ХАЛЬЦЫ́ДЫ (Chalcidoidea),

надсямейства паразітычных перапончатакрылых насякомых з групы наезнікаў. Паводле розных сістэм 19—27 сям., некалькі дзесяткаў тысяч відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі найб. пашыраны віды з роду трыхаграма.

Даўж. цела 0,2—10 мм. Афарбоўка зялёная, жоўтая або чорная з метал. адлівам. Жылкаванне крылаў рэдукаванае. Ёсць бяскрылыя формы. Вусікі каленчатыя, складаюцца з асобных членікаў (не больш за 16). У самак на канцы брушка яйцаклад. Лічынкі Х. бязногія, большасць з іх паразітуюць на інш. насякомых, некат. развіваюцца ў расл. тканках: утвараюць галы, пашкоджваюць костачкі сліў і вішань. Многія Х. выкарыстоўваюцца ў біял. барацьбе са шкоднікамі с.-г. раслін.

т. 16, с. 534

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)