Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БАШТАВО́Й Віктар Рыгоравіч

(н. 4.5.1946, в. Мяжырычы Лебядзінскага р-на Сумскай вобл., Украіна),

бел. вучоны ў галіне цеплафізікі. Д-р фізіка-матэм. н. (1986), праф. (1987). Скончыў БДУ (1968). З 1968 у Ін-це цепла- і масаабмену АН Беларусі, з 1980 у Бел. політэхн. акадэміі. Навук. працы па кіраванні працэсамі энергапераносу ў магнітных вадкасцях з выкарыстаннем магнітных палёў. Распрацаваў тэорыю паверхнева-канвекцыйных і хвалевых з’яў у магн. вадкасцях.

Тв.:

Введение в термомеханику магнитных жидкостей. М., 1985 (разам з Б.М.Бяркоўскім, А.Н.Вісловічам).

т. 2, с. 367

БАШЫ́ЛАЎ Міхаіл Сяргеевіч

(3.1.1821, Жлобінскі р-н Гомельскай вобласці — 29.11.1870),

мастак. Скончыў Харкаўскі ун-т (1844). У 1859 адкрыў вячэрнія рысавальныя класы пры Кіеўскім ун-це. У 1866—70 інспектар Маскоўскага вучылішча жывапісу, скульптуры і дойлідства. Пісаў партрэты, палотны на бел. і ўкр. тэмы, ілюстраваў класічныя творы рус. (ілюстрацыі да камедыі А.Грыбаедава «Гора ад розуму», 1862) і ўкр. літаратур. Найб. вядомыя партрэты: бацькі (1838), С.Бяленкі, укр. пісьменнікаў І.Катлярэўскага і Р.Квіткі-Аснаўяненкі (1840-я г.), жанравыя карціны: «Прыйшло пісьмо ад сына» (1854), «Наймічка» (1857), «Селянін у бядзе» (1866).

т. 2, с. 367

БАШЫНДЖАГЯ́Н Геворк Захаравіч

(28.9.1857, г. Сігнахі, Грузія — 4.10.1925),

армянскі жывапісец-пейзажыст. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1879—83) у М.К.Клота.Зазнаў уплыў А.І.Куінджы. Працаваў у Тыфлісе. Лепшыя пейзажы прасякнуты эпічным адчуваннем прыроды, па-майстэрску перадаюць эфекты асвятлення («Бярозавы гай», 1883, «Севан у пахмурны дзень» (1897), «Возера Севан у летні дзень», 1903, «Арарат», 1912, «Севан у месячную ноч», 1914).

т. 2, с. 367

БАШЫ́РАЎ Гумер Башыравіч

(н. 7.1.1901, с. Янга-Сала Арскага р-на, Татарстан),

татарскі пісьменнік. Літ. дзейнасць пачаў у 1931 (апавяданне «Кроў Хашыма»), Збіраў і даследаваў тат. фальклор, які паўплываў на характар яго творчасці. У творах падзеі грамадз. і Вял. Айч. войнаў, жыццё вёскі (аповесці «Сіваш», 1937; «Родны край — зялёная мая калыска», 1967; зб-кі апавяданняў «Помста», 1942; «Гарманіст», 1943; раманы «Гонар», 1948, Дзярж. прэмія СССР 1951; «Добрай раніцы», 1963; «Сем крыніц Алтынбікэ», кн. 1—2, 1977—78.

т. 2, с. 367

БАЭ́ЦЫЙ

(Boethius, Boetius) Аніцый Манлій Севярын (каля 480, Рым — 524),

рымскі філосаф і дзярж. дзеяч. З арыстакратычнага роду Аніцыяў. Сенатар. Бліжэйшы саноўнік остгоцкага караля Тэадорыха; абвінавачаны ў змове супраць яго, зняволены ў турму і пакараны смерцю. Па сваіх філас. поглядах належаў да александрыйскага кірунку ў неаплатанізме. У гал. творы трактаце «Суцяшэнне філасофіяй» (напісаны ў зняволенні) сцвярджаў, што супакой можна знайсці толькі ў дабрадзейнасці, заклікаў страсці падпарадкоўваць розуму і з даверам ставіцца да вышэйшай Божай волі. На развіццё сярэдневяковай навукі і філасофіі значна паўплывалі яго пераклады (з каментарыямі) на лац. мову лагічных твораў Арыстоцеля. Баэцый лічыцца стваральнікам сярэдневяковай логікі і распрацоўшчыкам лагічнай тэрміналогіі на лац. мове. З яго імем звязана развіццё дыялектыкі як агульнай тэорыі ведаў, якая ўключае пытанне аб рэальнасці таго, што спасцігаецца ў агульных паняццях. Гэтае пытанне ўвайшло ў гісторыю як філас. праблема універсалій. Аўтар трактата «Аб музыцы», перакладаў на лац. мову «Арыфметыкі» Нікамаха, «Пачаткаў» Эўкліда, трактатаў па астралогіі і багаслоўі.

