БАТЫ́Й,
Бату, Сан-хан Саін-хан (1208—1255), мангольскі хан, военачальнік. Сын Джучы, унук Чынгісхана. Кіраваў улусам Джучы з 1227. У 1236 захапіў Дэшт-і-Кіпчак. У 1237—43 узначаліў паход ва Усх. Еўропу: у 1237—40 заваяваў Паўн.-Усх. і Паўн.-Зах. Русь, у 1241—42 уварваўся ў Польскую Галіцыю, Венгрыю і Далмацыю. Аслаблены барацьбой з рус. княствамі вясной 1242 быў вымушаны адступіць на ўсход. У 1243 у нізоўях Волгі заснаваў феад. дзяржаву Залатая Арда са сталіцай Сарай-Бату (каля Астрахані). Удзельнічаў у перавароце ў Манг. імперыі (1251), калі ўлада перайшла да Мункэ.
т. 2, с. 352
БА́ТЫК
(малайскае),
тэхніка размалёўкі тканін, а таксама шматколерная тканіна, аздобленая гэтай тэхнікай. Фон тканіны ўкрываюць непранікальным для фарбы саставам (пры «гарачым» батыку — разагрэтым воскам, пры «халодным» — гумавым клеем), і раствор афарбоўвае толькі не ўкрытыя лініі ці плоскасці малюнка. Іншыя колеры наносяць паэтапна афарбоўкай пасля зняцця частак васковага ўкрыцця. «Гарачы» батык здаўна вядомы ў народаў Інданезіі. На Беларусі тэхнікай батыку карысталіся з 18 ст. на ткацкіх мануфактурах кн. Радзівілаў у Міры і Карэлічах для вырабу палатняных шпалераў, якімі абівалі пакоі палацаў. Бел. мастакі выкарыстоўваюць батык з пач. 1930-х г. У тэхніцы «гарачага» батыку мастакі ствараюць буйнамаштабныя творы для грамадскіх інтэр’ераў, сюжэтна-тэматычныя і дэкаратыўныя пано для жылых інтэр’ераў. З 1970-х г. у тэхніцы «халоднага» батыку аздабляюць хусткі, шалікі, купоны для сукенак і блузак на Гомельскім камбінаце быт. паслуг, Мінскай ф-цы маст. галантарэі, Бабруйскай галантарэйнай ф-цы, па эскізах В.Дзёмкінай, С.Абрамовіч, Т.Паплаўскай.
Літ.:
Корюкин В.Н. Батик: Худож. оформление тканей. Л., 1968.
М.М.Яніцкая.
т. 2, с. 352
БАТЫМЕТРЫ́ЧНЫЯ КА́РТЫ
(ад грэч bathys глыбокі і metreō вымяраю),
адлюстроўваюць падводны рэльеф пры дапамозе ізабатаў разам з адзнакамі глыбіняў. Афарбоўка падводнага рэльефу даецца ў адпаведнасці са ступенямі вышыняў. Служаць асновай фізіка-геагр. раянавання і спец. картаграфавання вадаёмаў. Выкарыстоўваюцца пры разведцы карысных выкапняў, планаванні рыбнага промыслу і як дапаможнікі ў навігацыі.
т. 2, с. 352
БАТЫПЛА́Н
(ад грэч. bathys глыбокі + план),
апарат для падводных назіранняў. Буксіруецца за караблём спец. кабель-тросам і кіруецца назіральнікам з дапамогай рулявога прыстасавання. Паводле прынцыпу дзеяння — «падводны планёр» з пастаяннай лішкавай плывучасцю (спушчаны на ваду плавае на паверхні, пры буксіроўцы апускаецца ў ваду пад дзеяннем гідрадынамічных сіл). Батыплан забяспечваецца сістэмай узнаўлення паветра, ілюмінатарамі, пражэктарамі, фота- і кіназдымачнай апаратурай і інш. Выкарыстоўваецца для падводнай фота- і кіназдымкі, назірання за паводзінамі рыбы ў касяках і інш.
т. 2, с. 352
БАТЫ́Р,
бахадур (цюрк.-манг.), ганаровае званне ў цюркаў і манголаў, якое давалася за воінскія подзвігі. З батыраў фарміравалася феад. знаць. Тэрмін «батыр» з’явіўся не пазней як у 6 ст., шырока распаўсюджаны ў фальклоры і побыце цюрк. Народаў.
т. 2, с. 353
БАТЫРА́Й
(1831, с. Урахі, Дагестан — 1910),
даргінскі паэт. Адзін з пачынальнікаў рэаліст. кірунку ў дагестанскай л-ры. Аўтар цыклаў вершаў-песень «Пра жыццё», «Пра героя», «Пра каханне» (выд. 1928). Стварыў вобразы мужных людзей, выступіў у абарону бяспраўнай жанчыны.
т. 2, с. 353
БАТЫСКА́Ф
(ад грэч. bathys глыбокі + skaphos судна, лодка),
самаходны глыбакаводны апарат. Складаецца з корпуса-паплаўка, запоўненага лёгкай вадкасцю, напрыклад спец. бензінам са шчыльн. да 500 кг/м³, цыстэрны з баластам, акумулятарнай батарэі і назіральнай кабіны — батысферы, дзе знаходзіцца экіпаж і спец. апаратура. Звонку батыскафа ўстаноўлены электрарухавікі з грабнымі вінтамі. Апусканне на глыбіню і ўсплыванне батыскафа рэгулююцца баластам. Выкарыстоўваецца для гідрафіз., біял., геал. і інш. даследаванняў марскіх глыбіняў. Першы батыскаф пабудаваны і выпрабаваны швейц. вучоным А.Пікарам у 1948. У 1960 яго сын Ж.Пікар дасягнуў глыбіні каля 11 км (Марыянскі жолаб у зах. частцы Ціхага ак.).
т. 2, с. 353
БАТЫ́СТ
(франц. batiste),
тонкая, паўпразрыстая тканіна з ільняной або баваўнянай пражы палатнянага перапляцення. Выпускаецца адбелены, мерсерызаваны (гл. Мерсерызацыя), гладкафарбаваны і набіўны. З батысту шыюць жаночую бялізну, лёгкае адзенне.
т. 2, с. 353
БАТЫСТЫ́НІ
(Battistini) Матыа (27.2.1856, Рым — 7.11.1928),
італьянскі спявак (барытон), майстар бельканта. Спяваў на оперных сцэнах Італіі і інш. краін. Неаднаразова бываў у Расіі. Яго творчасць — адна з вяршыняў вак. мастацтва 19 ст. Выконваў гал. партыі ў операх італьян., інш. зах.-еўрап і рускіх кампазітараў («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага, «Дэман» А.Рубінштэйна, «Руслан і Людміла» М.Глінкі).
т. 2, с. 353