Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БАЛЯСЛА́ЎСКІ Ісак Яфрэмавіч

(9.6.1919, г. Залатаноша Чаркаскай вобл., Украіна — 14.2.1977),

бел. шахматыст. Міжнар. гросмайстар (1948), засл. майстар спорту СССР (1948), засл. трэнер СССР (1964). Скончыў Уральскі ун-т (1949). Чэмпіён свету (1952) і Еўропы (1957, 1965) у камандным першынстве. Неаднаразовы чэмпіён Украіны і Беларусі. Удзельнік міжнар. матчаў зборнай Беларусі з шахматыстамі Польшчы, Венгрыі, ГДР. З 1954 трэнер зборнай СССР па шахматах, з 1967 — Рэсп. школы вышэйшага спарт. майстэрства (г. Мінск). Знаўца і даследчык шахматных дэбютаў.

т. 2, с. 270

БАЛЯСЛА́Ў I Храбры

(Boleslaw I Chrobry; 966 ці 967 — 17.6.1025),

польскі князь у 992—1025 і кароль у 1025. З дынастыі Пястаў. Сын Мешкі І. Да канца 10 ст. завяршыў пачатае бацькам аб’яднанне польскіх зямель (сталіца — г. Гнезна). У 1000 са згоды герм. імператара Атона III заснаваў самаст. Гнезненскае арцыбіскупства. У 1002—04 уладарыў таксама ў Чэхіі. У выніку трох войнаў (1002—18) супраць «Свяшчэннай Рымскай імперыі» набыў у якасці леннага ўладання Лаўзіц (Лужыцу). У 1018 ажыццявіў паход на Кіеў, заняў чэрвеньскія гарады (Чэрвень, Луцк, Суцейск, Броды і інш.). Каранаваўся ў Гнезне вясной 1025.

т. 2, с. 269

БАЛЯСЛА́Ў III Крывавусты

(Boleslaw III; 20.8.1085—28.10.1138),

польскі князь [1102—38]. З дынастыі Пястаў. Сын князя Уладзіслава Германа. Да 1113 у барацьбе за адзінаўладдзе ў краіне перамог старэйшага незаконнанароджанага брата Збігнева (у тым ліку ў 1109 адбіў напад яго саюзніка герм. караля Генрыха V) і аб’яднаў польскія землі. Пасля працяглых войнаў 1102—22 супраць «Свяшчэннай Рымскай імперыі» далучыў да Польшчы Усх. (1116) і на ўмовах леннай залежнасці Зах. (1123) Памор’е, нанова правёў там хрысціянізацыю. У 1138 падзяліў краіну паміж сынамі на ўдзелы (Сілезія, Вял. Польшча, Малая Польшча, Мазовія).

т. 2, с. 269

БАЛЯ́СЫ,

балясіны, невысокія фігурныя слупкі, якія падтрымліваюць поручні агароджы балкона, усходаў, парапета і інш., элемент балюстрады. Вырабляюць з дрэва, бетону, металу. Бываюць плоскія, круглыя ці гранёныя ў сячэнні. Складаюцца з базы, ствала грушападобнай, прызматычнай, вазона- або келіхападобнай формы, нярэдка завяршаюцца плінтам.

т. 2, с. 270