Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БА́ХАРАЎ Барыс Сяргеевіч

(10.9.1902, г.п. Дзямянск Наўгародскай вобл., Расія — 16.7.1944),

савецкі военачальнік, ген.-м. танк. войскаў (1942). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1932). У Чырв. Арміі з 1921. У Вял. Айч. вайну камандуючы танк. дывізіяй і 9-м танк. корпусам, які за ўдзел у Бабруйскай аперацыі 1944 атрымаў ганаровае найменне «Бабруйскага», за ўдзел у вызваленні г. Баранавічы ўзнагароджаны ордэнам Чырв. Сцяга. Загінуў каля в. Шакуны Пружанскага р-на Брэсцкай вобласці.

т. 2, с. 357

БА́ХАРАЎ Пётр Міхайлавіч

(7.1.1920, в. Грыневічы Лагойскага р-на Мінскай вобласці — 1987),

Герой Сав. Саюза (1944). У Вял. Айч. вайну з ліп. 1941 на Паўд.-Зах., Бранскім, 1-м Бел. і інш. франтах. Лейтэнант Бахараў вызначыўся ў вер. 1943: на тэр. Чарнігаўскай вобласці ўзвод бранябойшчыкаў пад яго камандаваннем адбіў атаку праціўніка; пры фарсіраванні Дняпра ў Брагінскім раёне група байцоў на чале з Бахаравым ліквідавала варожы заслон на в-ве, на правым беразе захапіла і ўтрымала плацдарм. Да 1974 у органах МУС.

т. 2, с. 357

БАХАРДЭ́НСКАЯ ПЯЧО́РА,

карставая пячора каля паўн. падножжа хрыбта Капетдаг, у Туркменіі, за 19 км на Пд ад г.п. Бахардэн. Даўж. 250 м, глыб. 69 м. Гал. грот завалены каменнымі глыбамі, ёсць карставыя варонкі; ніжні грот заняты праточным воз. Коу-Ата з тэрмальнай (34—77 °C) серавадароднай вадой. Спелефауна: лятучыя мышы, грызуны, птушкі, каля 50 відаў беспазваночных. Аб’ект турызму.

т. 2, с. 357

БА́ХМАН

(Bachmann) Інгеборг (25.6.1926, г. Клагенфурт, Аўстрыя — 17.10.1973),

аўстрыйская пісьменніца. У 1945—50 вучылася ў Грацкім, Інсбрукскім, Венскім ун-тах. Д-р філасофіі (1950). Аўтар зб-каў вершаў «Адтэрмінаваны час» (1953), «Покліч Вялікай Мядзведзіцы» (1956), зб-каў апавяданняў «Трыццаты год» (1961), «Сінхронна» (1972), рамана «Маліна» (1971), эсэ, нарысаў. Пісала лібрэта для балетаў і опер Г.Генцэ, радыёп’есы: «Панскі двор» (1954), «Цыкады» (1955), «Добры бог з Манхатана» (1958). Яе лірыка сімвалічная, вытанчаная, са складанай метафарычнасцю, аднак стыль ясны, просты, строгі. Героі Бахман дзёрзкія, упартыя, поўныя пошукаў і супярэчнасцяў. Яны бунтуюць супраць багоў, лёсу, сац. умоў.

Тв.:

Рус. пер. — Три дороги к озеру: Повесть и рассказы. М., 1976;

Избранное. М., 1981.

У.Л.Сакалоўскі.

т. 2, с. 357

БАХМАНІ́ДСКІ СУЛТАНА́Т,

Бахмані, дзяржава ў Індыі ў 1347—1525. Утвораны ў выніку паўстання дэканскіх феадалаў супраць Дэлійскага султаната. Заснавальнік Бахманідскага султаната Зафар-хан даў пачатак дынастыі Бахманідаў, сталіца Бахманідскага султаната — г. Гулбарга, з 1429 — Бідар. Улада Бахманідаў распаўсюджвалася на ўвесь Дэкан да р. Крышна на Пд. У канцы 15 — пач. 16 ст. распаўся на султанаты Ахмаднагар, Берар, Бідар, Біджапур, Галконда.

