Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ХАЛХІ́Н-ГОЛ,

рака ў Манголіі і Кітаі. Даўж. 233 км, пл. бас. 17 тыс. км². Пачынаецца на зах. схілах Вял. Хінгана, цячэ па раўнінах Баргі, упадае 2 рукавамі ў воз. Буір-Нур і р. Арчун-Гол, што злучае азёры Буір-Нур і Далайнор. Сярэдні расход вады 25 м³/с. У раёне Х.-Г. адбыўся Халхін-Гольскі канфлікт 1939.

т. 16, с. 533

ХАЛХІ́Н-ГО́ЛЬСКІ КАНФЛІ́КТ 1939,

ваенныя дзеянні паміж сав.-манг. і яп. войскамі ў раёне р. Халхін-Гол у маі—вер. 1939. З пач. 1939 яп. войскі неаднаразова парушалі граніцу Мангольскай Нар. Рэспублікі (МНР). Калі яны 28.5.1939 у чарговы раз парушылі мяжу, манг. і сав. войскі (знаходзіліся там у адпаведнасці з пратаколам аб узаемнай дапамозе паміж МНР і СССР ад 12.3.1936) адкінулі іх да манг.-кіт. мяжы. У канцы чэрв. 1939 японцы па спрабавалі захапіць плацдарм на зах. беразе ракі, але 3—5.7.1939 былі разбіты сав.-манг. войскамі каля гары Баін-Цаган. У жн. 1939 на правым беразе Халхін-Гола была разгорнута 6-я яп. армія (75 тыс. чал., 182 танкі, 500 гармат), якую падтрымлівалі 300 самалётаў. Сав.-манг. войскі былі аб’яднаны ў 1-ю армейскую групу (57 тыс. чал., 498 танкаў, 542 гарматы, 385 бронемашын, камандуючы камкор Г.К.Жукаў), якую падтрымлівалі 515 самалётаў. Манг. войскі ўзначаліў маршал Х.Чайбалсан. Дзейнасць сав.-манг. войск каардынаваў камандарм 2-га рангу Р.​М.​Штэрн. У ходзе наступлення сав.-манг. войскі 20—31.8.1939 акружылі і ліквідавалі яп. групоўку. 4 і 8.9.1939 яп. войскі зноў спрабавалі прасунуцца на тэр. МНР, але былі адкінуты і тэр. Манголіі была ачышчана ад захопнікаў. Паветр. баі працягваліся да 15.9.1939.

У ходзе Х.-г.к. сав. авіяцыя ўпершыню выкарыстала ракетную зброю і ўпершыню танкі перайшлі раку па яе дне. Па просьбе Японіі 16.9 1939 баявыя дзеянні спынены. Страты праціўніка склалі 61 тыс. забітымі. параненымі і палоннымі. 660 самалётаў. Страты сав.-манг. боку склалі 18,5 тыс. чал. забітымі і параненымі, 207 самалётаў. За мужнасць 70 удзельнікам баёў прысвоена званне Героя Сав. Саюза, у т. л. С.А.Грыцаўцу, які атрымаў гэта званне другі раз. Сярод узнагароджаных ордэнамі і медалямі былі беларусы і ўраджэнцы Беларусі І.М.Багушэвіч, В.М.Бібікаў, Х.Я.Варанчук, Я.І.Ганчароў, С.А.Любарскі, Дз.К.Марозаў, А.​Дз.Церашкоў, М.К.Шут, А.​К.​Антоненка, Ф.​Я.​Жгіраў, А.​Я.​Марчанка, А.​С.​Пажарскі і інш.

Літ.:

История второй мировой войны, 1939—1945. Т. 2. М., 1974;

Новиков М.В. Победа на Халхин-Голе. М., 1971;

Герои Халхин-Гола. 2 изд. Пермь, 1976;

Данилов А. Там вдали. за рекой... Халхин-Гол // Армия. 1999. №4—5;

2000. №1.

Г.​Дз.​Бабусенка.

т. 16, с. 533

ХАЛЦЭДО́Н (грэч. chalkēdōn ад стараж. г. Халкедон у М. Азіі),

мінерал, скрытакрышталічная паўпразрыстая разнавіднасць кварцу, SiO2; гал. пародаўтваральны мінерал крэменяў, яшмы, крамяністых сланцаў. У саставе Х. вада (да 1,5%), прымесі аксідаў жалеза, алюмінію, марганцу, кальцыю і інш.

Утварае пражылкі, скарынкі. сталактыта- і гронкападобныя нацечныя агрэгаты. канкрэцыі і псеўдамарфозы па драўніне. Разнавіднасці: агат, онікс, сердалік, карнеол (чырвоны), сардэр (буры), хрызапраз (зялёны), сапфірын (блакітны, сіні), махавік (з зял. хларытам) і інш. Цв. 6,5—7. Шчыльн. 2,57—2.64 г/см³. Утвараецца пры нізкатэмпературным гідратэрмальным працэсе ў міндалінах эфузіваў, гідратэрмальных жылах, у асадкавых пародах і інш. Выкарыстоўваецца ў ювелірнай справе, таксама для вырабу лабараторнага посуду, у прыладабудаванні і інш. Гал. радовішчы ў Бразіліі, Уругваі, Індыі, Расіі і інш.

Л.​Ф.​Гуліс.

Халцэдон.

