Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БАРАЦЬБА́,

від спорту, адзінаборства 2 спартсменаў паводле пэўных правілаў. Вядомая са старажытнасці ў многіх народаў. Існуюць шматлікія віды нац. барацьбы — азерб. гулеш, груз. гідаабан, тадж. гаўштан, узб. кураш, яп. джыу-джыцу, сумо і інш. На Беларусі былі пашыраны барацьба «да крыжа» і барацьба «на крыжы». Элементы некаторых відаў нац. барацьбы выкарыстаны ў сучаснай спарт. барацьбе. Найб. пашыраныя і прынятыя ў міжнар. спорце віды барацьбы: грэка-рымская (былая класічная), вольная, дзюдо, самба (гл. пра кожную асобны арт.). Яны з’яўляюцца алімпійскімі відамі спорту (акрамя самба), па іх праводзяцца сусв., еўрап. і рэгіянальныя першынствы. Удзельнічаюць мужчыны і жанчыны. Спаборніцтвы адбываюцца на спец. дыване (у дзюдо — татамі) пэўных памераў. Час паядынку абмежаваны, можа падзяляцца на некалькі перыядаў. Сутычкі праходзяць у «стойцы» або «партэры» (адзін з барцоў знаходзіцца на каленях, лежачы на грудзях ці на баку, на «мосце»). Спартсмены падзяляюцца паводле ўзроставых груп і вагавых катэгорый. У 1921 створана Міжнар. аматарская федэрацыя барацьбы (ФІЛА). На Беларусі першыя спаборніцтвы па барацьбе праведзены ў 1914 у Мінску т-вам «Санітас». У Мінску праходзілі чэмпіянаты свету і Еўропы па розных відах барацьбы, з 1970 праводзіцца буйны Міжнар. турнір па вольнай барацьбе на прызы А.В.Мядзведзя. У 1993 у Мінску створана добраахвотнае т-ва барцоў імя А.Караваева. Гл. таксама Адзінаборствы ўсходнія.

т. 2, с. 301

«БАРАЦЬБА́»,

газета Літоўска-Беларускага абл. к-та Камуніст. рабочай партыі Польшчы (КПРП). Выходзіла нелегальна з 15.8.1921 да снеж. 1922 у Вільні на бел. мове (асобныя матэрыялы друкавала на рус. і польск. мовах). Была разлічана на рабочых, сялян, с.-г. рабочых (парабкаў), парт. і камсамольскі актыў Зах. Беларусі. Асвятляла барацьбу працоўных Зах. Беларусі супраць сац. і нац. прыгнёту, жыццё ў БССР і Сав. Расіі. Вядома 10 нумароў.

т. 2, с. 301

«БАРАЦЬБА́»,

газета, орган ЦК КПЗБ. Выдавалася з кастр. 1932 да лют. 1933 у Берліне на бел. мове. Выходзіла нерэгулярна. Выйшла 5 нумароў. Была разлічана на зах.-бел. рэв. і камуніст. актыў, беларусаў-эмігрантаў, што жылі ў краінах Зах. Еўропы і ў Амерыцы. Выступала за сац. і нац. вызваленне і ўз’яднанне з БССР, у абарону дэмакр. арг-цый (ТБШ і інш.). Пісала пра рэв. выступленні ў Зах. Беларусі, бел. эміграцыю ў Францыі, Латвіі, асвятляла паліт. і эканам. становішча ў СССР і БССР. Вяла палеміку з кіраўнікамі Бел. хрысціянскай дэмакратыі і інш. партый. Спыніла існаванне пасля прыходу да ўлады ў Германіі Гітлера.

С.В.Говін.

т. 2, с. 301

«БАРАЦЬБА́»,

газета. Выдавалася ў 1944 падпольна на бел. мове Слонімскім антыфаш. к-там Баранавіцкай вобласці. Вядомы 2 нумары ад 19 і 28.6.1944.