т. 2, с. 357

БАХМАТО́ВІЧ Казімір

(1808, в. Дабраўляны, Смаргонскі р-н Гродзенскай вобл. — 1837),

бел. графік і жывапісец. Вучыўся ў Віленскім ун-це ў Я.Рустэма. Працаваў настаўнікам малявання ў дабраўлянскім маёнтку графа А.Гюнтэра. Выканаў насценную размалёўку інтэр’ера капліцы Дабраўлянскага палаца (1828), літаграфіі «Інтэр’ер капліцы Дабраўлянскага палаца» (1829), «Бытавыя сцэны» (літаграфія па малюнках Я.Рустэма, 1830-я г.), «Дабраўлянскі сувенір» (1835), партрэт Рустэма, «Успаміны аб Вільні» (1837) і інш.; графічныя лісты, выкананыя ў мяшанай тэхніцы («Мужчынскі партрэт», «У спальні» і інш.). Яго рэаліст. бытавыя замалёўкі маюць этнагр. каштоўнасць. Найб. цікавыя з іх змешчаны ў альбоме «Збор нацыянальных і ваенных касцюмаў, што намаляваў Казімір Бахматовіч, вучань Віленскай акадэміі на Літве» (1831). Вядомыя яго жывапісныя творы: «Дзяўчынка з немаўляткам», «Літоўская вяснянка».

Літ.:

Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974.

т. 2, с. 357

БАХМЕ́ЦЬЕВА ПРА́ВІЛА,

раптоўны скачок т-ры ўверх на вызначаным участку цела ў халаднакроўных (пайкілатэрмных) жывёл пры рэзкім зніжэнні т-ры асяроддзя, а потым новае глыбокае яе падзенне. Правіла ўстанавіў у 1899 П.І.Бахмецьеў. Тэмпературны скачок прыпадае на момант замярзання тканкавай вадкасці, які суправаджаецца вылучэннем скрытай цеплыні плаўлення. За ім настае далейшае ахаладжэнне тканак, у выніку паступовае ахаладжэнне вядзе да ўтварэння крышт. лёду, які парушае структуру тканак; пры вельмі хуткім ахаладжэнні (100 °C за 1 с) узнікае аморфны лёд, які не парушае структуры тканак.

т. 2, с. 357

БАХМЕ́ЦЬЕЎ Парфен Іванавіч

(9.3.1860, Саратаўская вобл., Расія — 24.10.1913),

расійскі фізік і біёлаг-эксперыментатар. Скончыў Цюрыхскі ун-т (1885), дзе і працаваў. У 1890—1907 праф. Сафійскага ун-та (Балгарыя). У 1913 у ун-це Шаняўскага (Масква). Навук. працы па праблемах магнетызму, электрычнасці, геафізікі і фіз. хіміі. Эксперыментальна даследаваў анабіёз пры пераахаладжэнні млекакормячых (лятучых мышэй); распрацаваў тэрмаэлектрычны тэрмометр для вымярэнняў змены т-ры цела ў насякомых; займаўся пытаннямі практычнага выкарыстання пераахаладжэння пры лячэнні туберкулёзу.

т. 2, с. 358

БАХМЕ́ЦЬЕЎ Уладзімір Мацвеевіч

(14.8.1885, г. Зямлянск Варонежскай вобл., Расія — 16.10.1963),

рускі пісьменнік. Творы вызначаюцца вастрынёй і актуальнасцю праблематыкі. У апавяданнях, аповесцях і нарысах адлюстроўваў жыццё сібірскага сялянства («Нядзеля», 1910; «Сухі патоп», 1914; «Маці», 1916), падзеі рэв. эпохі («Памылка», 1924; «Жалезная трава», 1926; «Цень у полымі», 1929) і грамадз. вайны (раманы «Злачынства Марціна», 1928; «Наступ», 1933—40). Творы пра Вял. Айч. вайну раскрываюць гераізм і мужнасць сав. салдатаў. Аўтар кн. «Вячаслаў Шышкоў» (1947).

т. 2, с. 358

БАХМУ́ЦІНСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура 5—8 ст. у міжрэччы Уфы, Камы і Белай. Назва ад могільніка каля в. Бахмуціна Благавешчанскага р-на (Башкортастан). Насельніцтва займалася земляробствам, жывёлагадоўляй, жыло на селішчах і гарадзішчах у паўзямлянкавых жытлах. Пахавальны абрад — трупапалажэнне ў грунтавых магілах. У пахаваннях шмат упрыгожанняў (падвескі, накладкі, паясы, фібулы), зброя (мячы, стрэлы, сякеры), прылады працы (сярпы, долаты, скоблі) і інш. Большасць керамікі — кругладонныя пасудзіны, арнаментаваныя па ўсёй паверхні дробнымі ямкамі. Носьбітамі Бахмуцінскай культуры былі угры.

т. 2, с. 358