Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БАХР-ЭЛЬ-ДЖЭ́БЕЛЬ,

Эль-Джэбель, арабская назва р. Ніл у Паўд. Судане (ад упадзення справа р. Асва да вусця левага прытока р. Эль-Газаль).

т. 2, с. 359

БА́ХТА Рыгор, бел. пісьменнік і перакладчык 1-й пал. 20 ст. У канцы 1920-х г. настаўнічаў у мяст. Любонічы Кіраўскага р-на Магілёўскай вобласці. З 1930 на Бабруйскім дрэваапр. камбінаце. З 1932 стыль-рэдактар Дзярж. выд-ва Беларусі. У літ. дадатку «Вясна» да газ. «Камуніст» і ў альманаху «Уздым» (Бабруйск, 1928—29) друкаваў апавяданні пра вясковае жыццё, 1-ю сусв. вайну («Падарунак на пазіцыі», «Дзед Пакута і бабка Вулюта», «Пракараў»). Пераклаў на бел. мову раманы Г.Караваевай «Двор» (1931), А.Вясёлага «Краіна родная» (1932), аповесці М.Ціханава «Ад мора да мора» (1931), І.Лэ «Міжгор’е» (1932), К.Паўстоўскага «Кара-Бугаз» (1933), А.Дончанкі «Зорная крэпасць» (1933) і інш.

т. 2, с. 359

БАХТАРА́Н

(да 1985 Керманшах),

горад на З Ірана. Адм. ц. астана (адм. адзінка) Бахтаран. 561 тыс. ж. (1986). Гандлёва-трансп. цэнтр. Аэрапорт. Перапрацоўка нафты (з радовішча Нефтшах). Харч. (у тым ліку цукровая), тэкст., гарбарная, цэм. прам-сць. Ткацтва дываноў. Ун-т.

т. 2, с. 359

БАХУКЕЛА́Т,

заказнік на ПдУ Ірана, каля граніцы з Пакістанам, на прыбярэжнай раўніне Гермсір. Засн. Ў 1971. Пл. 395 тыс. га. Месцы росту веернай і фінікавай пальмаў, зараснікі тамарыску, акацый, мангравая і галафітная расліннасць. Ахова балотнага кракадзіла, шэрага варана, зялёнай марской чарапахі; трапляюцца джэйран, мангуст. Месца жыхарства і гнездавання шматлікіх (каля 200) відаў птушак.

т. 2, с. 359

БА́ХУС

(лац. Bacchus, грэч. Backhos),

адно з імёнаў бога вінаградарства і вінаробства Дыяніса.

т. 2, с. 359

БАХЦІ́Н Міхаіл Міхайлавіч

(17.11.1895, г. Арол, Расія — 7.3.1975),

рускі літаратуразнавец, тэарэтык мастацтва. Скончыў Петраградскі ун-т. Займаўся пед. і літ. дзейнасцю. Гіст.-тэарэт. даследаванні Бахціна прысвечаны эпасу, раману, маст. форме, зместу і мове твораў. Даследаваў поліфанічны характар раманаў Ф.М.Дастаеўскага («Праблемы паэтыкі Дастаеўскага», 4-е выд., 1979), творчасць Л.М.Талстога, нар. культуру сярэднявечча («Творчасць Франсуа Рабле...», 1965).

т. 2, с. 359

БАХЧАВО́ДСТВА,

галіна раслінаводства, занятая вырошчваннем кавуноў, дыняў, гарбузоў і інш. Развіта пераважна ў раёнах паміж 50° паўн. ш. і 35° паўд. ш., найбольш у Расіі (Ніжняе Паволжа, Паўн. Каўказ), на Украіне (стэпавая частка), у ЗША (паўд. раёны), Індыі, Кітаі, краінах Міжземнамор’я, Бразіліі, Мексіцы, Японіі, краінах Сярэдняй Азіі, Малдове і інш. На Беларусі выспяваюць асобныя сарты дыняў, кавуноў, гарбузоў, кабачкоў, патысонаў. Сярэдні ўраджай дыняў 6—9, кавуноў 10—30, гарбузоў да 150 т/га. Гл. таксама Бахчавыя культуры.

