ХАЛЦЭДО́Н (грэч. chalkēdōn ад стараж.г. Халкедон у М. Азіі),
мінерал, скрытакрышталічная паўпразрыстая разнавіднасць кварцу, SiO2; гал. пародаўтваральны мінерал крэменяў, яшмы, крамяністых сланцаў. У саставе Х. вада (да 1,5%), прымесі аксідаў жалеза, алюмінію, марганцу, кальцыю і інш.
Утварае пражылкі, скарынкі. сталактыта- і гронкападобныя нацечныя агрэгаты. канкрэцыі і псеўдамарфозы па драўніне. Разнавіднасці: агат, онікс, сердалік, карнеол (чырвоны), сардэр (буры), хрызапраз (зялёны), сапфірын (блакітны, сіні), махавік (з зял. хларытам) і інш.Цв. 6,5—7. Шчыльн. 2,57—2.64 г/см³. Утвараецца пры нізкатэмпературным гідратэрмальным працэсе ў міндалінах эфузіваў, гідратэрмальных жылах, у асадкавых пародах і інш. Выкарыстоўваецца ў ювелірнай справе, таксама для вырабу лабараторнага посуду, у прыладабудаванні і інш.Гал. радовішчы ў Бразіліі, Уругваі, Індыі, Расіі і інш.