т. 16, с. 533

ХАЛШЧАНКО́ВА (Радзько) Ганна Станіславаўна

(н. 21.1.1951, в. Банцавічы Лідскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. спявачка. Засл. арт. Беларусі (1982). Скончыла мінскія муз. вучылішча імя М.​Глінкі (1978) і ін-т культуры (1992). З 1971 салістка Камерна-інстр. ансамбля Бел. тэлебачання і радыё. Спявачка лірычнага плану. У рэпертуары бел. і рус. нар. песні, пераважна ў апрацоўцы Л.Смялкоўскага («Ох і сеяла Ульянаўна лянок», «Ой жыта ды я не сеяла»), яго творы (вак. цыклы), песні бел. кампазітараў у яго аранжыроўцы, а таксама песні бел. і рас. кампазітараў. У фонд радыё запісала больш за 500 песень.

т. 16, с. 533

ХАЛЬКАГЕ́НЫ (ад грэч. chalkos медзь + ...ген),

хімічныя элементы VI гр. перыяд. сістэмы: кісларод, сера, селен, тэлур, палоній. Існуе шмат іх алатропных мадыфікацый. Акісляльнікі (найб. актыўны кісларод). З вадародам даюць халькагенавадароды (H2X). Утвараюць іонна-кавалентныя, кавалентна-метал. і кавалентна-іонныя злучэнні (халькагеніды) разнастайнага саставу, многія з якіх маюць паўправадніковыя ўласцівасці (селеніды, тэлурыды).

т. 16, с. 533

ХАЛЬКАЗІ́Н (ад грэч. chalkos медзь),

медны блішчак, мінерал класа сульфідаў, Cu2S. Змяшчае 79,8% медзі, прымесі жалеза, кобальту, нікелю, серабра (да 0,2%).

Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі: вядомы ў 2 паліморфных мадыфікацыях: рамбічнай і гексаганальнай. Утварае шчыльныя або зярністыя агрэгаты. Колер свінцова-шэры. чорны. Бляск металічны. Цв. 2.5—3. Шчыльн. 5,5—5,8 г/см³. Крохкі. Электраправодны. Паходжанне гіпергеннае, радзей гідратэрмальнае. Руда на медзь (гл. Медныя руды).

Хальказін.

т. 16, с. 533

ХАЛЬКАПІРЫ́Т (ад грэч. chalkos медзь + пірыт),

медны калчадан, мінерал класа сульфідаў, CuFeS2. Змяшчае да 34,6% медзі, да 30,5% жалеза, да 34,9% серы, часам прымесі марганцу, мыш’яку, серабра, золата, селену, індыю і інш.

Крышталізуецца ў тэтраганальнай сінганіі, вышэй 700 °C — у кубічнай. Утварае суцэльныя зярністыя масы, украпанікі, зрэдку тэтраэдрычныя крышталі. Колер латунна-жоўты. Бляск металічны. Цв. 3,5—4. Шчыльн. 4,1—4,3 г/см³. Крохкі. Паходжанне пераважна гідратэрмальнае, таксама магматычнае і кантактава-метасаматычнае, радзей экзагеннае. Руда на медзь (гл. Медныя руды).

Халькапірыт.

т. 16, с. 533

ХАЛЬКАФІ́ЛЬНЫЯ ЭЛЕМЕ́НТЫ (ад грэч. chalkos медзь + ...філія),

хімічныя элементы, якія знаходзяцца ў зямной кары (0,046% яе масы) і метэарытах пераважна ў форме сульфідаў (паводле класіфікацыі В.М.Гольдшміта). Складаюць пабочныя групы перыядычнай сістэмы элементаў. Да іх адносяцца 19 элементаў: cepa (S), медзь (Cu), цынк (Zn), галій (Ga), германій (Ge), мыш’як (As), селен (Se), серабро (Ag), кадмій (Cd), індый (In), волава (Sn), сурма (Sb), тэлур (Te), золата (Au), ртуць (Hg), талій (Tl), свінец (Pb), вісмут (Bi), палоній (Po). Маюць незавершаную знешнюю электронную абалонку і размяшчаюцца на ўчастках нарастання крывой атамных аб’ёмаў. Здольныя намнажацца ў пэўных умовах і ўтвараць рудныя радовішчы, пераважна гідратэрмальныя жыльныя; у асадкавых пародах — пластавыя рудныя паклады.

т. 16, с. 534

ХАЛЬМАХЕ́РА (Halmahera),

Джайлола, востраў у Інданезіі, самы вялікі ў складзе Малукскіх астравоў. Пл. каля 18 тыс. км². Мае складаную канфігурацыю (4 паўастравы веерападобна разыходзяцца ад цэнтра). Паверхня гарыстая, выш. да 1635 м (дзеючы вулкан Гамкунора). Клімат экватарыяльны. Т-ра на ўзбярэжжы 25—28 °C. Ападкаў 2—3 тыс. мм за год. Вечназялёныя трапічныя лясы. Трапічнае земляробства, плантацыі какосавай пальмы. Вываз каштоўнай драўніны, вострых прыпраў (гваздзіка, карыца і інш.). Порт — Джайлола.

т. 16, с. 534

ХАЛЬЦЫ́ДЫ (Chalcidoidea),

надсямейства паразітычных перапончатакрылых насякомых з групы наезнікаў. Паводле розных сістэм 19—27 сям., некалькі дзесяткаў тысяч відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі найб. пашыраны віды з роду трыхаграма.

Даўж. цела 0,2—10 мм. Афарбоўка зялёная, жоўтая або чорная з метал. адлівам. Жылкаванне крылаў рэдукаванае. Ёсць бяскрылыя формы. Вусікі каленчатыя, складаюцца з асобных членікаў (не больш за 16). У самак на канцы брушка яйцаклад. Лічынкі Х. бязногія, большасць з іх паразітуюць на інш. насякомых, некат. развіваюцца ў расл. тканках: утвараюць галы, пашкоджваюць костачкі сліў і вішань. Многія Х. выкарыстоўваюцца ў біял. барацьбе са шкоднікамі с.-г. раслін.

т. 16, с. 534