т. 2, с. 301

БАРАЦЬБА́ ЗА ІСНАВА́ННЕ,

сукупнасць складаных узаемаадносін жывых арганізмаў паміж сабой і з навакольным асяроддзем, у выніку якіх выжываюць і пакідаюць патомства найб. прыстасаваныя асобіны. Асн. палажэнні тэорыі баорацьбы за існаванне распрацаваў англ. вучоны Ч.Дарвін (1859), які адзначыў вял. ролю гэтай з’явы ў эвалюцыі. Паводле Дарвіна, барацьба за існаванне — вынік, з аднаго боку, імкнення арганізмаў да бязмежнага размнажэння, з другога — абмежаванасці прыродных рэсурсаў, неабходных для існавання асобін дадзенага віду. Тэрмін «барацьба за існаванне» Дарвін прапаноўваў разумець у шырокім і метафарычным сэнсе: словам «барацьба» ён абазначаў канкурэнцыю, а словам «існаванне» — не толькі захаванне жыцця дадзенай асобіны, але і яе поспех ва ўзнаўленні патомства. Сав. вучоны І.І.Шмальгаўзен арацьбу за існаванне адносіў да гал. фактараў эвалюцыі. Асн. формы барацьбы за існаванне — гэта адносіны арганізмаў з фіз. ўмовамі жыцця, узаемаадносіны паміж асобінамі розных відаў (міжвідавыя), узаемаадносіны паміж істотамі аднаго віду (унутрывідавыя). Яны цесна пераплятаюцца паміж сабой. Важнейшай формай барацьбы за існаванне Дарвін лічыў унутрывідавую канкурэнцыю, паколькі асобіны аднаго віду маюць найб. блізкія жыццёвыя патрэбнасці. Вынікам барацьбы за існаванне на аснове спадчыннай зменлівасці арганізмаў з’яўляецца натуральны адбор, гал. фактар відаўтварэння. Сацыял-дарвінізм спрабаваў выкарыстаць канцэпцыю барацьбы за існаванне для тлумачэння і апраўдання супярэчнасцяў і канфліктаў у чалавечым грамадстве.

Літ.:

Современные проблемы эволюционной теории. Л., 1967;

Шмальгаузен И.И. Факторы эволюции. 2 изд. М., 1968;

Галл Я.М. Борьба за существование как фактор эволюции. Л., 1976.

С.Г.Беленькі.

т. 2, с. 302

БАРАЦЬБА́ ПРОЦІЛЕ́ГЛАСЦЯЎ,

гл. Адзінства і барацьба процілегласцяў.

т. 2, с. 302

БАРАЦЬБА́ «ДА КРЫЖА́»,

бел. народная спарт. гульня. Нагадвае вольную барацьбу. Барцам дазваляецца штурхаць адзін аднаго, рабіць падножкі, хапаць за ногі. Перамагае той, хто прыцісне саперніка спіной да зямлі і ўтрымае яго рукі, разведзеныя ў бакі.

т. 2, с. 302

БАРАЦЬБА́ «НА КРЫЖЫ́»,

бел народная старт. гульня. Нагадвае грэка-рымскую барацьбу. Праціўнікі абхопліваюць адзін аднаго, і той, хто паваліць саперніка на зямлю, — пераможца. Падножкі, штуршкі не дазваляюцца.

т. 2, с. 302

БАРАЦЬБІ́СТЫ,

украінская партыя левых эсэраў у 1918—20. Узнікла ў маі 1918 у выніку расколу Украінскай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Назва ад парт. газ. «Боротьба». З сак. 1919 наз. Укр. партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў-камуністаў, са жн. 1919 — Укр. камуніст. партыя (барацьбістаў). Прадстаўнікі барацьбістаў уваходзілі ў сав. ўрад Украіны, Усеўкр. рэўком. Выступалі за незалежнасць Украіны, нац. характар укр. рэвалюцыі і інш., вялі паліт. барацьбу з бальшавікамі, але па шэрагу пытанняў падтрымлівалі іх. Сац. базу партыі складалі сяляне і інтэлігенцыя. Кіраўнікі: В.М.Блакітны (сапр. Яланскі), Р.Ф.Грынько, А.П.Любчанка, І.В.Міхайлічэнка, А.Я.Шумскі. У 1920 левае крыло барацьбістаў дамаглося самароспуску партыі.

т. 2, с. 302

БАРА́ШКА Ілары

(Іларыён Мацвеевіч; 25.7.1905, Мінск — 3.6.1968),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1930), Кінаакадэмію ў Маскве (1938). У 1932—36 на кінастудыі «Белдзяржкіно» ў Ленінградзе. З 1924 друкаваў апавяданні, бытавыя абразкі, нарысы (зб-кі «У прасторы», 1926, «Камунары» і «На розныя тэмы», 1931, і інш.). Аўтар аповесці «Рыгор Галота» (1929), казак і апавяданняў для дзяцей, сцэнарыяў маст. і дакумент. фільмаў («Дняпро ў агні», 1937, з Р.Кобецам; «Георгій Скарына», 1963, і інш.).

Тв.:Блізкія далі: Апавяданні. Мн., 1959.

т. 2, с. 302