Тв.:

Рус. пер. — «Утешение философией» и другие трактаты. М., 1990.

Літ.:

Уколова В.Н. «Последнний римлянин» Боэций. М., 1987.

Н.К.Мазоўка.

т. 2, с. 367

БАЯВА́Я МАШЫ́НА ПЯХО́ТЫ

(БМП),

браніраваная машына мотастралковых войскаў (мотапяхоты) для перамяшчэння асабовага складу і вядзення бою. З’явілася ў 1960-я г. Сучасная БМП — гусенічная (радзей колавая) машына высокай праходнасці, звычайна плаваючая, выкарыстоўваецца для дэсантавання. Аснашчана фільтравентыляцыйнай устаноўкай, прыладамі начнога бачання і інш. Узбраенне: 20—30-мм аўтам. пушка, 1—2 кулямёты, часам процітанк. кіроўныя рэактыўныя снарады. Умяшчае 2—3 чал. экіпажу і 6—9 чал. стралкоў, якія могуць весці агонь праз амбразуры. Скорасць руху: гусенічных 65—75, колавых да 100, па вадзе 6—10 км/гадз. Ёсць на ўзбраенні армій многіх краін: напрыклад, у ФРГ — гусенічная «Мардэр», у ЗША — плаваючая гусенічная М-2 «Брэдлі».

т. 2, с. 367

БАЯВА́Я МАШЫ́НА РЭАКТЫ́ЎНАЙ АРТЫЛЕ́РЫІ,

самаходная шматзарадная пускавая ўстаноўка, звычайна залпавага агню. Складаецца з артыл. часткі (пакет накіравальных — рэек ці танкасценных трубаў, паваротная рама, механізмы наводкі і ўраўнаважвання, прыцэльныя прыстасаванні, пускавое абсталяванне) і самаходнага шасі высокай праходнасці.

Упершыню сав. эксперым. ўстаноўка БМ-13 (нар. назва «кацюша») выкарыстана ў Вял. Айч. вайну ў 1941 пад Оршай. Мела 16 накіравальных, калібр рэактыўных снарадаў 132 мм, маса 42,5 кг, далёкасць стральбы да 8,5 км. У час вайны выкарыстоўваліся таксама БМ-8, БМ-31. Пасля вайны распрацаваны БМ-14, БМ-24, БМД-20, БМ-21 і інш. Напрыклад, БМ-24 на шасі ЗІЛ-151 мае 12 накіравальных, турбарэактыўныя снарады калібру 240 мм, масай 110 кг, далёкасць стральбы да 11 км. У арміях замежных краін баявыя машыны рэактыўнай артылерыі на гусенічным ці аўтамаб. хаду, колькасць накіравальных ад 12 да 48, калібр снарадаў ад 110 да 240 мм, маса ад 36 да 310 кг, далёкасць стральбы да 30 км і болей. Сярод іх 110-мм 36-ствольная «Ларс» (ФРГ), 240-мм 12-ствольная MLRS (ЗША). Гл. таксама Артылерыя.

т. 2, с. 368

БАЯВА́Я ПАДРЫХТО́ЎКА,

сістэма навучання ваеннаслужачых, падраздзяленняў, часцей, злучэнняў, камандзіраў і штабоў узбр. сіл вядзенню баявых дзеянняў. Забяспечвае: набыццё тэарэт. ведаў і навыкаў баявых дзеянняў; баявую зладжанасць падраздзяленняў, часцей (караблёў) і злучэнняў. Праводзіцца на падставе загадаў міністра абароны, воінскіх статутаў, адпаведных інструкцый і праграм. Аснова баявой падрыхтоўкі — палявая (марская, лётная) вывучка, найважнейшая частка якой — тактычная падрыхтоўка (навучанне спосабам арганізацыі і вядзення бою; гл. таксама Тактыка).

т. 2, с. 368

«БАЯВА́Я ЎСКАЛО́СЬ»,

ілюстраваны часопіс. Выдаваўся ў ліп. 1949 — лют. 1950 у Зах. Германіі, у 1954—81 у Канадзе (Таронта) на бел. мове. Рэдактары М.Панькоў (1949—50), С.Хмара (1954—81). Орган літ. аб’яднання «Баявая ўскалось» (засн. ў 1949), створанага членамі нелегальнай аднайменнай літ. арг-цыі Зах. Беларусі (засн. ў 1937). Выказваўся за адзінства бел. культуры, незалежна ад месца пражывання яе творцаў, друкаваў творы бел. пісьменнікаў, што жылі ў эміграцыі, у БССР і на Беласточчыне, зах.-бел. рэв. паэзію, хроніку, кнігапіс і інш. Абапіраўся на ідэйную традыцыю Бел. сялянска-работніцкай грамады. Выйшла 18 нумароў.

Ю.Туронак.

т. 2, с. 368

БАЯВЫ́Х СЯКЕ́Р КУЛЬТУ́РА,

адна з назваў археал. шнуравой керамікі культуры.

т. 2, с. 368