БАРБАШО́Ў Аляксандр Іпалітавіч
(1858—?),
рускі гісторык. Скончыў Пецярбургскі ун-т. Выкладаў у сярэдніх навуч. установах Пецярбурга. З 1886 магістр рус. гісторыі [дысертацыя «Вітаўт і яго палітыка да Грунвальдскай бітвы (1410 г.)», Спб., 1885]. Вывучаў унутр. і знешнюю палітыку Вітаўта, барацьбу народаў ВКЛ супраць Тэўтонскага ордэна. Шырока выкарыстоўваў бел.-літ. летапісы. Працы Барбашова скіраваны супраць польскай гістарыяграфічнай традыцыі ў вывучэнні гісторыі ВКЛ 14—16 ст. ВКЛ трактавалася ў іх як частка Рус. дзяржавы.
Тв.:
Витовт: Последние двадцать лет княжения 1410—1430. СПб., 1891.
Дз.У.Караў.
т. 2, с. 304
БАРБАШЫ́Н Яўген Аляксеевіч
(17.1.1918, с. Уінскае Пермскай вобл., Расія — 5.7.1969),
матэматык. Акад. АН Беларусі (1966), д-р фіз.-матэм. н., праф. (1951). Скончыў Уральскі ун-т (1940). З 1943 ва Уральскім політэхн. ін-це і Матэматычным ін-це АН СССР (Свярдлоўскае аддз.). З 1966 у Ін-це матэматыкі АН Беларусі, адначасова выкладаў у БДУ. Навук. даследаванні па дыферэнц. ураўненнях, тапалогіі і сучасных праблемах прыкладной матэматыкі. Распрацаваў эфектыўныя спосабы пабудовы функцый Ляпунова, тэорыю стабілізацыі сістэм з пераменнай структурай. Дзярж. прэмія СССР 1972.
Тв.:
Введение в теорию устойчивости. М., 1967;
Динамические системы с цилиндрическим фазовым пространством. М., 1969 (разам з В.А.Табуевай);
Функции Ляпунова. М., 1970.
Літ.:
Еругин Н.П., Красовский Н.Н. Е.А.Барбашин: (К 50-летию со дня рождения) // Дифференциальные уравнения. 1967. Т. 3, № 12.
т. 2, с. 304
БАРБАШЫ́НСКІ Андрэй Станіслававіч
(н. 4.5.1970, г. Ашмяны Гродзенскай вобл.),
бел. спартсмен (ручны мяч). Скончыў у Мінску школу алімп. рэзерву (1987). Алімп. чэмпіён (1992, Барселона), чэмпіён свету сярод юніёраў (1989), СССР (1989), бронзавы прызёр чэмпіянату свету (1991), у складзе клуба СКА (Мінск), уладальнік Кубка еўрап. чэмпіёнаў (1989), Кубка СССР (1989). Член зборнай каманды Беларусі з 1992.
т. 2, с. 304
БАРБ’Е́
(Barbier) Анры Агюст (29.4.1805, Парыж — 13.2.1882),
французскі паэт. Па адукацыі юрыст. Вядомасць прынёс зб. паліт. сатыры «Ямбы» (1831) пра падзеі Ліпеньскай рэвалюцыі 1830 у Францыі. Афарбаваныя трагізмам выкрывальныя вершы Барб’е з іх алегарычнасцю і метафарычным стылем распачалі рамант. этап у гісторыі франц. грамадз. паэзіі. Тэму нац.-вызв. руху распрацоўваў у цыкле элегій і санетаў «Плач» (1833) і ў санетах «Гераічныя сугучнасці» (1843). Аўтар зб-каў «Лазар» (1837) і «Камічныя сатыры» (1865). У канцы 1840-х г. прыйшоў да пропаведзі хрысціянскага ўсёдаравання. Перакладаў Дж.Бакачыо, У.Шэкспіра, С.Т.Колрыджа.
Тв.:
Рус. пер. — Избр. стихотворения. М., 1953.
Літ.:
Данилин Ю. Очерк французской политической поэзии XIX в. М., 1974.