т. 2, с. 359

БАХЧАВЫ́Я КУЛЬТУ́РЫ,

група культурных раслін сямейства гарбузовых якія вырошчваюцца на харчовыя, кармавыя і тэхн. мэты. Да іх належаць кавун, дыня, гарбуз. Паходзяць з трапічных і субтрапічных краін Азіі, Афрыкі і Амерыкі. Вырошчваюць на ўсіх кантынентах. На Беларусі культывуюць гарбузы і іх разнавіднасці — кабачкі і патысоны, на Пд у аматарскіх пасевах, часцей у цяпліцах і на ўцепленым грунце, вырошчваюць дыні і кавуны. Найб. высокія ўраджаі бахчавыя культуры даюць на цалінных землях і аблогах, пасля шматгадовых траў. Бахчу размяшчаюць на багатых перагноем лёгкіх урадлівых глебах. Плады дыні і кавуна спажываюць свежыя, з іх гатуюць кавуновы (нардэк) і дынны (бекмес) мёд, вяленую дыню, варэнне, цукаты і інш., гарбузы спажываюць тушаныя, печаныя, кансерваваныя. Кармавыя кавуны і гарбузы — корм для жывёлы. З насення атрымліваюць алей.

т. 2, с. 359

БАХЧЫСАРА́Й,

горад на Украіне, цэнтр Бахчысарайскага р-на ў Рэспубліцы Крым, у даліне р. Чуруксу. 25 тыс. ж. (1993). Чыг. станцыя. Прадпрыемствы харч. прам-сці, вытв-сць будматэрыялаў.

Вядомы з 1502. Да 1783 сталіца Крымскага ханства. У Бахчысараі заключана Бахчысарайскае перамір’е 1681. У рус.-тур. вайну 1735—39 захоплены рус. войскамі, разбураны. У 1783 далучаны да Расіі (разам з Крымам), уваходзіў у Новарасійскую, з 1802 у Таўрычаскую губ. У 1918—54 у складзе РСФСР, з 1954 — Украіны.

Помнікі архітэктуры: Ханскі палац (16 ст., перабудаваны ў 1787, цяпер Гіст.-археал. музей), які ўключае т.зв. «Пасольскія дзверы» (1503, арх. Алевіз Фразін), фантанны дворык з «залатым фантанам» (1737) і «фантанам слёз» (1764, іранскі майстар Амер), мячэць (1740), шматлікія залы і альтанкі. У наваколлі Бахчысарая — пячорны Успенскі манастыр з царквой (14 ст.), келлямі (15—16 ст.); пячорныя гарады Эскі-Кермен, Тэпэ-Кермен і Чуфут-Кале (Кырк-Ор; цяпер археал. запаведнік) з абарончымі сценамі і брамамі, маўзалеем Джаніке-ханым (15 ст.), вял. (14 ст.) і малой (18 ст.) караімскімі кенасамі (малельнымі дамамі), пячорным жыллём (5—14 ст.).

Літ.:

Хоменко В.Н. Бахчисарай: Ист.-архитектурный музей: Фотоальбом. Киев, 1983.

т. 2, с. 359

БАХЧЫСАРА́ЙСКАЕ ПЕРАМІ́Р’Е 1681,

заключана паміж Расіяй, Турцыяй і Крымскім ханствам 23 студз. ў г. Бахчысарай тэрмінам на 20 гадоў. Спыніла малавыніковую для варагуючых бакоў рус.-тур. вайну 1676—81. Паводле перамір’я дзярж. граніца паміж Расіяй і Турцыяй вызначана па р. Дняпро; за Расіяй пакідаліся гарады Кіеў, Васількоў, Трыполле (цяпер Абухаў), мястэчкі Дзедаўшчына і Радамышль; частка Кіеўшчыны, Брацлаўшчыны і Падолле пераходзілі пад пратэктарат Турцыі. Парушана і зноў адноўлена ў 1683. Анулявана Расіяй у 1686.

т. 2, с. 359