Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

«БА́МБЕРГ»

(«Bamberg»),

кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. захопнікаў на Беларусі супраць партызанаў і цывільнага насельніцтва ў Вял. Айч. вайну ў Акцябрскім, Глускім, Любанскім, Петрыкаўскім, Бабруйскім р-нах. Праводзілася 20.3—4.4.1942 сіламі 3 пях. і 1 артыл. палкоў, 2 асобных паліцэйскіх батальёнаў, кав. эскадрона і авіяэскадрыллі. У ходзе аперацыі карнікі спалілі больш за 3600 жылых дамоў, расстралялі, павесілі і спалілі каля 5600 жыхароў, у тым ліку старых, жанчын і дзяцей, захапілі больш за 3 тыс. галоў жывёлы, каля 200 т збожжа і фуражу. У час баёў з карнікамі партыз. атрады М.П.Бумажкова, У.Ц.Шантара, А.Г.Балахонава і некат. інш. прарваліся з блакады і перадыслацыраваліся ў інш. раёны. Атрады, якія засталіся ў раёне аперацыі і ўтрымлівалі свае пазіцыі, у маі 1942 аформіліся ў 123-ю Акцябрскую партыз. Брыгаду.

т. 2, с. 271

БАМБУ́К

(Bambusa),

род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 80 відаў. Пашыраны ў тропіках і субтропіках Азіі, Афрыкі, Аўстраліі і Амерыкі. На Беларусі вырошчваецца ў аранжарэі Цэнтр. бат. саду АН. Часам бамбукам называюць віды інш. родаў (напр., лістакалоснік, саза) падсям. бамбукавых (Bambusoidea), якое ўключае больш за 1000 відаў.

Шматгадовыя дрэвападобныя злакі з паўзучым карэнішчам і моцна развітым адраўнелым сцяблом (саломінай) выш да 35 м, дыям. да 30 см. Лісце пераважна ланцэтнае, цвёрдае, з похвамі і кароткім чаранком. Кветкі дробныя, сабраныя ў каласкі. Плод — зярняўка. Вызначаюцца хуткім ростам — да 75 см за суткі. Тэхн. (з бамбуку будуюць дамы, масты, водаправоды, вырабляюць мэблю, кашолкі, цыноўкі, вуды і інш., заменнік драўніны ў цэлюлозна-папяровай прам-сці), кармавыя, лек. (сродак ад жаўтухі, дызентэрыі, ліхаманкі, туберкулёзу і інш.), дэкар. і харч. (маладыя парасткі і насенне ідуць у ежу; у стрыжні сцябла некаторых відаў ёсць салодкі сок, з якога вырабляюць т.зв. бамбукавы цукар) расліны.

т. 2, с. 271

БА́МІЯ

(Abelmoschus esculentus),

кветкавая расліна сям. мальвавых. Агародніна. Радзіма — Усх. Афрыка. Вырошчваюць ў трапічных і субтрапічных краінах Паўн. Амерыкі і Паўд. Еўропе, у Закаўказзі. Святло- і цеплалюбівая культура.

Аднагадовая травяністая расліна выш. да 2 м, падобная на бавоўнік. Лісце пальчаталопасцевае, на доўгіх чаранках. Кветкі жоўтыя, адзіночныя, у пазухах лісця. Плод — каробачка даўж. да 25 см. Тэхн. (з сцяблоў вырабляюць грубыя валокны), лек., кармавыя і харч. (няспелыя струкападобныя плады і лісце спажываюць у ежу, з насення гатуюць сурагат кавы і какавы) расліна.

т. 2, с. 271