т. 2, с. 304
БА́РБЕР
(Barber) Сэмюэл (9.3.1910, Уэст-Чэстэр, штат Пенсільванія, ЗША — 23.1.1981),
амерыканскі кампазітар. Скончыў Муз. ін-т Кёртыс у Філадэльфіі (1928), выкладаў у ім (1939—41). Выступаў як спявак і дырыжор. Сталыя творы Барбера спалучаюць рысы рамантызму і неакласіцызму. Асн. тв.: оперы «Ванеса» (1958), «Антоній і Клеапатра» (1966), камерная «Партыя ў брыдж» (1959); балет «Змяінае сэрца» (1946, 2-я рэд. 1947; на яго аснове арк. сюіта «Медэя»); кантата «Малітва К’еркегора» (1954); 2 сімфоніі; Адажыо для стр. арк.; канцэрты з арк. для фп., скрыпкі, віяланчэлі; камерна-інстр. ансамблі; саната для фп.; хары; цыклы песень на сл. Дж.Джойса і Р.М.Рыльке.
т. 2, с. 305
БАРБЕРЫ́НІ (Barberini) Рафаэль, італьянскі падарожнік 16 ст. У 1564 як прыватная асоба наведаў Маскву з рэкамендацыйным лістом ад англ. каралевы Лізаветы І да Івана IV Грознага. Вынікі паездкі выклаў у кнізе «Паведамленне аб Масковіі» (1565) у форме ліста да бацькі, дзе даў каштоўныя гіст. звесткі аб рас. гандлі, цэнах, гарадах, царскім і нар. побыце.
Тв.:
Рус. пер. — У кн: Сказания иностранцев о России в XVI и XVII в. СПб., 1843.
т. 2, с. 305
БАРБЕ́С
(Barbés) Арман (18.9.1809, г. Пуэнт-а-Пітр, в-аў Гвадэлупа — 26.6.1870),
французскі рэвалюцыянер. Член тайных арг-цый «Таварыства сем’яў» і «Таварыства пор года». За ўдзел у няўдалым паўстанні 12.5.1839 арыштаваны і засуджаны на пажыццёвае зняволенне. Вызвалены ў час рэвалюцыі 1848, абраны дэпутатам ад левых рэспубліканцаў. За ўдзел у дэманстрацыі 15.5.1848 супраць рэакц. палітыкі Устаноўчага сходу і стварэнне рэв. ўрада зноў засуджаны на пажыццёвае зняволенне. У 1854 амнісціраваны Напалеонам III, эмігрыраваў у Бельгію.
т. 2, с. 305
БАРБІЗО́НСКАЯ ШКО́ЛА,
група франц. жывапісцаў — майстроў рэаліст. пейзажа 1830—60-х г. Назва ад вёскі Барбізон каля Фантэнбло, дзе працавалі мастакі гэтай групы (Т.Русо, Ж.Дзюпрэ, Н.Дзіяз, Ш.Ф.Дабіньі, К.Труаён, Ш.Жак, Р.Банёр і інш.).
Аснова іх метаду — пейзаж з натуры. Насуперак акад. тэорыям яны адлюстроўвалі не мясціны, слынныя прыгажосцю, а звычайныя куткі роднага краю ў розныя поры года і сутак. Распрацавалі методыку танальнага жывапісу тонкімі валёрамі, светлавымі і колеравымі нюансамі (гл. Пленэр). Каларыт пейзажаў Барбізонскай школы няяркі, змякчаны карычневымі і шэрымі тонамі. На жывапісныя прыёмы Барбізонскай школы ўплывалі галанд. мастакі 17 ст. і англ. пейзажысты Дж.Констэбл і Р.Бонінгтан. Традыцыі Барбізонскай школы ў сваю чаргу паўплывалі на развіццё рэаліст. кірунку ў жывапісе інш. еўрап. краін.
Літ.:
Яворская Н.В. Пейзаж Барбизонской школы. М., 1962.
т. 2, с. 305
БАРБІТУ́РАВАЯ КІСЛАТА́,
маланілмачавіна, гетэрацыклічнае арганічнае рэчыва, C4H4N2O3, мал. м. 128,10. Бясколерныя крышталі, tпл 248 °C (з раскладаннем). Кіслотныя ўласцівасці абумоўлены таўтамерыяй. Сінтэзуюць з мачавіны і малонавай кіслаты.
Вытворныя барбітуравай кіслаты, што маюць алкільныя, цыклаалкільныя, арыльныя замяшчальнікі, наз. барбітуратамі. Яны прыгнечваюць ц. н. с., выкарыстоўваюцца як снатворныя, процісутаргавыя і наркатычныя сродкі. Пры працяглым ужыванні барбітуратаў арганізм прывыкае да іх; вял. дозы — смяротныя.
т. 2, с. 305