Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БАЙКА́ЛЬСКАЯ СКЛА́ДКАВАСЦЬ,

познарыфейска-вендская складкавасць, эра тэктагенезу ў познім пратэразоі (каля 900—550 млн. гадоў назад), што папярэднічала каледонскай складкавасці. Вылучана ў 1932 рус. вучоным М.С.Шацкім. Тыповыя раёны развіцця байкалідаў — у Азіі (Енісейскі краж і Байкальская горная вобл.). Шырока выявілася на прылеглых да стараж. платформаў (кратонаў) тэрыторыях. Аналагі Байкальскай складкавасці: кадомская (асінцкая) у Зах. Еўропе, катангская ў Афрыцы, гадрынская і бразільская ў Амерыцы, луінская ў Аўстраліі. На Усх.-Еўрапейскай і інш. платформах узнікла сістэма аўлакагенаў. Байкаліды ўтвараюць ядры многіх палеазойскіх складкавых сістэм: Урала, Ціманскага кража, Цэнтр. Казахстана, паўн. часткі Цянь-Шаня і інш., уваходзяць у склад фундамента Зах.-Сібірскай і Зах.-Еўрапейскай маладых платформаў. З зонамі Байкальскай складкавасці звязаны радовішчы медзі, золата, волава і вальфраму.

т. 2, с. 224

БАЙКА́ЛЬСКІЯ НЕАЛІТЫ́ЧНЫЯ КУЛЬТУ́РЫ,

археалагічныя культуры неаліту на тэр. Прыбайкалля. Насельніцтва найб. ранняй ісакаўскай культуры (4-е — пач. 3-га тыс. да нашай эры) займалася паляваннем, вырабляла сланцавыя наканечнікі стрэл, шліфаваныя цёслы, вастрадонны і паўяйкападобны керамічны посуд з адбіткам сеткі-пляцёнкі на паверхні. Плямёны сяроўскай культуры (3-е тыс. да нашай эры) удасканалілі каменныя і касцяныя прылады (шліфавалі і свідравалі). З’явіліся рэчы з зялёнага нефрыту, складаны лук з касцянымі абкладамі, скульптурныя выявы ласёў, рыб, антрапаморфныя фігуркі, наскальныя малюнкі. Кругладонны посуд упрыгожаны адбіткамі розных штампаў. Асн. заняткам насельніцтва кітойскай культуры (сярэдзіна 3 — пач. 2-га тыс. да нашай эры) было рыбалоўства. З’явіліся састаўныя (з косці і каменю) рыбалоўныя кручкі, доўгія касцяныя кінжалы з крамянёвымі ўкладышамі, павялічылася колькасць вырабаў з нефрыту. Пахавальны абрад насельніцтва Байкальскіх неалітычных культур — трупапалажэнне ў грунтавых магілах; нябожчыкаў пасыпалі вохрай.

т. 2, с. 225

БАЙКА́ЛЬСКІ ЗАПАВЕ́ДНІК,

на ПдЗ Бураціі, у цэнтр. ч. хрыбта Хамар-Дабан (выш. да 2300 м) і на берагавых тэрасах воз. Байкал. Засн. ў 1969. Пл. 165,7 тыс. га (пад лесам больш за 117 тыс. га, вадаёмаў 1552 га, астатняя пл. пад бязлесымі высакагор’ямі — гальцамі). Расліннасць горна-таежнага прыроднага комплексу: елка, кедр, піхта, хвоя, лістоўніца; у далінах рэк бярозавыя і асінавыя лясы; у падгальцавым поясе зараснікі рададэндранаў і субальпійскія лугі. Жывёльны свет — 37 відаў млекакормячых (звычайныя собаль, буры мядзведзь, каланок, гарнастай, ізюбр, паўн. алень) і 260 відаў птушак (шматлікія глушцы, курапаткі, ястрабы, рабчык, кедраўка, сойка; з рэдкіх відаў — скапа, арлан-белахвост).

т. 2, с. 225

БАЙКА́ЛЬСКІ ХРЫБЕ́Т,

горны хрыбет па паўн.-зах. узбярэжжы воз. Байкал, у Расійскай Федэрацыі. Даўж. 300 км, выш. да 2572 м (г. Чэрскага). Складзены з крышт. сланцаў, кварцытаў, вапнякоў, гранітаў. Пераважае высакагорны рэльеф. На зах. схілах (да выш. 1400 м) цемнахвойная тайга, на ўсходніх лістоўнічныя лясы, вышэй горныя тундры і камяністыя россыпы.

