ХАЛЬКАПІРЫ́Т (ад грэч. chalkos медзь + пірыт),

медны калчадан, мінерал класа сульфідаў, CuFeS2. Змяшчае да 34,6% медзі, да 30,5% жалеза, да 34,9% серы, часам прымесі марганцу, мыш’яку, серабра, золата, селену, індыю і інш.

Крышталізуецца ў тэтраганальнай сінганіі, вышэй 700 °C — у кубічнай. Утварае суцэльныя зярністыя масы, украпанікі, зрэдку тэтраэдрычныя крышталі. Колер латунна-жоўты. Бляск металічны. Цв. 3,5—4. Шчыльн. 4,1—4,3 г/см³. Крохкі. Паходжанне пераважна гідратэрмальнае, таксама магматычнае і кантактава-метасаматычнае, радзей экзагеннае. Руда на медзь (гл. Медныя руды).

Халькапірыт.

т. 16, с. 533

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)