пра ўчынкі фаміліі д’Эстэ»), эклог на лац. і італьян. мовах, незакончанай паэмы «Закаханы Раланд» (кн. 1—2-я і пач. 3-й, 1495), у якой перапляліся элементы рыцарскай героікі і фантастыкі, рэальнага прыдворнага жыцця і чарадзейства. Мяккая іронія Баярда разбурыла створаны ім рыцарскі свет, які набыў адценне ўмоўнасці, вытанчанай гульні ўяўлення. Дыялог Лукіяна «Ціман» перарабіў у п’есу, напісаную тэрцынамі («Timone», 1500). Перакладаў Герадота, Ксенафонта, Карнелія Непота, Апулея. Працяг паэмы Баярда напісаў Л.Арыёста.

А.​С.​Шаўчэнка.

т. 2, с. 369

Баяркін Алег Міхайлавіч

т. 18, кн. 1, с. 347

БАЯ́РСКАЕ ВО́ЗЕРА,

у Беларусі, у Чашніцкім раёне Віцебскай вобл., у бас. р. Свінка (працякае праз возера), за 12 км на ПнУ ад г. Чашнікі. Пл. 0,2 км², даўж. 800 м, найб. шыр. 440 м, найб. глыб. 1,5 м. Пл. вадазбору 17,2 км².

Катлавіна злёгку выцягнутая з Пн на Пд, схілы пераважна разараныя. Берагі сплавінныя, на ПдУ абразійныя. Пойма забалочаная. Дно сподкападобнае, сапрапелістае, уздоўж берагоў вузкая паласа глею і пяску. Амаль трэць плошчы возера занята расліннасцю (паласа шыр. 10—175 м да глыб. 1 м).

т. 2, с. 369

БАЯ́РСКАЯ ДУ́МА,

1) у Кіеўскай дзяржаве 10 — 1-й пал. 12 ст. нарада князя з дружынай (князевымі мужамі, думцамі) і інш. набліжанымі асобамі (напр., земскімі баярамі).

2) У перыяд феад. раздробленасці Русі савет знатных васалаў пры князю ў вял. і ўдзельных княствах.

3) У цэнтралізаванай Рускай дзяржаве канца 15 — пач. 18 ст. пастаянны саслоўна-прадстаўнічы орган арыстакратыі пры вял. князю (з 1547 цары). Мела дарадчы характар, абмяркоўвала пытанні ўнутр. і знешняй палітыкі. Складалася з думных чыноў (баяраў, акольнічых, думных дваранаў, думных дзякоў), колькасць якіх мянялася; супрацоўнічала з Разрадным і Пасольскім прыказамі. Скасавана Пятром I у 1711 у сувязі са стварэннем Сената.

Літ.:

Зимин А.А. Формирование боярской аристократии в России во второй половине XV — первой трети XVI в. М., 1988;

Ключевский В. Боярская Дума Древней Руси;

Добрые люди Древней Руси: Репр. изд. М., 1994.

т. 2, с. 369

БАЯ́РСКІ (Міхаіл Сяргеевіч) (н. 26.12.1949, С.-Пецярбург),

рускі акцёр. Нар. арт. Расіі (1990). Скончыў Ленінградскі ін-т т-ра, музыкі і кінематаграфіі (1972). У 1972—87 у т-ры імя Ленсавета, з 1988 маст. кіраўнік эстраднага т-ра-студыі «Бенефіс» (С.-Пецярбург). З 1974 здымаецца ў кіна- і тэлефільмах: «Масты», «Душа», «Лішні білет», «Мама» (СССР—Румынія—Францыя), «Сабака на сене», «Д’Артаньян і тры мушкецёры», «Гардэмарыны, наперад!», «Тарцюф» і інш.

т. 2, с. 369

БАЯ́РСКІЯ КНІ́ГІ,

зводы імянных пералікаў па чынах прыдворных асоб Расіі (думных і вышэйшых дварцовых чыноў, стольнікаў, страпчых, маскоўскіх і выбарных дваран, дзякоў) з пазначэннем іх памесных і грашовых акладаў. Згадваюцца з пач. 17 ст. Складаліся ў Разрадным прыказе як зводныя ўлікова-акладныя дакументы. Крыніца для вывучэння памеснай сістэмы, т.зв. Гасударава двара, гісторыі рас. дваранства, генеалогіі. Захаваліся 14 баярскіх кніг (1615—91).

т. 2, с. 369