т. 2, с. 225

БАЙКАНУ́Р,

касмадром у Казахстане, у Карагандзінскай вобласці. Створаны ў 1955. Мае некалькі стартавых комплексаў, тэхн. пазіцый і вымяральных пунктаў. З Байканура запушчаны першы ў гісторыі чалавецтва штучны спадарожнік Зямлі (1957), здзейсніў палёт першы касманаўт Ю.А.Гагарын (1961); стартавалі пілатаваныя касм. караблі («Усход», «Узыход», «Саюз» і інш.), арбітальныя станцыі («Салют», «Мір»), шматлікія штучныя спадарожнікі Зямлі і міжпланетныя касм. Апараты.

т. 2, с. 225

БАЙКО́Т

(англ. boycott),

1) поўная ці частковая адмова ад падтрымання адносін з пэўнай асобай, арг-цыяй ці дзяржавай, каб прымусіць іх задаволіць тыя ці інш. эканам. або паліт. патрабаванні. Можа ажыццяўляцца і па рашэнні Савета Бяспекі ААН.

2) Адмова ад выканання функцый ці ад карыстання пэўнымі правамі ці чыімі-н. паслугамі з тымі ж мэтамі (адмова ад удзелу ў выбарах, адмова рабочых наймацца на работу да прадпрымальніка як пратэст супраць яго дзеянняў і гэтак далей).

3) У пераносным сэнсе — спыненне адносін з пэўнай асобай у знак пратэсту.

т. 2, с. 225

БАЙКО́Ў Аляксандр Аляксандравіч

(6.8.1870, г. Фацеж Курскай вобл., Расія — 6.4.1946),

рускі вучоны ў галіне металазнаўства, металургіі і хіміі. Акад. АН СССР (1932, чл.-кар. 1927), Герой Сац. Працы (1945). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1893), працаваў у ВНУ Пецярбурга, з 1942 віцэ-прэзідэнт АН СССР. Навук. працы па тэорыі акіслення і аднаўлення металаў і дысацыяцыі хім. злучэнняў пры высокай т-ры, асновах металургіі каляровых металаў, прамым атрыманні жалеза з руды, комплексным выкарыстанні сыравіны. Дзярж. прэмія СССР 1943.

Тв.:

Собр. трудов. Т. 1—5. М.; Л., 1948—52.

т. 2, с. 225

БАЙКО́Ў Мікалай Сафронавіч

(крас. 1915, в. Покаць Чачэрскага р-на Гомельскай вобласці — ?),

Герой Сав. Саюза (1943). У Вял. Айч. вайну на фронце з 1941. Радавы Байкоў вызначыўся ў 1943 пры вызваленні Камарынскага р-на (Гомельская вобл.): у ліку першых пераправіўся цераз Дняпро, пры ўтрыманні захопленага плацдарма паранены працягваў з групай байцоў адбіваць контратакі праціўніка, чым садзейнічаў поспеху пераправы. Прапаў без вестак 3.10.1943.

т. 2, с. 225

БАЙКО́Ў Мікалай Якаўлевіч

(22.2.1889, г. Бежацк Цвярской вобл., Расія — пасля 1945),

бел. мовазнавец, педагог. З 1913 выкладаў у навуч. установах Мінска. У 1922—28 вучоны сакратар слоўнікавай камісіі Інбелкульта і Ін-та мовазнаўства АН Беларусі. У 1930 беспадстаўна арыштаваны, вызвалены з акадэмічнай пасады. Аўтар артыкулаў па педагогіцы, бел. л-ры, лексікаграфічных прац. Выдаў «Практычны расійска-беларускі слоўнік» (1924, з М.Гарэцкім), «Беларуска-расійскі слоўнік» (1925) і «Расійска-беларускі слоўнік» (1928, абодва з С.Некрашэвічам), «Практычны беларускі вайсковы слоўнік» (1927, з А.Бараноўскім).

т. 2, с. 225

БАЙКО́Ў Фёдар Ісакавіч

(каля 1612 — 1663 або 1664),

рускі дзярж. дзеяч. Дваранін. У 1654—57 узначальваў першае рускае пасольства ў Кітай для ўстанаўлення дыпламат. і гандл. адносін. Місія не мела поспеху. У час паездкі ў Пекін Байкоў вёў назіранні, якія выклаў у справаздачы пасольства — «Стацейным спісе» (прыведзены кашт. звесткі пра Сібір і Кітай, што стала значным укладам у геагр. л-ру таго часу).

т. 2, с. 225